Беларускія дранікі як сусветная культурная спадчына
- Admin of the NAM

- Mar 5
- 3 min read

З'явілася навіна аб тым, што ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА прапануецца ўнесці дранікі
Італьянская піцца ці французскі багет — усе мы ведаем гэтыя стравы. Абедзве — вядомыя на ўвесь свет, а тэхналогія іх прыгатавання ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА — спіс аб’ектаў, якія з’яўляюцца сусветным здабыткам. Побач з імі ў спісе сусветнай культурнай спадчыны маглі б апынуцца і беларускія дранікі.
Хто з нас не каштаваў дранікаў, праўда? Аказваецца, што стравы з бульбы — шырокая і папулярная тэма. Больш за тое, аналагі дранікаў — іншыя, але ўсё ж аналагі — існуюць у кухнях многіх краін. Напрыклад, у Польшчы — placki ziemniaczane, у Літве — bulviniai blynai («бульбяныя бліны»), ва Украіне — дэруны. Падобныя стравы з бульбы ёсць нават у нямецкай і швецкай кухнях.
Аднак беларускія дранікі — асаблівыя. Яны адрозніваюцца не толькі назвай, але і традыцыямі, звязанымі з іх прыгатаваннем — і гэта робіць іх адным з цэнтральных аб’ектаў беларускай нацыянальнай кухні. У Беларусі існуе не менш за 200 народных рэцэптаў, а шырокі распаўсюд страва атрымала ў канцы XIX стагоддзя.
Калі я працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЭСКА, у мяне з’явілася ідэя: унесці нацыянальную беларускую страву — дранікі — у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. ЮНЭСКА займаецца захоўваннем і развіццём багацця сусветнай культурнай разнастайнасці. Багацце сусветнай культуры акурат у тым, што яна мае шмат колераў. І беларуская культура — гэта адзін з колераў.
Я падрыхтаваў лісты з абгрунтаваннем пашырэння аб’ектаў культурнай спадчыны ў Беларусі, у тым ліку на ўзроўні абласцей. Сярод іншага ў лістах вялася размова і пра беларускія дранікі. Адпаведныя лісты я накіраваў і віцэ-прэм’еру Анатолю Тозіку, і першаму намесніку кіраўніка адміністрацыі Аляксандру Радзькову. Пазней пісаў і міністру замежных спраў Уладзіміру Макею. У той час Макей стаў старшынёй нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА — і ён тады спытаўся ў мяне, ці варта ісці на гэтую пасаду. Макей атрымаў станоўчы адказ. Я быў перакананы, што гэты надзвычай важна, бо супраца з ЮНЭСКА дапаможа падкрэсліць вагу, якую мае наша дзяржава ў галіне культуры, у культурніцкім супрацоўніцтве. І Макей пагадзіўся з гэтым тэзісам.
Па яго ініцыятыве як старшыні нацыянальнай камісіі мы двойчы праводзілі нарады ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, каб падштурхнуць справу з супрацоўніцтвам з ЮНЭСКА як па тэме матэрыяльных, так і нематэрыяльныых аб’ектаў у Беларусі. Сёння, напрыклад, у спісе культурнай спадчыны мы маем усім вядомыя Мірскі замак, Нясвіжскі замак, геадэзічную дугу Струвэ. Але такіх аб’ектаў магло б быць значна больш — у нас ёсць каштоўныя гістарычныя і культурныя здабыткі, якімі мы можам ганарыцца і якія б маглі стаць не толькі нацыянальнай, але і сусветнай спадчынай.
Але вернемся да дранікаў. Як пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЭСКА і пасол Беларусі ў Францыі я звярнуўся і да тагачаснага міністра культуры Барыса Святлова з прапановай ініцыяваць унясенне дранікаў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэтае пытанне даручылі весці намесніку міністра культуры Аляксандру Яцко.
Памятаю, што вельмі доўга чакаў адказ на гэты ліст. І гэта было дзіўна: былы міністр культуры спрабаваў датэлефанавацца, падштурхнуць міністэрства, каб яны пачалі штосьці рабіць — а яны супраціўляліся. Яцко месяцамі не мог зняць слухаўку, калі яму званіў былы міністр, прадстаўнік Беларусі пры ЮНЭСКА. Я мог датэлефанавацца да кожнага міністра ў краіне, да прэм’ер-міністра ці віцэ-прэм’ера. Але вось з намеснікам міністра культуры — ніяк не атрымлівалася паразмаўляць, выйсці на сувязь. І толькі праз працяглы час ён усё ж адважыўся даць пісьмовы адказ.
І ведаеце, што ў ім было напісана? Аказваецца, дранікі ёсць і ў іншых краінах, а таму страва не належыць беларусам і не варта яе ўключаць у спіс нашай спадчыны. Такія фармулёўкі мяне раззлавалі: гэта што, і тут мы, беларусы, гатовыя адмовіцца ад свайго, нацыянальнага? Гэта быў незразумелы мне падыход і справу тады прасунуць не ўдалося. Але ж спадзяюся, што ўсё ж такі надыдзе час і побач з італьянскай піццай і фрацузскім багетам з’явяцца і беларускія дранікі ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
Мы маем цудоўную страву нацыянальнай кухні — дранікі. І адмаўляцца ад свайго не варта. Нашай спадчынай, нашай культурай і традыцыямі мы багатыя. І гэта робіць нас, беларусаў, адметнымі.


Comments