top of page

Беларусь альбо Расія? Час выбіраць


Сёння (8 верасня) — Дзень беларускай вайсковай славы. Гадавіна знакамітай Бітвы пад Оршай, у якой войскі Вялікага Княства Літоўскага, нашыя гераічныя продкі, разбілі амаль утрая большыя сілы маскоўскіх захопнікаў. Захопінікаў, што і 500 год таму, і зараз імкнуцца падпарадкаваць ды паняволіць нашую зямлю і наш народ. Але ж як і 500 год таму, так і зараз Беларусь жыве. І будзе жыць. Бо справа князя Астрожскага працягвае жыць і дагэтуль. У першую чаргу ў нашых героях-добраахватніках, што сёння са зброяй у руках разам са сваімі ўкраінскімі пабрацімамі зноў змагаюцца — і перамагаюць варожую навалу.

І менавіта яны у першую чаргу годныя гэтага свята, годныя вайсковай славы. Слава нашым героям! Жывым і загінулым.

Вы — прыклад, вы — гонар, вы — годнасць Беларусі. І будучыня войска незалежнай Беларусі. Віншую вас са Святам вайсковай славы! Дзякуй вам, кожнаму і кожнай!

Але ж ёсць і іншыя вайскоўцы. Сучасная беларуская армія. Ці годная яна гэтага свята?

Не, сёння я не магу так сказаць.

Але тым не менш, ўпэўнены, што большасць з вас таксама разумее — дзе і хто наш сапраўдны вораг. Адкуль, як і 500 год таму, зыходзіць рэальная пагроза для Беларусі. І вы бачыце, што менавіта Лукашэнка прывёў яе да нас на парог. Што «рускі свет», якому ён насцеж расчыніў вароты ў Беларусь і ва Украіну, проста так не спыніцца.

І няхай Расія ўжо пачынае разумець, што вайну супраць Украіны ёй не выйграць. Але адчуваючы сябе ў Беларусі як дома, яна ўпэўнена, што нашую краіну яна зможа пакінуць сабе. Расійская прапаганда нават не хавае гэтых намераў і ўжо пералічвае вобласці, на якія яна прэтэндуе першымі. Расійскія аналітыкі як і само расійскае кіраўніцтва лічаць незалежнасць Беларусі непаразуменнем і гістарычнай памылкай. Дарэчы, як і Лукашэнка, які лічыць незалежнасць выпадковасцю і адносным паняццем.

Усе амаль 30 гадоў свайго кіравання ён крок за крокам здаваў нашую незалежнасць і наш суверэнітэт на карысць Расіі. І ў выніку дазволіў чужынскім салдатам спакойна разгульваць па беларускай зямлі, як па сваёй. Дазволіў зрабіць з Беларусі інструмент ваеннай агрэсіі. Ператварыць нашую зямлю ў расійскі вайсковы плацдарм.

Але гэта наша зямля. І нашыя продкі змагаліся за яе стагоддзямі, упісаўшы шмат слаўных старонак у гісторыю барацьбы беларусаў за незалежнасць ды за само існаванне.

І галоўнай пагрозай для Беларусі ўвесь гэты час была ў першую чаргу менавіта Расія — у розных яе гістарычных выявах. Яна толькі мяняла назвы і маскі, але ніколі не адмаўлялася ад сваіх імперскіх амбіцый. Ад жадання падпарадкаваць і поўнасцю кантраляваць Беларусь.

І вы бачыце, вы не можаце не бачыць, што Беларусі зноў прыйдзецца сутыкнуцца з гэтымі амбіцыямі. Зноў давядзецца абараняць сваю зямлю, сваю незалежнасць, сваю радзіму. І вы не можаце не бачыць, хто цягне нашую краіну наўпрост у лапы агрэсара. Хто ўвесь гэты час хлусіў вам, называючы сябе «гарантам» незалежнасці і суверэнітэту — і адначасова гандляваў Беларуссю, прадаваў яе па частках. Абы толькі забяспечыць сабе чарговы тэрмін ва ўладзе.

Але сёння Лукашэнка больш не патрэбны нават сваім крамлёўскім гаспадарам. Гандляр суверэнітэтам ім больш не патрэбны — бо яны больш не хочуць гандлявацца. Яны жадаюць проста браць. Выдатна ведаючы, што «гарант» пагадзіцца і на гэта. Абы толькі зберагчы ўжо нават не ўладу, не ілюзію ўлады — а сваю ўласную шкуру.

Але яны забылі спытаць у нас, беларусаў. Забыліся спытаць у вас, вайскоўцаў. Ці гатовыя мы аддаць ім сваю краіну? Упэўнены, што большасць беларусаў адкажа цвёрда — не! Гэта наша зямля!

Сапраўды, сёння я не магу павіншаваць з Днём вайсковай славы ўсіх вайскоўцаў, што знаходзяцца на службе ў Беларусі. Але ж я пытаю ў вас — няўжо вы гатовыя аддаць рускім нашую Радзіму? Няўжо гатовыя дазволіць Лукашэнку прадаць яе Расіі? Ці гатовыя дзеля яго і ягоных крамлёўскіх «старэйшых братоў» здрадзіць прысяге, вайсковай славе і памяці ўсіх тых, хто стагоддзямі абараняў права Беларусі і нашага народа на існаванне?

Выбар просты. Слава альбо ганьба. Лукашэнка і Расея – альбо незалежная Беларусь. Не памыліцеся.


Comments


bottom of page