top of page

Вайна і нечаканая ракіроўка


Як Пуцін стаў «карысным ідыётам» для Лукашэнкі, а Лукашэнка — выпадковым пястуном Захаду


Артыкул кіраўніка НАУ Паўла Латушкі для Rzeczpospolita (PL)


Парадаксальнасць цяперашняй сітуацыі заключаецца ў тым, што татальна залежны ад Крамля рэжым Лукашэнкі ва ўмовах небывалых па сваёй сіле санкцый супраць Расіі і пры гэтым ужо фактычна названы са-агрэсарам у вайне з Украінай — нават у гэтай сітуацыі прымудраецца выходзіць адносна сухім з вады.


Санкцыі супраць Расіі за развязаную вайну супраць Украіны руйнуюць яе эканоміку. Пераддэфолтны стан — ужо зафіксаваная рэальнасць для гэтай краіны (ССС — такі крэдытны рэйтынг Расіі на сёння).


Фактычна Расія ўжо аб'явіла тэхнічны дэфолт (прыклад — указ аб магчымасці разлічвацца з «недружалюбнымі краінамі» па даўгах у расійскіх рублях, што з'яўляецца грубым парушэннем даўгавых абавязацельстваў). Далей — непазбежны дэфолт.


Складаная сітуацыя з санкцыямі супраць Расіі, з аднаго боку, ставіць пад сумненне верагоднасць далейшай крэдытнай падтрымкі ёю Беларусі. Але з другога — пры адсутнасці люстраных санкцый у дачыненні да апошняй — стварае ў Беларусі афшорную зону, што дае магчымасці рэжыму Лукашэнкі знаходзіцца ў значна больш выгадных умовах, чым Расія. І актыўна зарабляць у той час, як Расея ўсё далей коціцца ў бездань.


Фактычна, былы «карысны ідыёт» Пуціна Лукашэнка зараз мяняецца з ім месцамі. І ў той час, як увесь санкцыйны ўдар прымае на сябе Расія, Беларусь кранае толькі па датычнай.


І ў гэтым заключаецца найгрубейшая памылка заходніх урадаў і міжнародных санкцыйных рэгулятараў. Непрымяненне супраць рэжыму ў Беларусі санкцый, ідэнтычных тым, што ўжо прыняты супраць Расіі, стварае для Лукашэнкі вельмі выгадную сітуацыю.


Ён па-ранейшаму дае Расіі сваю тэрыторыю для ажыццяўлення ваенных дзеянняў супраць Украіны і тым самым «расплачваецца» па сваіх ранейшых даўгах перад Крамлём. Пры гэтым паралельна захоўваючы магчымасці самому трымацца на плаву, зарабляючы на статусе афшора.


Прасцей кажучы, па зусім невытлумачальных прычынах сёння ўжо нават не Крэмль, а менавіта Захад дапамагае Лукашэнку трымацца ва ўладзе — нягледзячы на тое, што лічыць яго са-агрэсарам у вайне супраць Украіны. І тым самым захоўвае Крамлю плацдарм для працягу ваенных дзеянняў. Плацдарм, без якога расейскае ўварванне ва Украіну было б значна ўскладненае.


Падобную непаслядоўную пазіцыю Захаду ў дачыненні да Лукашэнкі, на наш погляд, можна расцэньваць або як банальную блізарукасць, або ж як грубую халатнасць: як у дачыненні да ўкраінскага народа, супраць якога прама цяпер ідзе жорсткая вайна (і ў значнай ступені — менавіта з тэрыторыі Беларусі), так і беларускага народа, які ўжо паўтара года перажывае масавыя рэпрэсіі, развязаныя тым жа рэжымам, які ўпусціў у Беларусь расейскія войскі.


Выправіць гэтую халатнасць Захад можа толькі ўстараніўшы велізарную санкцыйную дзірку ў выглядзе беларускага афшора. І зрабіць гэта неабходна неадкладна.

Yorumlar


bottom of page