top of page

Вальфовіч гуляе ў вайну


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

На межах штодня фіксуюцца правакацыі, расце актыўнасць выведкі, беспілотнікі кружаць уздоўж дзяржаўнай мяжы і перыядычна залятаюць на тэрыторыю краіны... Думаеце гэта сюжэт баевіка? Не, гэта чарговая серыя канцэпцыі пагроз Беларусі аўтарства генерала Вальфовіча.

Т.зв. дзяржсакратар Савета бяспекі Лукашэнкі генерал Вальфовіч у адным з апошніх інтэрв'ю адзначыў, што ўзрасла інтэнсіўнасць вядзення ўсіх відаў разведкі супраць Расіі і Беларусі: «Разведвальныя самалёты здзяйсняюць каля 30-35 вылетаў у тыдзень. Актыўна асвойваючы паветраную прастору сумежных з нашай краінай дзяржаў, альянсам адпрацоўваюцца пытанні баявога прымянення авіяцыі. Сістэматычна праводзяцца палёты амерыканскай стратэгічнай бамбавальнай авіяцыі з заходам у паветраную прастору Польшчы і краін Балтыі, падчас якіх адпрацоўваецца нанясенне ракетна-бомбавых удараў па аб'ектах на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, у тым ліку ядзерных».

Ужо практычна лунаюць над Беларуссю амерыканскія самалёты і дроны, за якімі актыўна назірае Вальфовіч. Яны рашуча абураюць генерала. Які вынік і рашэнне праблемы? На думку Вальфовіча, ён толькі адзін — размяшчэнне ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі.

Лукашэнка на нарадзе па пытаннях бяспекі 10 кастрычніка 2022
Лукашэнка на нарадзе па пытаннях бяспекі 10 кастрычніка 2022 Крыніца: president.gov.by

У кастрычніку 2022 года Лукашэнка заявіў пра «жаданне Польшчы пабрацаць ядзернай зброяй»: «Учора ўжо Дуда заявіў. Гэта ўжо даўно прапрацавана. Мы з Пуціным гэта абмяркоўвалі, калі пра самалёты гаварылі па ядзернай зброі. Яны ўжо даўно з амерыканцамі дамовіліся, што арсеналы будуць у Польшчы. Пра што гэта кажа? Што мы стаім рэальна перад атакай тактычнай ядзернай зброяй. Трэба рабіць захады».

Кропкавая атака тактычнай ядзернай зброяй з Польшчы на Лукашэнку і Вальфовіча так і не адбылася. Як і наогул не з'явілася тактычная ядзерная зброя на тэрыторыі Польшчы, якая клапаціла дыктатара...

Дык чаму ж яно ёсць цяпер у Беларусі? Пра якую пагрозу з боку Польшчы тады казаў «майстар папераджальных удараў», калі ў Польшчы ядзернай зброі па-ранейшаму няма, а ў Беларусі яна з'явілася? Адказ на чарговую неіснуючую пагрозу?

Лукашэнка, верагодна, лічыць, што наяўнасць ядзернай тактычнай зброі ў Беларусі ўзмоцніць яго міжнародную вагу. Аднак як сам Лукашэнка, так і Вальфовіч замоўчваюць значны факт: ніхто не збіраецца даваць неўраўнаважанаму дыктатару кантроль над тактычнай ядзернай зброяй.

コメント


bottom of page