Збольшага, гэта «пераклічка». Бо нехта па наіўнасці сапраўды можа звярнуцца ў так званую «камісію». Зразумела, што такіх людзей будзе зусім няшмат — і нават не дзве-чатыры тысячы, пра якія кажа Лукашэнка. Але нават пару дзясяткаў «заявак» дазволяць Лукашэнку казаць пра тое, што працэс пайшоў і «збеглыя» пабеглі каяцца. Пры гэтым, натуральна, колькасць «заявак» будуць фальсіфікаваць. Таксама ў рэжыма на прыкмеце ёсць і апрацаваныя для паказнога «вяртання» беларусы. І загадзя напісаны тэксты для іх «пакаяльных відэа». Няхай іх нават будзе ўсяго пару дзясяткаў.
У любым выпадку, калі вы ці вашыя знаёмыя па нейкай прычыне задумаліся над тым, каб скарыстацца «атракцыёнам нябачанай шчодрасці» ад Лукашэнкі - важна разумець: сам факт вашай заяўкі і прадстаўленыя ў ёй дадзеныя пасля будуць выкарыстаныя не для так званага «вяртання», а для ўзбуджэння крымінальных спраў.
І нават не па прыездзе, а ў рамках завочнага справаводства. Бо зараз супраць беларусаў, якія з’ехалі, масава не ўзбуджаюць крымінальныя справы толькі таму, што ў рэжыма банальна не хапае для гэтага рэсурсаў. І каб у «следчых» не было «вісякоў». Але «яўка з пакаяннем «у выглядзе звароту ў камісію вельмі спросціць ім жыццё, а інструмент завочных судоў дазволіць хутка правесці «следства» і вынесці завочны прысуд з канфіскацыяй маёмасці. І ўсё, справа зачынена.
Па-другое, кожны, хто вярнуўся па «запрашэнню» ад Лукашэнкі, адразу ж добраахвотна пасадзіць сябе на кручок рэпрэсіўнай сістэмы. Бо нават запісаўшы «пакаяльнае відэа» ці выплаціўшы грашовую кампенсацыю за «нанесеную шкоду», вы не атрымаеце аніякіх гарантый, што заўтра ў вашым тэлефоне не знойдуць падпіску на «экстрэмісцкі канал» ці не выявяць (а на справе сфабрыкуюць) нейкае іншае парушэнне канцлагернага рэжыму.
Але галоўны матыў і разлік Лукашэнкі - гэта, вядома, паспрабаваць у чарговы раз падмануць Захад. Прадаць Захаду ілюзію «адлігі» ў надзеі на аднаўленне свайго прызнання і хаця б частковае зняцце санкцый.
Пры гэтым відавочна, што ісці на сур’ёзныя саступкі Лукашэнка не збіраецца. Замест гэтага, ён імітуе псеўда-лібералізацыю, заяўляючы аб стварэнні камісіі па «збеглых» і гатоўнасці дараваць нейкую нязначную колькасць «заблукаўшых» беларусаў.
Паказальным тут з’яўляецца яшчэ адзін момант — абмяркоўваючы сваю ідэю-фікс з так званым старшынёй Вярхоўнага суда Сукалам, Лукашэнка звярнуў увагу на нестыкоўкі. А менавіта на той факт, што за «злачынствы», якія патэнцыйна плануецца «прабачаць» вяртальнікам, унутры краіны па-ранейшаму выносяцца судовыя рашэнні.
Чаму гэта важны момант?
Гэта сведчыць аб тым, што Лукашэнка плануе маштабаваць сваю схему са «збеглымі» і ўнутры краіны. А менавіта — «памілаваць» пасля «пакаяння» і выплаты кампенсацый нейкую частку асуджаных па палітычных матывах. Напрыклад, тых, хто патрапіў за краты за «дробныя правіны», накшталт пары каментароў у сацсетках. Бо дыктатар разумее, што Захад дакладна не купіцца на яго псеўда-адлігу, калі яна хаця б часткова не закране людзей унутры Беларусі.
Але андначасова ён вымушаны знайсці пераканаўчыя аргументы для сваіх сілавікоў-«стаханаўцаў», каб растлумачыць ім, чаму пасля некалькіх гадоў масавых рэпрэсій і тэрору, якім яны прысвяцілі ўсіх сябе без астатку, нейкую частку «ворагаў народа» зараз трэба раптам узяць і «памілаваць».
Ні для каго не сакрэт (ды і сам Лукашэнка ўжо адкрыта гэта вызнае), што сілавікі з’яўляюцца галоўнай апорай ягонага рэжыму. І, відавочна, яны наўрад ці будуць вельмі рады, што ўсе іх «заслугі» і гады «ўдарнай працы» па закатванні беларусаў у асфальт прывядуць да таго, што нейкая частка гэтых беларусаў выйдзе — хоць і на вельмі ўмоўную, але свабоду. У разуменні апрычнікаў гэта будзе выглядаць як самая натуральная здрада.
А значыць, Лукашэнка павінен прадаць ім ідэю аб «зрынутым вораге». Зламаным, прыніжаным і на каленях молячым аб літасці. Менавіта такую ролю па задуме Лукашэнкі павінны адыграць «збеглыя», якія пакаяліся, а таксама і тыя, хто будзе «памілаваны» па той жа схеме ўнутры Беларусі.
І менавіта таму ў склад камісіі ўвайшлі такія персанажы як, напрыклад, Баскаў - саўдзельнік забойства Рамана Бандарэнкі, самыя адыёзныя прапагандысты — накшталт Азаранка, Мукавозчыка і Пуставога, гестапаўцы Церцель, Гара, Кубракоў і Швед — каб у апрычнікаў не ўзнікла і думкі, што камісія недастаткова суровая. Апрычнікі дыктатара павінны паверыць, што яны рэальна «перамаглі». А Захад пры гэтым — павінен паверыць, што Лукашэнка стаў на шлях «выпраўлення» і паступова гатовы рабіць нейкія крокі насустрач.
Але ўзнікае пытанне да нас з вамі. Нам таксама трэба ў гэта паверыць? Паверыць Лукашэнку?
Паверыць і пагадзіцца, што ціск на ягоны рэжым павінен спыніцца, калі ўзамен ён «вызваліць» нейкую частку палітвязняў? Але гэтая свабода — абсалютна фіктыўная. Нашая краіна як была, так і застанецца канцлагерам, пакуль гэты рэжым будзе існаваць.
І што — нам трэба пагадзіцца з гэтым? Пагадзіцца, што на «свабоду» выйдуць далёка не ўсе палітвязні? Што што разгромленыя НДА і незалежныя СМІ ўжо не адновяць сваю працу ўнутры краіны. Што замест знішчанай грамадзянскай супольнасці, замест дэмакратыі мы атрымаем так званы Усебеларускі народны сход і «Белую Русь» — партыю імя Лукашэнкі. Можа быць, нам трэба яшчэ і ўступіць у яе і заплаціць ўнёскі?
Можа нам трэба прыняць, што Беларусь так і застанецца ваенным плацдармам і працягне ператварацца ў расейскую «губерню»? Або што сотні тысяч беларусаў так і не вернуцца дадому, бо аніводны разумны чалавек не стане добраахвотна браць квіток у адзін канец — наўпрост у канцлагер «Белоруссия».
Здаецца, адказ відавочны. Але відавочна — не ўсім. Бо сёння мы чуем, як усё гучней гучаць галасы тых, хто сапраўды лічыць, што трэба пайсці рэжыму на саступкі.
Што нельга ўводзіць супраць яго новых санкцыяў. Што трэба, наадварот, здымаць іх. Што можна закрыць вочы на ягоны саўдзел у вайне супраць Украіны, бо ён жа пакуль не ўступіў у яе па зямлі. Ну падумаеш, адкрыў расійскай арміі мяжу для ўварвання ва Украіну і разні ў Кіеўскай вобласці. Падумаеш, аказвае агрэсару поўную інфраструктурную і тылавую падтрымку. Падумаеш, вырабляе і падае Расіі снарады. Падумаеш, усяго нейкіх 800 ракетных удараў былі нанесеныя па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Гэта ж дробязі, праўда?
Затое патуранні для рэжыму Лукашэнкі, на думку некаторых палітычных дзеячаў, дадуць яму прастору для манеўру. Дазволяць «вырвацца з абдымкаў Крамля», у якія яго, аказваецца, заштурхалі менавіта санкцыі, а не сама палітыка рэжыму Лукашэнкі. Гэта ж санкцыі вінаватыя ў тым, што ён захапіў самалёт, потым учыніў міграцыйны крызіс і нарэшце ператварыў Беларусь у дзяржаву-агрэсар, праўда ж?
«Давайце здымем з яго санкцыі, давайце спынім ціск і перагарнем старонку. Стратэгія ціску не працуе, так што давайце вернемся ў 2015 ці 2019 год, давайце пачакаем, пакуль рэжым сам „эвалюцыянуе“ і на нас паступова сыдзе дэмакратыя,»
— кажуць гэтыя палітыкі, чыя рыторыка нейкім зусім дзіўным чынам на 100% супадае з рыторыкай рэжымных «аналітыкаў», накшталт Прэйгермана. Або кулуарнай рыторыкай лукашэнкаўскіх «дыпламатаў», якія спрабуюць прадаць гэтыя тэзісы Захаду. Супадзенне? Моцна сумняваюся.
Дык ці гатовы я — як палітык і проста як грамадзянін — забыцца, скласці рукі, перагарнуць старонку і спыніць барацьбу? Не, не гатовы. Як і ўся мая каманда. Мы памятаем аб патрабаваннях беларускага народа. І не бачым прычын ад іх адмаўляцца і адыходзіць. Не бачым прычын, каб дазволіць Лукашэнку пазбегнуць адказнасці.
Не, мы будзем рабіць усё, каб ціск на ягоны рэжым не спыняўся. Да таго часу, пакуль на волю не выйдуць усе без выключэння беларусы, асуджаныя па палітычных матывах. Пакуль усе беларусы не змогуць вярнуцца дадому, а не ў канцлагер «Белоруссия». Пакуль рэпрэсіі не спыняцца цалкам — разам з існаваннем рэжыму Лукашэнкі.
Здаецца, гэта нерэальна? Тады запытайцеся ў сябе вось пра што: калі стратэгія ціску на рэжым сапраўды не працуе, калі не працуюць санкцыі і яны не набліжаюць нас да мэты — то чаму ж нас так актыўна спрабуюць пераканаць у тым, што для дасягнення нашай мэты санкцыі неабходна зняць? Калі не ціск на рэжым вымушае яго імітаваць пачатак «лібералізацыі», калі не эфект ад ужо ўведзеных санкцый і страх перад новымі з’яўляюцца сапраўднай прычынай усёй гэтай кампаніі пад назвай «давайце дамовімся» — дык што ж тады?
Мусіць, цытаваць Гандзі - банальна. Але ўсё ж хачу нагадаць яго словы, якія ідэальна апісваюць тое, што адбываецца:
«Спачатку яны цябе не заўважаюць, потым смяюцца над табой, затым змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш».
Comments