Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол
Сёння, 29 лістапада 2023 года, Лукашэнка адправіўся ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, анансаваўшы шэраг сустрэч з лідарамі афрыканскіх дзяржаў: «Усе вы павінны разумець, гэта далёкая дуга нашага супрацоўніцтва, але гэта не значыць, што далёкія краіны. З некаторымі мы маем добрыя адносіны, гандлёва-эканамічныя ў тым ліку».
Так што гэта за такія гандлёва-эканамічныя адносіны з краінамі «далёкай дугі» і хто здабывае з гэтых адносін выгаду?
На першы погляд можа падацца, што выгаду гэтую здабывае Рэспубліка Беларусь і яе грамадзяне. Так бы і было, калі б беларуская эканоміка была «эканомікай здаровага чалавека», а не «эканомікай курца».
Беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы пастаўлялі б сваю прадукцыю на рынкі тых жа краін Блізкага Усходу і Афрыкі і за гэта атрымлівалі б валюту, выручка такім чынам ішла б дзяржаве, а потым праз падаткі пераразмяркоўвалася б паміж грамадзянамі.
Але ці так адбываецца насамрэч?
Не. Аказваецца, дзяржаўныя прадпрыемствы пастаўляюць сваю прадукцыю ў краіны «далёкай дугі» не наўпрост, а праз загадкавую прыватную фірму AFTRADE DMCC, зарэгістраваную не ў Мінску і нават не ў Шклове, а... у сонечным Дубаі!
Адпаведна і выручка ад продажу тавараў, якія вырабляюцца беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, ідзе не ім, а асядае на рахунках гэтай дзіўнай канторкі, якая звязана з такімі даволі вядомымі персанажамі як Аляксандр Зінгман, Віктар Шэйман. І, вядома ж, самім Лукашэнкам.
У выніку пасля прапампоўкі выручкі праз гэтую фірму-пракладку, беларускім дзяржпрадпрыемствам дастаецца толькі дробязь. Гэта і ёсць асноўны прынцып працы сістэмы Лукашэнкі. Беларусы сваёй працай ствараюць тавар, вырабляюць прадукцыю, а выгаду ў выніку атрымліваюць не стваральнікі і вытворцы, а Лукашэнка і яго асяроддзе.
Таму і санкцыі ў першую чаргу б'юць не па звычайных грамадзянах, як спрабуе пераканаць нас прапаганда, а канкрэтна па такіх вось дзялках, якія атрымліваюць большую частку маржы ад продажу беларускай прадукцыі: як прыродных багаццяў нашай краіны, так і тавараў, створаных з дапамогай разумовай і фізічнай працы беларусаў.
Але можа хаця б у зваротным кірунку ад гандлю з Афрыкай і Азіяй у Беларусь ідуць імпартныя тавары, якія задавальняюць патрэбы беларусаў?
Лукашэнка ўвесь час кажа аб стварэнні нейкіх новых вытворчасцей у краінах Афрыкі, аб перадачы гэтым краінам нейкай падтрымкі і дапамогі, «перш за ўсё ў тэхналогіях». І што ж гэта за падтрымка і тэхналогіі?
Усё проста, з такімі ж сябрамі-людаедамі як і ён сам Лукашэнка арганізуе там здабычу карысных выкапняў: золата, алмазаў, нафты. Арганізуе гэта ўсё не дзяржава, не Рэспубліка Беларусь, а прыватныя фірмы, створаныя даверанымі людзьмі Лукашэнкі. Даходы ад продажу якіх, зноў жа, не паступаюць у бюджэт, гэта значыць шараговым беларусам, а ідуць Лукашэнку, ягонай сям'і і найбліжэйшаму атачэнню.
Вось такое вось гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі «далёкай дугі».
Дык навошта ж Лукашэнка паехаў у Дубай, нібыта на кліматычны саміт? Няўжо хтосьці праўда думае, што яго цікавяць экалагічныя і кліматычныя праблемы? А вось ствараць іх — ён мастак. Прыкладам гэтаму могуць служыць шэраг экалагічных катастроф, створаных дыктатарам за дзесяцігоддзі яго праўлення. Гэта і Светлагорскі ЦКК, і Брэсцкі акумулятарны завод, і Астравецкая АЭС, і перыядычна карычневая або дурнапахлая вада ў кранах у жыхароў беларускіх гарадоў, і перыядычныя выкіды адходаў у рэкі, і многія іншыя праблемы, з якімі вось ужо не адзін дзясятак гадоў сутыкаюцца беларусы.
Але Лукашэнка, паўтаруся, не паляцеў у Дубай вырашаць экалагічныя і кліматычныя пытанні. Перад ім зусім не стаіць задача па недапушчэнні павышэння тэмпературы на планеце больш чым на 1,5 градуса ў параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай, як заяўлена арганізатарамі саміту.
Узурпатар паляцеў пералічваць накрадзенае, пераразмяркоўваць свае фінансавыя плыні і пракантраляваць свой шматлікі бізнэс у краінах той самай «далёкай дугі». Бізнес, які ён пабудаваў за кошт беларускіх грамадзян і на шкоду ім. Ну і, вядома ж, ён паехаў наладжваць новыя схемы для абыходу, прынятых супраць яго рэжыму, санкцый.
Comentarios