top of page

Беларусь цікавая Еўропе


Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан пра пазіцыю Еўрапейскага саюза па Беларусі

Беларусь, безумоўна, цікавая Еўропе. Еўрапейскі саюз заўсёды разглядаў Беларусь як еўрапейскую дзяржаву, у якой пражывае грамадства з еўрапейскімі поглядамі і з імкненнем да дэмакратыі. Аднак ёсць сілы, якія гэтаму супрацьстаяць. Развіццё праекта Усходняга партнёрства таксама сведчыць аб тым, што Беларусь патэнцыйна разглядаецца як дзяржава, якая ў перспектыве можа стаць часткай еўрапейскай сям'і. І цяпер, пасля заяваў дэмакратычных сілаў Беларусі, пасля інтэнцыі беларускага народа да дэмакратыі, гэта пацвярджаецца.

Таму стратэгічна няма боязі, што Еўропа лічыць Беларусь часткай Расіі альбо ўжо пабудавала жалезную заслону.

Але якая тактычная сітуацыя? Мы бачым, што цяпер адбываецца ў рэгіёне: ідзе вайна. І Еўрапейскі саюз — магутны, моцны саюз. Але ён не ўсемагутны. І мы павінны разумець, што сітуацыя ў рэгіёне крытычная. Украіна знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, у няпростым становішчы. І калі цяпер увесь вектар увагі з украінскай праблемы перакінуць на Беларусь, то цалкам магчыма, што тая дзяржава, якая ўжо проста на ўзроўні ўлады зрабіла выбар на карысць Еўрапейскага саюза і заявіла пра гэта, папросту знікне. І гэта будзе крах усяго Еўрапейскага саюза, удар па ім у цэлым.

Таму пытанні вырашаюцца па меры іх важнасці для ЕС. Нельга казаць, што Беларусь зусім знікла з парадку дня. Яна, вядома, гучыць у меншай ступені, але ва Украіне цяпер вайна.

І калі Украіна не выстаіць, калі не будзе ісці ваенная дапамога, то гэта можа прывесці да трагічных наступстваў не толькі для Украіны, але і для Беларусі.

Kommentare


bottom of page