top of page

«Беларусь у працэсе»


Тэзісы выступлення намесніка кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Паўла Латушкі на паказе фільма «Беларусь у працэсе», прысвечаным масавым фактам гвалту супраць грамадзян Беларусі і праблематыцы прымянення ўніверсальнай юрысдыкцыі ў краінах ЕС


Музей Вольнай Беларусі

15 снежня 2022 года


Які вобраз паўстае ў вас у галаве калі вы чуеце слова Беларусь?


Я не хачу быць палонным стэрэатыпаў, але я заўсёды ўяўляў добрую маладую дзяўчыну са светлымі валасамі ў нацыянальным касцюме.


Яна жыве з вамі ў адным доме. Хтосьці сусед па лесвічнай клетцы, а хтосьці на розных паверхах, але ўсе ведаюць пра тое, што яна і яе дзеці кожны дзень на працягу 2,5 гадоў падвяргаюцца гвалту і катаванням.


Так, суседзі выказвалі спачуванне, заклапочанасць і дапамагалі ёй чым маглі.


Але калі яна атрымлівала дапамогу — яна падвяргалася яшчэ большаму збіццю.


І калі таму, хто ажыццяўляе гэты гвалт, стала ясна, што ён можа працягваць рабіць з ёй усё, што заўгодна, адбылося яшчэ больш страшнае. Яшчэ адзін вобраз прыгожай дзяўчыны, але ўжо ў іншым нацыянальным касцюме, проста захацелі забіць і амаль гэта зрабілі.


Тут я кажу пра Украіну.


Перакананы, што вайна ва Украіне не была б магчымая, калі б рэжым Лукашэнкі не ўстояў.


Заплюшчваючы вочы на маленькі гвалт, робячы выгляд, што мы не чуем крыкаў ад болю людзей, якія пакутуюць — становяцца магчымымі яшчэ большыя і страшныя гвалт і несправядлівасць.


Я нездарма праводжу такую паралель. Можна назваць колькасць палітычных зняволеных, лічбы людзей, якія прайшлі праз турмы і затрыманні, катаванні і здзекі, але гэтыя дадзеныя мы перадаем на ўсіх сустрэчах з еўрапейскімі палітыкамі і дыпламатамі.


Але калі гэтыя лічбы на паперы, яны падобныя на статыстыку. Але жыццё чалавека — гэта не статыстычная памылка.


Кожны, хто перажыў катаванні, прыніжэнне і гвалт, атрымаў траўму на ўсё жыццё. Але пацярпелыя не хочуць помсты. Тут у Еўропе яны хочуць таго, каб тыя каштоўнасці, на падмурку якіх і з’явілася еўрапейская цывілізацыя — гуманізм, права, закон, яны проста выконваліся. Не на словах, а на справе.


Паверце, здымачная група не ставіла сваёй задачай у чарговы раз жахнуць вас зверствамі паслугачоў рэжыму, якія яны тварылі ў жніўні дваццатага года і працягваюць тварыць да гэтага часу.


Менавіта ў гэтую секунду ў Беларусі кагосьці затрымліваюць, арыштоўваюць, трымаюць у турме, збіваюць або трымаюць у катавальнай камеры.


Гэты фільм — гісторыя трох ахвяр, якія пацярпелі ад катаванняў, вымушаныя зноўку будаваць жыццё за мяжой, але працягваюць жыць і змагацца, дамагаючыся справядлівасці і правасуддзя з дапамогай механізмаў універсальнай юрысдыкцыі.


Уявіце, праз што прайшлі гэтыя людзі.


40 чалавек у чатырохмясцовых камерах плошчай 8 квадратных метраў. Сон, а хутчэй проста страта свядомасці- на падлозе, на стале, на металічных нарах без матраца.


2 літра вады на ўсіх. Адсутнасць ежы. І боль, боль і яшчэ раз боль. Фізічны і маральны.


Тыя людзі, якія перажылі гэты боль, хочуць толькі аднаго — пакарання для вінаватых. А калі ўжо зусім проста — то справядлівасці. У нашай роднай Беларусі яе знішчылі, гэтак жа як і грамадзянскую супольнасць. Рашэннем дыктатара і ягоных паслугачоў. Але беларусы вераць, што справядлівасць яшчэ засталася тут — у Еўропе.


У мяне няма сумневаў, што і ў тых, хто прыйшоў сёння на паказ фільма, ёсць разуменне таго, наколькі важная для нас справядлівасць. Кожны з вас здольны данесці да вашых сталіц (і тут я звяртаюся да прадстаўнікоў замежнага дыпкорпуса) тэзіс аб неабходнасці якасна і поўна, без фармалізму разглядаць справы аб катаваннях у рамках інструмента ўніверсальнай юрысдыкцыі і аб’яўляць падазраваных у вышук на падставе Канвенцыі ААН супраць катаванняў і нацыянальнага заканадаўства.


Абвясціць у вышук, апублікаваць прозвішчы — гэта першы крок да справядлівасці. Зрабіць яго можаце менавіта вы.


Гэты інструмент ужо не ў нас у руках, а ў вас.


Еўропа сёння разам з беларускім народам праходзіць тэст: мы на здольнасць дамагчыся дэмакратычных пераменаў, нягледзячы на масавы тэрор і гвалт у дачыненні да нашага народа, а Еўропа — тэст на здольнасць прымяніць права, яго нацыянальныя інструменты для таго, каб паказаць беларусам, што каштоўнасці Еўропы існуюць не толькі на паперы.


І гэта не завышаныя нашыя чаканні. Праінфармуйце сваіх міністраў юстыцыі і генеральных пракурораў.


Разумею, што беларусы не грамадзяне вашых краін, але беларусы такія ж еўрапейцы, як і вы.


Невялікія, але істотныя дапаўненні:


— У бліжэйшы час сотні беларусаў, якія пражываюць за мяжой будуць асуджаныя завочнымі судамі да гадоў пазбаўлення волі, а пасля (ужо прыняты закон) будуць пазбаўленыя грамадзянства. Такая практыка ўжо ў гісторыі ўжывалася ў часы нацысцкай Германіі.


У 2023 годзе ў ЕС могуць з’явіцца тысячы апатрыдаў, незаконна пазбаўленых грамадзянства нелегетымным, непрызнаным ЕС і беларускім народам рэжымам.


Сябры, напярэдадні светлых добрых святаў я прашу вас дапамагчы здзейсніцца маленькаму цуду. У такія цяжкія і цёмныя часы гэта будзе ўсяляць надзею той дзяўчыне, пра якую я казаў у пачатку выступлення, што боль і страх скончацца і яна больш ніколі не будзе пакутаваць.


Свабодная, незалежная і шчаслівая.

Беларусь гэта заслужыла.

Σχόλια


bottom of page