top of page

Для чаго ў Беларусі зацвярджаюць УНС?


У Беларусі пачалося фарміраванне Усебеларускага народнага сходу. DW распавядае, хто ўвойдзе ў склад новага канстытуцыйнага органа і чаму ён не стане «ганаровай пенсіяй» для Лукашэнкі, як задумвалася раней

Крыніца: dw.com

«Гэта 7-е скліканне, але яно асаблівае. Яно — канстытуцыйнае», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб падрыхтоўцы да правядзення Усебеларускага народнага сходу (УНС). Вылучэнне кандыдатаў у новы канстытуцыйны орган ужо пачалося і працягнецца да 31 сакавіка, а 24-25 красавіка, як паведаміў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, адбудзецца першае пасяджэнне УНС.

Першапачаткова меркавалася, што УНС будзе выкарыстаны для транзіту ўлады ў Беларусі як ганаровая пенсія Лукашэнкі. Згодна з новай канстытуцыяй, УНС атрымлівае даволі сур'ёзныя паўнамоцтвы, пераймаючы частку функцый прэзідэнта і іншых органаў улады. Да іх адносяцца ініцыяванне змяненняў у Канстытуцыю, разгляд пытання аб легітымнасці выбараў, абвяшчэнне надзвычайнага становішча і нават зрушэнне прэзідэнта. Як ідзе вылучэнне кандыдатаў у УНС і якую ролю адвядзе яму Лукашэнка, які не збіраецца сыходзіць?

Народ у фарміраванні УНС ўдзелу не прымае

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі Фота: privat
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі Фота: privat

Хоць у назве органа ёсць слова «ўсенародны», народ не ўдзельнічае ў фармаванні УНС нават намінальна, кажа палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. «Калі на выбарах, якія прайшлі ў лютым (дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў — рэд.), хоць там таксама ўсё было загадзя зразумела, людзі ўсё ж ішлі на ўчасткі і апускалі ў скрыні бюлетэні — тым самым рытуал быў выкананы, — то УНС фармуецца на міжсабойчыках наменклатуры», — адзначае экспэрт.

Усяго ў УНС павінна быць 1 200 кандыдатаў, траціна з іх — дэпутаты розных узроўняў. Фарміраванне складу сходу не выпадкова пачалося адразу ж пасля адзінага дня галасавання 25 лютага — новыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аўтаматычна становяцца дэлегатамі УНС. Таксама ў орган адразу ж трапяць члены Савета Рэспублікі, якіх у хуткім часе павінны прызначыць. Дэпутаты мясцовых саветаў, якія атрымалі мандаты падчас выбараў 25 лютага, таксама павінны выбраць сваіх прадстаўнікоў у якасці дэлегатаў УНС.

Другая траціна дэлегатаў УНС — гэта беларускія чыноўнікі вышэйшага звяна, у ліку якіх — Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады. Астатняя траціна — так званая «грамадзянская супольнасць». Мінюст ужо вызначыў, што дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у склад УНС маюць права пяць грамадскіх аб'яднанняў: «Белая Русь», БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў.

«Калі казаць метафарычна, то сістэма акукляецца. Народ стаў лішнім. Народ, які ў 2020 годзе запатрабаваў сумленных выбараў, палохае і раздражняе Лукашэнку. Таму ён імкнецца гэты новы орган з каласальнымі паўнамоцтвамі па новай Канстытуцыі засцерагчы нават ад ускоснага ўплыву народнага волевыяўлення», — каментуе прынцып фарміравання УНС Класкоўскі.

УНС — «пятае кола» ў сістэме ўлады

Калі толькі пачаліся размовы аб канстытуцыйнай рэформе, пасля якой УНС і здабыў статус канстытуцыйнага органа, многія лічылі, што на зменах у асноўным законе настойвала Расія, каб такім чынам забяспечыць транзіт улады ў Беларусі. Меркавалася, што Лукашэнка зойме пасаду старшыні УНС і будуць арганізаваныя датэрміновыя прэзідэнцкія выбары — такую магчымасць не выключаў і сам Лукашэнка.

«Аднак сітуацыя змянілася, ён змог зацэментаваць грамадства і вярнуць кантроль у дзяржаве рэпрэсіўнымі метадамі. І яму больш не патрэбны гэты транзіт», — кажа аналітык Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан. Паводле яго слоў, цяпер УНС для Лукашэнкі стаў «пятай нагой у сабакі» — ён зусім не разумее, навошта ствараць такую сістэму, пры гэтым дамоўленасць трэба было выканаць.

Аналітык НАУ Арцём Брухан
Аналітык НАУ Арцём Брухан Фота: НАУ-медыя

Пра неразуменне Лукашэнкі ролі УНС у палітычнай сістэме Беларусі, са слоў Брухана, сведчыць таксама выраз «УНС павінна знайсці сваё месца, але не перашкаджаць прэзідэнту». «Гэта значыць орган створаны, але Лукашэнка дагэтуль разважае пра ягоную сутнасць. Цяпер транзіт не плануе, але, магчыма, збіраецца выкарыстоўваць яго ў будучыні. Хоць я не здзіўлюся, калі ён потым наогул прыбярэ УНС з Канстытуцыі», — разважае Арцём Брухан.

Класкоўскі, у сваю чаргу, адзначае, што цяпер пытанне транзіту перастала быць актуальным праз рэпрэсіі ў краіне і пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне, праз якую Пуціну стала няма чаго мяняць Лукашэнку. Акрамя таго, сам Лукашэнка, паглядзеўшы на досвед транзіту ў Казахстане, наўрад ці захоча так эксперыментаваць.

Шырокія паўнамоцтвы УНС ствараюць праблему двоеўладдзя

З улікам таго, што Канстытуцыя дае УНС «тэрмаядзерныя паўнамоцтвы», як выказаўся Класкоўскі, гэта патэнцыйна стварае праблему двоеўладдзя і канкурэнцыі з функцыямі прэзідэнта. «Як дасведчаны чалавек, Лукашэнка выдатна разумее, што ў дзяржаве не можа быць дзве ўлады. Ён сваімі рукамі стварыў сістэму двоеўладдзя, і таму перажывае, які з цэнтраў будзе перацягваць на сябе ўплыў у наменклатуры», — лічыць Брухан. 

Па словах абодвух аналітыкаў, гэтую дылему Лукашэнка збіраецца вырашаць «у сваім духу»: ён сядзе яшчэ і ў крэсла старшыні УНС, што дазваляе Канстытуцыя, і будзе ўтрымліваць абедзве пасады.

«Калі ўявіць сабе, што Лукашэнка па нейкай прычыне не зможа выконваць свае абавязкі, то УНС сапраўды можа стаць інструментам барацьбы за ўладу як орган з шырокімі паўнамоцтвамі. Лукашэнка адчувае гэтую небяспеку, але пакуль адганяе ад сябе гэтыя думкі, спадзеючыся на свой фізічны рэсурс і перавыбранне ў 2025 годзе», — кажа Класкоўскі. 

УНС, як і з'езды КПСС — не месца для дыскусій

Зрэшты, задача знайсці УНС месца ў сістэме ўлады ў Беларусі з улікам усіх абставінаў стаіць і перад чыноўнікамі. Так, напрыклад, гендырэктар Нацбібліятэкі Вадзім Гігін прапанаваў замацаваць асноўныя палажэнні ідэалогіі беларускай дзяржавы на УНС. Зрэшты, Аляксандр Класкоўскі не лічыць, што ў УНС будзе нейкая асаблівая, унікальная роля і функцыі. 

«Выглядае так, што яны проста ўпісалі ў Канстытуцыю гэты орган з вялікімі паўнамоцтвамі і цяпер ламаюць галаву, што з ім рабіць. Адсюль і гэтыя размовы пра зацвярджэнне на УНС дзяржаўнай ідэалогіі. Абсалютна зразумела, што пры цяперашнім складзе лаялістаў і адданых правадыру людзей даволі па-дурному чакаць нейкіх дыскусій і альтэрнатыўных меркаванняў. Усе дружна падымуць рукі, як на з'ездах КПСС», — лічыць аналітык.

Дэмакратычныя сілы Беларусі, якія ўжо назвалі УНС недэмакратычным органам для замацавання незаконнай улады Лукашэнкі, павінны рыхтавацца да наступнай электаральнай кампаніі — прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе, кажа Брухан. «Трэба не даць рэжыму правесці наступную кампанію спакойна і без праблем, як ён запланаваў. Бо цішыня для дыктатуры — гэта найлепшае асяроддзе».

 

Commenti


bottom of page