top of page

Беларусы Падляшша гатовыя рабіць унёсак у будучыню дэмакратычнай Беларусі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Вырашэнне актуальных праблем беларусаў за мяжой у фокусе ўвагі дэмакратычных сіл Беларусі. Працягваецца рабочая паездка намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі ў Падляскае ваяводства.

16 студзеня адбылася сустрэча з новым ваяводам Падляскага ваяводства Яцэкам Бжазоўскім — прадстаўніком урада Польшчы ў дадзеным рэгіёне краіны. Падчас сустрэчы Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне праблемных пытанняў легалізацыі беларусаў, якія вымушана пакідаюць тэрыторыю Беларусі і цяпер пражываюць у Польшчы. Гэтыя пытанні закранаюцца беларусамі падчас сустрэч з прадстаўнікамі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і каманды НАУ.

Падчас сустрэчы акцэнтавана ўвага на:

  • пытаннях апастылявання дакументаў, у тым ліку магчымасці выкарыстання дамовы аб прававой дапамозе з мэтай пазбегнуць неабходнасці прастаўлення апастылю на дакументах, якія прадастаўляюцца ў органы дзяржаўнай улады і кіравання Польшчы;

  • праблемах з выдачай польскага праязнога дакумента (dokument podróży) і падаўжэнні яго тэрміну дзеяння да 3 гадоў, а таксама магчымасці выдачы дадзенага дакумента для дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Польшчы;

  • афармленні запрашэнняў ад грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, для атрымання польскіх віз;

  • пытаннях беларускамоўнай адукацыі ў ваяводстве для беларускай этнічнай меншасці і дыяспары, функцыянаванні ліцэяў з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску Падляскім, а таксама магчымасці стварэння беларускамоўных школ выхаднога дня для беларускіх дзяцей;

  • пытаннях функцыянавання Цэнтра беларускай культуры, які ствараецца ў Беластоку;

  • пытаннях функцыянавання польска-беларускай мяжы, у тым ліку ў кантэксце правядзення рэжымам Лукашэнкі гібрыднай вайны з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў у дачыненні да краін-членаў Еўрапейскага саюза, якія з'яўляюцца суседзямі Беларусі.

Дасягнута дамоўленасць з ваяводам Падляскага ваяводства аб прыняцці на яго ўзроўні неабходных дзеянняў з мэтай вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у беларусаў. Адначасова з гэтым абагульнены матэрыял будзе накіраваны ў працоўную групу, створаную паміж Міністэрствам унутраных спраў Польшчы і Аб'яднаным Пераходным Кабінетам, для выпрацоўкі рашэнняў праблемных пытанняў.

Павел Латушка падчас сустрэчы падзякаваў за канструктыўнае стаўленне ўладаў рэгіёну да праблем беларусаў і падтрымкі беларускай этнічнай меншасці, а таксама адзначыў гатоўнасць Аб'яднанага Пераходнага Кабінета працягваць супрацоўніцтва. Павел Латушка адзначыў, што новыя дэмакратычныя ўлады ў Беларусі зробяць усё магчымае для забеспячэння правоў польскай этнічнай меншасці ў Беларусі, іх права на вывучэнне польскай мовы і развіццё польскай культуры ў адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі.

Павел Латушка таксама правёў сустрэчы з Архіепіскапам Беластоцкім і Гданьскім Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Якавам; кіраўніцтвам Беларускага саюза ў Польшчы, які прадстаўляе беларускую этнічную меншасць; кіраўніцтвам «Радыё Рацыя» і тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва»; вядомымі прадстаўнікамі беларускай этнічнай меншасці Яўгенам Вапам, Алегам Латышонкам, арганізатарам фестывалю «Тутака» Паўлам Станкевічам і дырэктарам Цэнтра беларускай культуры Анатолем Вапам.

Напярэдадні ў беларускім хабе «Новая Зямля» таксама адбылася двухгадзінная сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Беластоку, у межах якой Павел Латушка адказаў на пытанні пра ўнутраную сітуацыю ў Беларусі, выбары ў Каардынацыйную Раду, дапамогу і вызваленне палітвязняў, санкцыйны ціск і іншыя пытанні.

Важна адзначыць, што ў ходзе сустрэчы беларусы ў першую чаргу закранулі пытанні магчымых дзеянняў з іх боку для таго, каб змяніць сітуацыю ўнутры Беларусі і спрыяць больш хуткаму вяртанню на Радзіму. Гэта падкрэслівае матывацыю беларускай дыяспары, якая пражывае ў Падляскім рэгіёне, да садзейнічання дэмакратычным зменам у Беларусі.

Commentaires


bottom of page