top of page

Беларусь — адзін з галоўных выклікаў у рэгіёне


Канферэнцыя ў Варшаве

«Масты для беларусаў, муры для рэжыму» — адзначыў на варшаўскай канферэнцыі па Усходняй Еўропе намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага упраўлення Павел Латушка.

У Варшаве адбылася канферэнцыя на тэму «Будучыня Беларусі: забыты фронт расійскай экспансіі», на якой абмяркоўваліся галоўныя выклікі нашага рэгіёна. На канферэнцыі прысутнічалі эксперты з Беларусі, Літвы, Польшчы, ЗША і Украіны.

Павел Латушка прадставіў даныя аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі. Колькасць афіцыйна прызнаных палітвязняў складае больш за 1400 чалавек. Паводле меркавання праваабаронцаў, рэальная колькасць палітвязняў можа быць у тры, а то і ў чатыры разы большая.

У кантэксце рэгіянальнай бяспекі Павел Латушка паказаў, як Лукашэнка працягвае разбураць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Так званая «інтэграцыя» з Расіяй у межах Саюзнай дзяржавы набліжаецца да крытычнага ўзроўню. Палітычны і вайсковы кантроль над Беларуссю ўсё больш перадаецца ў рукі Расіі, ад рэсурсаў якой зараз поўнасцю залежыць існаванне яго рэжыму.

Кіраўнік НАУ таксама назваў галоўныя памылкі ў падыходзе заходніх краін адносна рэжыму Лукашэнкі. Стратэгія «не злаваць дзеда», не ціснуць на Лукашэнку, з’яўляецца бессэнсоўнай. Яна прывяла нас у кропку крытычнай сітуацыі як унутры Беларусі, так і на межах з Украінай і ЕС. Лукашэнка ўжо зрабіў практычна ўсё, на што яго баяліся справакаваць. Найбольшую колькасць пагроз ён стварыў менавіта у той перыяд, калі яго практычна не чапалі. Баючыся «заштурхаць Лукашэнку ў абдымкі Расіі», Захад у выніку проста назірае за абдымкамі Пуціна і Лукашэнкі.

Павел Латушка на канферэнцыі запрапанаваў канкрэтныя крокі па падтрымцы беларусаў:

  • візавая падтрымка для беларусаў, каб умацоўваць, а не разбураць нашыя сувязі з Еўропай і Захадам;

  • неабходнасць павелічэння падтрымкі незалежных СМІ і дэмакратычных інстытутаў, без якіх немагчыма разлічваць на еўрапейскую дэмакратычную Беларусь;

  • сціранне «чырвоных ліній» адносна Лукашэнкі, якія ён даўно перайшоў, — гарманізацыя санкцый адносна яго рэжыму і Расіі, выдача ордэра на арышт Лукашэнкі.

«Большасць беларусаў па-ранейшаму выступае за дэмакратыю і супраць вайны. Менавіта падтрымка беларусаў, узмацненне іх суб'ектнасці — гэта тое, што павінна быць асновай стратэгіі па Беларусі. А значыць, неабходна ўмацоўваць, а не разбураць сувязі беларусаў з Еўропай, з Захадам» — скончыў свой выступ Павел Латушка.

 

Comments


bottom of page