top of page

Вашу суседку забіваюць на вашых вачах

Ці ведаеце вы, да чаго падобная сітуацыя ў Беларусі? – пытаюся я ў нашых еўрапейскіх, цывілізаваных партнёраў і суседзяў. Вашу суседку забіваюць на вашых вачах.


Проста ўявіце, што кожны дзень, на працягу нават не месяцаў, а гадоў, вы чуеце з суседняй па лесвічнай клетцы кватэры жудасныя крыкі. Кожны дзень ваш сусед-алкаголік збівае да паўсмерці сваю жонку. Вам непрыемна, некамфортна чуць гэтыя крыкі, але вы нічога не робіце. Бо гэта іх унутраныя справы, гэта не вашая сям'я.


А аднойчы, у адзін вечар крыкі раптам спыняюцца. Надыходзіць трунная цішыня. Таму што ён, ваш сусед, у п'яным чадзе біў-біў і, нарэшце, забіў сваю жонку да смерці. Крыкаў больш няма. Але ці зможаце вы зараз спаць спакойна, ведаючы, што прама ў вас за сцяной гадамі забівалі і ў выніку забілі вашу суседку, а вы не зрабілі нічога, каб гэта спыніць?


Вось, што адбываецца сёння з вашай суседкай Беларуссю. Вось літаральна тое, што робіць рэжым Лукашэнкі з беларусамі. Яны яшчэ крычаць. З кожным днём усё цішэй, але ўсё яшчэ крычаць. Вам некамфортна? Вы хацелі б, каб гэтыя крыкі спыніліся? Яны спыняцца.


Пытанне толькі ў тым, ці зробіце вы хоць што-небудзь, каб спыніць забойцу, ці проста пачакаеце яшчэ нейкі час, пакуль крычаць ў пустэчу з-за сцяны будзе проста няма каму.

Comments


bottom of page