top of page

Альтэрнатыва Лукашэнку


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

10 студзеня ў Варшаве ў пасольстве Канады адбыўся брыфінг Аб'яднанага Пераходнага Кабінета для паслоў, часовых павераных у справах, намеснікаў паслоў усіх краін-членаў ЕС, а таксама Аргенціны, Вялікабрытаніі, Канады, Чылі, Японіі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. У відэа можна азнаёміцца з тэзісамі, якія былі агучаны мной замежным дыпламатам.

У мяне часта запытваюцца, што матывуе мяне не здавацца і працягваць барацьбу. У што я веру, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі з кожным днём пагаршаецца.

Я б мог расказаць вам пра гэта ў дэталях і змрочных фарбах. Але замест гэтага агучу некалькі лічбаў, якія кажуць самі за сябе. Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», па выніках 2023 года ў Беларусі ў зняволенні знаходзіцца 1430 афіцыйна прызнаных палітвязняў. 745 былых палітвязняў, якія цалкам адседзелі свае тэрміны. Не менш за 48 палітвязняў — пенсіянеры. Не менш за 42 — людзі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. За мінулы год двое палітвязняў памерлі ў турме: Алесь Пушкін і Мікалай Клімовіч. Раней у турме памёр Вітольд Ашурак. Ёсць і выпадкі самагубстваў.

Але гэта не ўсё. Па дадзеных справаздачы Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub, з мая 2020 года па май 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што адбываецца ў Беларусі. Кожны дзень.

Дык у што ж я веру, ведаючы, што ўсе гэтыя лічбы працягваюць расці, што злачынствы супраць беларускага народа не спыняюцца ні на дзень? Адкажу — веру ў міжнароднае права і адказнасць. І менавіта гэта ляжыць у аснове той стратэгіі, у рамках якой мы працягваем дзейнічаць і якую ўсе гэтыя гады мы прапануем нашым міжнародным партнёрам.

Лукашэнка і яго памагатыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, каб грамадства ўбачыла не толькі доўгачаканую справядлівасць, але і альтэрнатыву таму стану, у які пагрузіў краіну Лукашэнка. Альтэрнатыву стану татальнага самавольства дыктатуры, беззаконня і прававога дэфолту.

Як жа стварыць гэтую альтэрнатыву і зрабіць яе асновай агульнай стратэгіі Захаду па Беларусі?

  1. Міжнародны пераслед. Неабходна выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. І тут у нас ёсць адразу два віды злачынстваў, учыненых дыктатарам, якія могуць стаць падставай для выдачы такога ордэра Міжнародным крымінальным судом: злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў і ваенныя злачынствы.

  2. Санкцыі, як інструмент адказнасці. Неабходна рабіць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і сур'ёзна ўзмацняць кантроль над іх выкананнем. Адной з мер, якія мы прапануем, з'яўляецца прыняцце новага магутнага праваабарончага пакета ў дачыненні да тых сектараў эканомікі і тавараў, пры вытворчасці якіх выкарыстоўваецца праца палітвязняў. Важным з'яўляецца гарманізацыя эканамічных санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі за вайну супраць Украіны.

  3. Міжнароднае прызнанне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Неабходна падтрымаць палітычную альтэрнатыву нелегітымнаму рэжыму Лукашэнкі. І працягнуць непрызнанне і ізаляцыю Лукашэнкі і ягонага ўрада.

  4. Альтэрнатыва «рускаму свету» — еўрапейская перспектыва для Беларусі. Наш геапалітычны выбар, выбар дэмакратычных сіл — Еўрапейскі саюз. Я заклікаю падтрымаць гэты выбар, працягнуўшы пашыраць і ўзмацняць супрацоўніцтва інстытутаў ЕС з дэмакратычнымі сіламі.

Comentários


bottom of page