top of page

Еўрапейскія каштоўнасці ці business as usual з Лукашэнкам?

22 лютага чакаецца разгляд Саветам ЕС новых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі - у сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю рэжыму да расійскай агрэсіі супраць Украіны. Якіх рашэнняў трэба чакаць?


Гэта вельмі важнае пытанне, бо на працягу некалькіх тыдняў напярэдадні прыняцця новых абмежавальных мер актыўна абмяркоўваецца пытанне аб выключэннях для беларускага калію, у дачыненні да якога з 2021 года дзейнічаюць санкцыі ЕС. Таксама супраць Беларускай калійнай кампаніі дзейнічаюць санкцыі ЗША, а Літва на ўзроўні нацыянальных санкцый забараніла транзіт беларускага калію па сваёй тэрыторыі і закрыла для рэжыму Лукашэнкі магчымасць выкарыстоўваць Клайпедскі порт.


Так галоўная экспартная галіна рэжыму Лукашэнкі сутыкнулася з вялізнымі праблемамі - вытворчасць калію ў Беларусь упала на 60%, а экспарт — на 50%. Нядзіўна, што ўсе сілы лабістаў рэжыму кінуты на тое, каб дамагчыся зняцця гэтых санкцый.


Першая сур’ёзная спроба была зроблена вясной мінулага года пры пасярэдніцтве Генсека ААН Антоніу Гутэрыша — тады Лукашэнка разлічваў на зняцце калійных санкцый у абмен на транзіт украінскага збожжа праз тэрыторыю Беларусі. Але афіцыйны Кіеў ад «паслуг» Лукашэнкі адмовіўся, што абсалютна нядзіўна — бо беларускі дыктатар з’яўляецца ключавым саюзнікам Расіі і саўдзельнікам развязанай ёю вайны супраць Украіны.


Менавіта з тэрыторыі Беларусі 24 лютага 2022 года пачалося расійскае ўварванне ў Кіеўскую вобласць. Менавіта дапамога Лукашэнкі, які забяспечыў расійскім войскам поўны доступ да неабходнай інфраструктуры і прапусціў іх праз беларуска-ўкраінскую мяжу, зрабіла магчымай «Бучанскую разню» — масавыя забойствы мірных жыхароў Кіеўскай вобласці, фактычны генацыд, кадры якога шакавалі ўвесь цывілізаваны свет.


Так, наступ рускіх на Кіеў у выніку праваліўся, але гэта ніяк не змяніла паводзіны Лукашэнкі, які на працягу ўсёй вайны працягвае аказваць Расіі ўсю неабходную падтрымку — матэрыяльна-тэхнічную, інфраструктурную, медыцынскую. З тэрыторыі Беларусі па Украіне было нанесена каля 800 ракетных удараў. Лукашэнка зняў з кансервацыі і перадаў Расіі вялізную колькасць ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў. Прамысловасць Беларусі сёння фактычна ўстала на ваенныя рэйкі і абслугоўвае расійскі ВПК. І тут жа, у Беларусі, на бесперапынных вайсковых вучэннях разам з беларускімі трэніруюцца расійскія вайскоўцы і фармуюцца ўдарныя групоўкі.


Адзіная «заслуга», якую ставяць Лукашэнку, заключаецца толькі ў тым, што сама беларуская армія пакуль яшчэ не перайшла мяжу і не ўступіла ў вайну супраць Украіны напрамую. І выглядае, што гэтай «заслугай» ён актыўна спрабуе скарыстацца зноў, каб дамагчыся так неабходных яму выключэнняў па калію ў новым пакеце санкцый ЕС…

З мэтай паслаблення санкцый лабісты рэжыму зноў запускаюць старую песню пад назвай «Лукашэнка — гарант незалежнасці Беларусі». Ва ўмовах вайны яны спрабуюць прадаць гэтую гісторыю пад выглядам «супраціву Лукашэнкі ціску Крамля». Нібыта, калі спыніць ціск на Лукашэнку, аслабіць супраць яго санкцыі і вярнуць яму «прастору для манеўру» — ён зможа «вырвацца з абдымкаў Крамля» і гарантаваць неўступленне сваёй арміі ў вайну па зямлі.


Пры гэтым, аднак, яны спрэс забываюць, што першыя па-сапраўднаму жорсткія санкцыі, у тым ліку санкцыі ў дачыненні да беларускага калію, былі ўведзеныя задоўга да пачатку вайны. Нават масавыя рэпрэсіі і тэрор, якія развязаў Лукашэнка пасля прайграных ім выбараў у 2020 годзе, не заахвоцілі Захад адразу дзейнічаць жорстка. А наступных злачынстваў - прымусовай пасадкі самалёта Ryanair і міграцыйнага крызісу на межах з ЕС — Лукашэнка папросту мог не здзяйсняць.


Але ён ішоў на ўсё новыя санкцыі абсалютна свядома. Як і абсалютна свядома ўсе 30 гадоў свайго нязменнага праўлення ён паглыбляў інтэграцыю з Расіяй, заключаў з ёй адно пагражальнае для суверэнітэту Беларусі пагадненне за іншым і ствараў так званую Саюзную дзяржаву, марачы аднойчы яе ўзначаліць. Так, менавіта так. З першых жа дзён свайго прыходу да ўлады ў Беларусі, Лукашэнка марыў аб Крамлі.


Ніякія санкцыі не штурхалі яго да таго, каб штораз, з кожным новым пагадненнем, здаваць усё больш суверэнітэту Беларусі на карысць Расіі. Гэта выдуманы яго ж паліттэхнолагамі і дыпламатамі міф, створаны толькі для таго, каб штораз дазваляць Лукашэнку сыходзіць з-пад санкцый — і працягваць заставацца ва ўладзе і далей гандляваць беларускім суверэнітэтам.


І тым больш ніякія санкцыі не штурхалі дыктатара да таго, каб пасля завяршэння сумесных з Расіяй ваенных вучэнняў у 2022 годзе, адкрыць для расійскага войска мяжу і дапамагчы ёй ажыццявіць уварванне ва Украіну. Ці нехта верыць, што ў адваротным выпадку Расія прарывалася б ва Украіну праз Беларусь з боем? Ваявала б з беларускім войскам? Не. Без добраахвотнай згоды і поўнага садзейнічання рэжыму Лукашэнкі ўварвання з беларускага плацдарму проста б не здарылася. А магчыма — не здарылася б ніякага ўварвання ў прынцыпе.


Наратыў пра «Лукашэнку, які супраціўляецца Крамлю» — наскрозь ілжывы. І тым больш ілжывы наратыў аб тым, што з рэжыму Лукашэнкі трэба зняць санкцыі ці хаця б аслабіць іх для таго, каб «адарваць яго ад Расіі».


Хто з лабістаў гэтай ідэі можа ўпэўнена заявіць, што атрыманыя ад паслаблення санкцый рэсурсы Лукашэнка не працягне накіроўваць на абслугоўванне расійскага ВПК? Хто гарантуе, што «беларускі афшор» у прынцыпе не будзе працаваць на Расію, працаваць на вайну? І тым больш хто гарантуе, што «вызвалены» ад санкцыяў рэжым Лукашэнкі вывядзе з Беларусі расійскія войскі і вайсковыя аб’екты? Адказ відавочны — ніхто. Таму што пакуль існуе рэжым Лукашэнкі, гэтага ніколі не адбудзецца.

Але давайце пафантазіруем. Лукашэнка сапраўды хоча адарвацца ад Расіі і вывесці Беларусь з-пад санкцыяў? Усе карты прама цяпер знаходзяцца ў яго руках — гэта:


  1. Спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх беларусаў, асуджаных па палітычна-матываваных прысудах.

  2. Спыненне саўдзелу ў вайне і матэрыяльна-тэхнічнага, інфраструктурнага, вытворчага і іншага забеспячэння ваеннага агрэсара — Расіі.

  3. Вывад з Беларусі ўсіх расійскіх войск і ваенных аб’ектаў, спыненне сумесных вучэнняў і навучання расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі. Аргументы аб існуючых дагаворах з Расіяй не вытрымліваюць тут ніякай крытыкі. Дзеянне любых дагавораў, якія супярэчаць дзяржаўным інтарэсам, могуць і павінны быць проста прыпынены.

  4. Правядзенне новых, свабодных і празрыстых выбараў без кандыдатуры Лукашэнкі пад назіраннем місіі АБСЕ і незалежных назіральнікаў.


Усё гэта Лукашэнка, як «гарант суверэнітэту» можа зрабіць хоць заўтра, калі ён такім не з’яўляецца. І для гэтага ніякіх папярэдніх умоў у выглядзе зняцця санкцый не патрабуецца. Зняццё санкцый можа і павінна быць наступствам рэалізацыі гэтых мер, але ніяк не наадварот.


Безгрунтоўнасць наратыву аб «гаранце суверэнітэту» — відавочна. Лабісты паслаблення і зняцця санкцый з рэжыму Лукашэнкі безумоўна разумеюць гэта. А таму, у надзеі дабіцца сёння выключэнняў для беларускага калію (а гэта ключавы экспарт рэжыму Лукашэнкі), яны спрабуюць разбавіць адзін ілжывы наратыў іншым. А менавіта тэзай — пра «пагрозу харчовай бяспецы».

Вось толькі і ён не мае ніякага дачынення да рэальнасці. Дзесяты месяц запар зніжаецца сярэдняе значэнне сусветнага індэкса харчовых цэн і ніякіх тэндэнцый да таго, што яно пачне расці проста не назіраецца. Трэці месяц запар падаюць і сусветныя цэны на адну з ключавых збожжавых культур — пшаніцу.


Можа быць растуць цэны на ўгнаенні? Не. Хтосьці спрабуе спекуляваць аптовымі цэнамі. Але яны — не паказчык, а толькі каціроўкі, якія даўно не абнаўляліся. Затое, калі мы паглядзім на рознічныя цэны для сельгасвытворцаў, вычышчаныя ад спекулянтаў - мы ўбачым, што сярэдняя рознічная цана калію падала з канца кастрычніка 2021 года.


Гэта факт — калій Лукашэнкі не выратуе ніякіх галодных, не выратуе нічыіх жыццяў. Але можа іх адабраць. Таму што плаціць за беларускі калій — раўно плаціць Лукашэнку за рэпрэсіі, забойствы і тэрор у дачыненні да беларусаў. Плаціць за беларускі калій — раўно плаціць Лукашэнку і Крамлю за вайну супраць Украіны.

Хто ў сваім розуме можа быць у гэтым зацікаўлены? Адказ відавочны — толькі той, чые інтарэсы супадаюць з інтарэсамі Лукашэнкі.


Першы і галоўны інтарэсант — Расія. Рэжым Лукашэнкі цалкам забясьпечвае яе інтарэсы ў Беларусі, але ва ўмовах дзейных санкцыяў дорага ёй абыходзіцца. А таму вызваліць вялізныя грошы для яго існавання праз зняцце санкцый з калію — гэта выдатнае рашэнне для Крамля.


І тым больш для Крамля важна не дапусціць гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі за агрэсію супраць Украіны. Калі гэта здарыцца — і для Расіі зачыніцца «беларускае акно», праз якое яна атрымлівае тыя неабходныя для сябе тавары, якія не можа напрамую атрымаць з-за ўведзеных у дачыненні да яе санкцый. А ў першую чаргу — гэта прадукцыя падвойнага прызначэння, электроніка і іншыя тавары і тэхналогіі, неабходныя расійскаму ВПК.


Такім чынам, мы прыходзім да простай высновы — лабісты, якія працуюць на паслабленне санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, працуюць не толькі і не столькі на яго, колькі на саму Расію.


І сёння мы можам казаць аб тым, што нягледзячы на ўсю ілжывасць і неабгрунтаванасць іх аргументаў, лабісты дзейнічаюць дастаткова эфектыўна. За лічаныя дні да чаканага рашэння Рады Еўразвяза па новых санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі, пытанне па выключэннях для беларускага калію ўсё яшчэ не знятае.


Выходзіць, інтарэсанты для прымянення такіх выключэнняў ёсць і на заходнім баку. Неабходна сказаць пра гэта наўпрост — сярод краінаў-чальцоў Эўрасаюзу ёсьць тыя, чые бізнэс-інтарэсы супадаюць з інтарэсамі рэжыму Лукашэнкі, з інтарэсамі Крамля. Тыя, хто што б там ні было хоча вярнуцца да business as usual з Лукашэнкам і з Расіяй таксама. Тыя, хто фактычна гатовы фінансава дапамагчы абодвум агрэсарам і даць ім магчымасць атрымаць больш рэсурсаў для працягу вайны супраць Украіны.


А значыць — кінуць выклік усім еўрапейскім каштоўнасцям, якія дэкларуе Еўрапейскі саюз. Каштоўнасцям, якія ляжаць у яго аснове. Бо атрымаўшы жаданае, Пуцін і Лукашэнка не спыняцца ва Украіне, а яшчэ больш актыўна возьмуцца за разбурэнне Аб’яднанай Еўропы знутры — за грошы саміх жа еўрапейцаў.


Надыходзіць момант ісціны. Момант, калі ЕС дасць прамы адказ на простае пытанне, што для яго сёння важней: еўрапейскія каштоўнасці і будучыня Еўропы ці business as usual з дыктатарамі і вайсковымі агрэсарамі?


Калій Лукашэнкі - гэта зброя. Але ад рашэння ЕС залежыць, на каго яно будзе накіраванае: на самога дыктатара і вайсковага злачынцу ці на беларусаў, украінцаў і ўсіх еўрапейцаў у прынцыпе.

Comments


bottom of page