top of page

Выступ Паўла Латушкі ў Парламенце Аўстрыі


30.01.2024, Вена 

Паважаная спадарыня Прэзідэнт, шаноўнае спадарства.

Сёлета спаўняецца 4 гады з пачатку падзей лета 2020 года ў Беларусі. 2 гады з пачатку вайны Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны. 

У кантэксце сусветнай гісторыі гэтыя гады і падзеі з'яўляюцца толькі імгненнем. Але для мільёнаў беларусаў падзеі апошніх гадоў сталі самым вялікім і цяжкім выпрабаваннем у іх жыцці. І самым доўгім. 

Мяне часта пытаюцца, што матывуе мяне не здавацца і працягваць барацьбу. У што я веру, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца з кожным днём. 

Я магу расказаць вам мноства падрабязнасцяў, але гэта будзе патрабаваць значна большай колькасці часу, чым у нас з вамі ёсць сёння. Таму я проста прывяду некалькі лічбаў і фактаў, якія кажуць самі за сябе. 

Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», па стане на канец 2023 года ў Беларусі ў зняволенні ўтрымлівалася больш за 1400 афіцыйна прызнаных палітвязняў. 745 былых палітвязняў на той момант ужо цалкам адбылі свае тэрміны. Тобок, як бачыце, лічба не змяншаецца. На месца палітвязняў, якія выйшлі з турмаў, рэжым Лукашэнкі саджае новых. 

Прынамсі 48 палітвязняў з'яўляюцца пенсіянерамі. Мінімум 42 чалавекі з'яўляюцца людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і цяжкімі захворваннямі. У турме ўжо памерлі як мінімум чацвёра палітвязняў: Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч і Вадзім Храсько. Катаванні, нечалавечыя ўмовы ўтрымання, адсутнасць медыцынскай дапамогі — вось з чым сутыкаюцца палітвязні ў турмах Лукашэнкі. І яны паміраюць. 

У гуманітарным спісе палітвязняў, складзеным Аб'яднаным Пераходным Кабінетам сумесна з праваабаронцамі, знаходзяцца больш за 200 чалавек. Гэта людзі, якія з-за ўзросту, стану здароўя, інваліднасці і іншых фактараў маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе і павінны быць неадкладна вызваленыя. 

І ўсё гэта толькі афіцыйна пацверджаныя выпадкі. 

У рэальнасці, ва ўмовах страху і рэпрэсій, не ўсе выпадкі публікуюцца ахвярамі рэжыму Лукашэнкі ці іх сваякамі, і не ўсе з іх звяртаюцца да праваабаронцаў ці СМІ. Большасць гэтага не робіць — баючыся за сябе ці сваіх блізкіх. 

А ва ўмовах татальнай цэнзуры і дэзінфармацыі, ва ўмовах, калі ўсе праваабарончыя арганізацыі і незалежныя СМІ былі выгнаныя з краіны, разам з тысячамі НКА і сотнямі тысяч беларусаў, і практычна не могуць працаваць унутры Беларусі — убачыць поўную карціну, зафіксаваць усе выпадкі і ацаніць рэальную, дакладную колькасць палітвязняў у Беларусі проста немагчыма. 

Арганізацыі і актывісты, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, лічаць, што рэальная колькасць палітвязняў на дадзены момант як мінімум у тры разы перавышае афіцыйна пацверджаную. Гэта значыць гаворка можа ісці прыкладна пра 4500-5000 чалавек. 

Але гэта не ўсё. 

Паводле справаздачы цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub», з мая 2020 да мая 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя сур'ёзныя формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што адбываецца ў Беларусі. Кожны дзень. 

Маштабы і характар рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі таксама асвятляюцца ў прынятай 25 студзеня рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы «Дэмакратычная будучыня для Беларусі». Цытую: «Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа настолькі сур'ёзныя, шырокамаштабныя і сістэматычныя, што могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці і патрабуюць поўнай адказнасці ў адпаведнасці з унутраным і міжнародным правам»

І гэтыя рэпрэсіі, гэтыя злачынствы не спыняюцца ні на дзень.

Толькі на мінулым тыдні больш за 200 чалавек падвергліся чарговай хвалі пераследаў, калі рэжым Лукашэнкі арганізаваў рэйд запалохвання сваякоў палітвязняў. Задумайцеся, многія з іх засталіся без карміцеляў і звярнуліся да ініцыятыў па дастаўцы прадуктовых набораў для падтрымкі сем'яў палітвязняў. І толькі за гэта іх падвяргаюць новым рэпрэсіям. Многія з іх у выніку былі затрыманыя.

Сярод затрыманых — жонка Мікалая Статкевіча — Марына Адамовіч, арыштаваная на 15 сутак. Мікалай Статкевіч — вядомы беларускі палітык, прысуджаны рэжымам Лукашэнкі да 14 гадоў пазбаўлення волі, і на сёння з ім ужо год няма кантакту. Гэта яшчэ адна форма рэпрэсій — многія палітвязні месяцамі жывуць у ізаляцыі, без права перапіскі і зносін са знешнім светам, і пра іх стан мы нічога не ведаем. Мы нават не ведаем, ці жывыя яны. 

Шакавальныя лічбы для краіны з насельніцтвам у 9 мільёнаў чалавек, з якіх не менш за паўмільёна пакінулі яе, ратуючыся ад тэрору і рэпрэсій. 

Гэта факты. А як наконт дзеянняў? Што можна — не, што ТРЭБА рабіць? 

І, вяртаючыся да пачатку майго выступу: у што я асабіста веру, ведаючы, што шакавальныя лічбы працягваюць расці, рэпрэсіі працягваюць нарастаць і злачынствы супраць беларускага народа не спыняюцца ні на дзень? 

Адкажу — я па-ранейшаму веру ў міжнароднае права і адказнасць. 

Менавіта гэта ляжыць у аснове стратэгіі, у межах якой мы працягваем дзейнічаць і якую ўсе гэтыя гады прапануем нашым міжнародным партнёрам. 

Лукашэнка і ягоныя памагатыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці — каб беларускае грамадства ўбачыла доўгачаканую справядлівасць і альтэрнатыву стану беззаконня і прававога дэфолту

І то вельмі важна ў каштоўнасным і светапоглядным плане — каб грамадства ўбачыла цывілізаваную, а таксама цывілізацыйную альтэрнатыву дыктатуры Лукашэнкі і альтэрнатыву «рускаму свету», у які Лукашэнка ўцягвае нашу краіну. Альтэрнатыву ў асобе заходняй дэмакратыі, Еўрапейскага саюза, дзе дзейнічаюць права і яго інстытуты. Дзе закон і правы чалавека з'яўляюцца фундаментальнай каштоўнасцю.

Як стварыць гэтую альтэрнатыву і зрабіць яе асновай агульнай стратэгіі Захаду ў дачыненні да Беларусі? Стратэгія, якая з’яўляецца неабходнай. 

1. Міжнародны судовы пераслед.

Неабходна выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі.

І тут мы маем два віды злачынстваў, учыненых дыктатарам, якія могуць стаць падставай для выдачы такога ордэра Міжнародным крымінальным судом: 

  1. Злачынствы супраць чалавецтва, учыненыя ў дачыненні да беларусаў, пра якія я казаў раней. 

  1. Ваеннае злачынства — незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.

Наша каманда — Народнае антыкрызіснае ўпраўленне — ужо перадала пракурору МКС у Гаазе дзве часткі камунікацыі «Аб незаконнай дэпартацыі або перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь» у адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута. 

Акрамя таго, у сярэдзіне лістапада 2023 года быў апублікаваны даклад лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя «Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны». Гэтая справаздача фактычна пацвердзіла ўсе факты, якія мы раней прадставілі ў МКС. 

Больш за тое, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла ўжо другую рэзалюцыю адносна дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, у якой гэтыя дзеянні, у якіх непасрэдна замешаныя рэжым Лукашэнкі і асабіста дыктатар, названыя патэнцыйна падпадаючымі пад артыкул II Канвенцыі 1948 года аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. 

Лукашэнка зноў пойдзе на «прэзідэнцкія выбары» ў 2025 годзе. Мы разумеем, што ў 2020 годзе Лукашэнка ўжо прайграў выбары, сфальсіфікаваў іх і сілай захапіў уладу. Новыя «выбары» гэтага не адмяняюць. Лукашэнка больш не прэзідэнт і ўжо ніколі ім не стане. Але тым не менш на «выбары» 2025 года нам варта адправіць Лукашэнку з ордэрам на арышт. Гэта будзе магутны ўдар па яго рэжыму, удар па цэнтры яго сістэмы, здольны яе раскалоць. 

2. Санкцыі як інструмент адказнасці.

Неабходна зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і сур'ёзна ўзмацніць кантроль за іх выкананнем. Адным з захадаў, якія мы прапануем, з'яўляецца прыняцце новага магутнага праваабарончага пакета эканамічных санкцый у дачыненні да тых галін эканомікі і тавараў, у вытворчасці якіх выкарыстоўваецца праца палітвязняў. 

Мы не павінны забываць, што рэжым Лукашэнкі з'яўляецца саўдзельнікам вайны супраць Украіны. Найлепшым рашэннем было б гарманізаваць эканамічныя санкцыі супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, захаваўшы пры гэтым існуючыя санкцыі, такія як санкцыі ў дачыненні да беларускага калію. 

Любыя спекуляцыі вакол калійных санкцый павінны спыніцца. Адмена гэтых санкцый непрымальная датуль, пакуль існуе рэжым Лукашэнкі. 

Само пытанне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі не можа быць прадметам спекуляцый. 

Мы бачым, як тавары ідуць у Расію ў абыход уведзеных санкцый праз Беларусь, беларуская прамысловасць працуе на вайну фактычна як складнік расійскага ВПК, дзейнічае адзіная Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, абноўленая Вайсковая дактрына Беларусі. А ў гэты час Еўропа рыхтуецца да новай вайны, але нават не намагаецца прыняць рэальныя эканамічныя меры супраць агрэсараў, якія ўсталі на ваенныя рэйкі. Стратэгічнай памылкай было захоўваць розніцу ў эканамічных санкцыях супраць двух агрэсараў — Расіі і рэжыму Лукашэнкі — так доўга. Цяпер гэтая памылка пагражае ператварыцца ў фатальную. 

4. Палітычны ціск на рэжым — міжнароднае прызнанне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай. 

Неабходна прызнаць і падтрымаць гэтую палітычную альтэрнатыву нелегітымнаму рэжыму Лукашэнкі. 

І неабходна працягваць непрызнанне і ізаляцыю Лукашэнкі і ягонага ўрада. А таксама непрызнанне так званых выбараў, якія яны спрабуюць імітаваць. Сапраўдных выбараў пры гэтым рэжыме няма і не будзе — пакуль гэты рэжым Існуе. 

Таму пазіцыя нашых міжнародных партнёраў павінна быць цвёрдай — ніякага прызнання Лукашэнкі, ягонага ўрада, ягонага так званага парламента і ягоных так званых выбараў не будзе. 

Замест гэтага варта прызнаць Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і іншыя інстытуты беларускіх дэмакратычных сіл. 

У сувязі з гэтым мы дзякуем Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы за прыняцце рэзалюцыі «Дэмакратычная будучыня для Беларусі», у якой, цытую: «вітаецца стварэнне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, цэнтральнага выканаўчага органа дэмакратычнага руху, сумесна з Каардынацыйнай Радай — адзіным прадстаўнічым органам беларускага дэмакратычнага грамадства, як суб'ектаў, якія прадстаўляюць законныя дэмакратычныя памкненні народа Беларусі»

Такое прызнанне таксама вельмі важна для абароны суверэнітэту Беларусі, непрызнання любых дамоваў і пагадненняў, якія падпісваюцца нелегітымным рэжымам Лукашэнкі з Расіяй і пагражаюць нашай незалежнасці і суверэнітэту, якія імкліва руйнуюцца з дапамогай праекта так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. І пад прыкрыццём якога пасля падпісання сумеснай Ваеннай дактрыны ў лістападзе 2021 года пачаліся так званыя саюзныя ваенныя вучэнні, вынікам якіх стала ўварванне ва Украіну. 

Гэта вельмі важна разумець: праект Саюзнай дзяржавы — гэта не нейкі фантом. Гэта інструмент, які сапраўды працуе для паглынання Беларусі і агрэсіі супраць Украіны. Акрамя таго, у рамках Саюзнай дзяржавы і з яе бюджэту фінансавалася незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх ідэалагічная апрацоўка. 

Больш за тое, у рамках Саюзнай дзяржавы вядзецца актыўная праца па знішчэнні беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы і замене іх рускімі. У тым ліку гэта адбываецца з дапамогай масіраванай прапаганды. Наўпрост зараз ідзе стварэнне адзінага медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы.

4. Таму неабходна ўсімі сіламі падтрымліваць беларускую культуру і незалежныя СМІ. 

Існуе вострая неабходнасць у комплекснай праграме падтрымкі беларускіх культурных праектаў у выгнанні, перш за ўсё, культурных праектаў на беларускай мове.

Вельмі важна ўзмацніць падтрымку беларускіх незалежных СМІ ў выгнанні. І адмовіцца ад дэструктыўнай практыкі аб'яднання падтрымкі незалежных беларускіх і расійскіх СМІ і падтрымкі беларускіх СМІ па рэштавым прынцыпе. Падобны падыход можа знішчыць беларускую і асабліва беларускамоўную незалежную журналістыку. Беларусь не з'яўляецца часткай «рускага свету». Беларусь — не частка расійскага інфармацыйнага асяроддзя. І не павінна ёй быць. Мы шмат гаворым пра важнасць захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Незалежныя беларускія СМІ — гэта іх неад'емны складнік.

5. Альтэрнатыва Саюзнай дзяржаве і «рускаму свету» — еўрапейская перспектыва для Беларусі.

Наш геапалітычны выбар, выбар дэмакратычных сіл — гэта Еўрапейскі саюз. Я заклікаю падтрымаць гэты выбар, працягваючы пашыраць і ўмацоўваць супрацоўніцтва інстытутаў ЕС з дэмакратычнымі сіламі. Пустое крэсла на снежаньскай сустрэчы міністраў Усходняга партнёрства не павінна быць пустым — гэта месца могуць заняць беларускія дэмакратычныя сілы.

Вось ключавыя дзеянні, на мой погляд, якія неабходныя для стварэння альтэрнатывы, у якую павераць беларусы і якая стане каталізатарам наступу дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Дзякуй за ўвагу. Жыве Беларусь!

Comentários


bottom of page