top of page

«Бітва за Беларусь»: новы даклад пра сістэмнае знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці

Ілюстрацыйнае фота. Крынiца: belinstitute.com
Ілюстрацыйнае фота. Крынiца: belinstitute.com

Ноччу з 6 на 7 мая 2026 года адбылася хакерская атака на беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org. Серверы бібліятэкі былі проста вычышчаныя. На іх захоўвалася больш за 70 тысяч розных беларускіх публікацый — кнігі, газеты, часопісы, аўдыякнігі, відэа– і аўдыяматэрыялы пра Беларусь. Гэта яшчэ адна чорная старонка барацьбы рэжыма Лукашэнкі з беларушчынай.

У межах падтрымкі працы Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі нядаўна выйшаў кароткі агляд Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прысвечаны палітыцы рэжыму па выкараненні беларускай культуры і прасоўванні ідэалогіі «рускага свету».

Дадзены агляд быў прэзентаваны на сайд-івенце «Як працуе рускі свет: ідэалогія і практыка гібрыднай агрэсіі супраць Еўропы» падчас вясновай сесіі ПАРЕ ў красавіку 2026 года.

Пра што гэты агляд?

Аўтары праводзяць жахлівую паралель: тое, што адбываецца ў Беларусі пасля 2020 года, па сутнасці паўтарае працэсы на акупаваных тэрыторыях Украіны, але ў больш прыхаваных маштабах. Гэта сістэмная праца па замене беларускасці на «рускамірскі» наратыў.

Асноўныя франты гэтай «бітвы»:

  • Забарона літаратуры: У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесены кнігі класікаў і сучасных аўтараў. Ліквідаваныя вядучыя незалежныя выдавецтвы.

  • Вайна з гісторыяй: Дэмантаж помнікаў нацыянальным героям пры адначасовай устаноўцы манументаў расійскім дзеячам, такім як Аляксандр Неўскі.

  • Рэпрэсіі ў культуры: атакі на культурныя праекты, закрыццё выстаў і фестываляў, а таксама русіфікацыя тэатраў.

  • Барацьба з беларускім бачаннем мінулага і сучаснасці: пераслед рэдактараў беларускай Вікіпедыі і ўкараненне «адзіных падручнікаў гісторыі» сумесна з Расіяй.

  • Задушэнне мовы: у 1994 годзе 58% мінскіх першакласнікаў вучыліся на беларускай мове, цяпер гэты паказчык упаў да крытычных 5%.

Як працуе механізм знішчэння?

Працэс запускаецца праз даносы прарасійскіх «псеўдаактывістаў» і падхопліваецца прапагандыстамі і сілавікамі.

Што рабіць?

Даклад прапануе не толькі дыягназ, але і план выратавання:

  1. Стварэнне анлайн-сістэмы нацыянальнай адукацыі, акрэдытаванай у ЕС.

  2. Маштабная алічбоўка архіваў і бібліятэк на абароненых серверах.

  3. Падтрымка дзеячаў культуры і моўных школ у дыяспары.

Беларуская ідэнтычнасць — гэта галоўны бар’ер на шляху паглынання краіны. Захаваць яе — значыць захаваць шанец на незалежную будучыню.

Поўны тэкст даклада даступны па спасылцы:


Comments


bottom of page