top of page

Заява да закрыцця памежнага пераходу Баброўнікі-Бераставіца


Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі: 13 лютага 2023 г


Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі падтрымлівае рашэнне ўрада Рэспублікі Польшча аб закрыцці грузавога памежнага перахода Баброўнікі-Бераставіца. Гэта адэкватны адказ на беззаконне ў Беларусі, рост колькасці палітычных зняволеных і бесчалавечнае абыходжанне з імі ў засценках. Па хваравітай рэакцыі незаконнага рэжыму бачна, што гэты крок зроблены ў правільным накірунку, бо абмяжоўвае магчымасці рэжыму фінансаваць рэпрэсіі.


Мы заклікаем урад Польшчы, Літвы і іншых краін-чальцоў ЕЗ, ЗША і ўсіх дзяржаў, якія зрабілі заявы аб сваёй прыхільнасці дэмакратычнай, суверэннай, незалежнай Беларусі, працягнуць нарошчваць ціск на рэжым з мэтай дамагчыся спынення рэпрэсій і вызвалення палітычных зняволеных.


Пры гэтым абавязковай умовай для Кабінета застаецца скіраванасць такіх мераў на прычыненне шкоды менавіта рэжыму Лукашэнкі. Важна, каб пасажырскія пераходы заставаліся адчыненымі, у тым ліку як гуманітарныя калідоры ва ўмовах масавых рэпрэсій у Беларусі.


Акрамя таго, Кабінет выступае катэгарычна супраць любых выключэнняў у рамках санкцыйнага рэжыму, у тым ліку супраць шырока абмяркоўваемай верагоднасці прымянення выключэнняў для беларускага калію ў рамках новага пакета санкцый Еўрапейскага звяза, які рыхтуецца да прыняцця. Гэта створыць новыя шчыліны ў рэжыме санкцый, якія дазволяць дыктатуры атрымаць неабходныя рэсурсы для нарошчвання рэпрэсій супраць беларускага народа і падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны.


Аб’яднаны Пераходны Кабінет выступае за выкарыстанне ўсіх даступных сродкаў ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызвалення палітычных зняволеных. Лічым магчымым пачатак любых перамоўных працэсаў з рэжымам Лукашэнкі толькі пасля поўнага спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў з гуманітарнага спісу ў якасці першага кроку з боку рэжыму.


Адказнасць за закрыццё памежных пераходаў, як і за любыя іншыя наступствы прымяняемых санкцый нясе выключна рэжым Лукашэнкі, які працягвае незаконна ўтрымліваць уладу, здзяйсняць масавыя рэпрэсіі і іншыя злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, дзеянні, якія ўяўляюць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, у тым ліку, захоп самалёта для арышту апанента, арганізацыю міграцыйнага крызісу на межах з Еўрапейскім звязам і саўдзел у вайне супраць Украіны на баку Расійскай Федэрацыі.


Спыненне рэпрэсій, вызваленне ўсіх без выключэння незаконна асуджаных па палітычных матывах беларусаў, спыненне саўдзелу Беларусі ў вайне, вывад усіх расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і абарона суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны застаюцца найважнейшымі прыярытэтамі працы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.

Comentários


bottom of page