top of page

Беларусь — не губернія Расіі, і мы не дазволім ёй такой стаць


Гітанас Наўседа на форуме саміту НАТА
Гітанас Наўседа на форуме саміту НАТА Фота: facebook.com/nausedagitanas

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Беларусь «больш не з'яўляецца незалежнай, гэта яшчэ адна губернія Расійскай Федэрацыі». Аб’яднаны Пераходны Кабінет лічыць, што такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманне Беларусі ў свеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народа. Беларусь — гэта не губернія Расіі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць.


Беларусь як дзяржава сапраўды страчвае свой суверэнітэт праз паглыбленне залежнасці ад Расіі. Да гэтага вядуць злачынныя дзеянні расійскага кіраўніцтва і марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі. Аднак адбываецца гэта насуперак волі беларускага народа, яго імкненню да незалежнасці і свабоды.


Абсалютная большасць беларусаў выступае за незалежнасць Рэспублікі Беларусь, супраць уступлення Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі, гэтаксама як і супраць удзелу ў развязанай пры падтрымцы нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі агрэсіі супраць Украіны. На працягу ўсёй сваёй гісторыі беларусы змагаліся і зараз мужна змагаюцца за свабоду і незалежнасць сваёй краіны і дапамагаюць Украіне дамагчыся перамогі над Расіяй.


Аб’яднаны Пераходны Кабінет вітае заяву лідараў Літвы, Польшчы і Латвіі да Генеральнага сакратара НАТА, у якой сцвярджаецца, што беларускі народ мае патрэбу ў падтрымцы. Дэмакратычная, вольная, незалежная, еўрапейская Беларусь важная для Альянсу і для ўсіх нашых міжнародных партнёраў.


У сувязі з гэтым Аб’яднаны Пераходны Кабінет заклікае кіраўніцтва ўсіх краін-саюзніц дэмакратычнай Беларусі выступіць з заявамі ў абарону суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Неабходна асудзіць дзеянні Расіі па падрыве беларускага суверэнітэту і прыцягнуць яе кіраўніцтва да адказнасці.


Аб’яднаны Пераходны Кабінет заклікае краіны-партнёры практычнымі захадамі падтрымаць беларускі народ у ягоным супраціве дыктатуры і супрацьдзейнічаць спробам інкарпарацыі нашай краіны з боку Расіі.

Commentaires


bottom of page