top of page

ЗША нанеслі ўдар па ВПК «саюзнай дзяржавы»



Хітрасці мілітарызацыі лукашэнкаўскай эканомікі «ацанілі» ў ЗША — і ўвялі новыя санкцыі


Лукашэнка працягвае мілітарызацыю беларускай эканомікі — для падтрымкі ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. На вытворчасць тавараў ваеннага прызначэння дыктатар пераводзіць усе больш-менш прыдатныя прадпрыемствы, а да ўдзелу ў пастаўках камплектуючых прыцягваюць максімум удзельнікаў — ад буйных прадпрыемстваў да ІП.


Так, для вытворчасці тавараў ваеннага прызначэння выкарыстоўваюць элементы імпартных бытавых электратавараў. Прычым, не маючы абмежаванняў на іх пастаўку, можна ўвозіць як сам выраб, так і камплектуючыя.


У новых пакетах амерыканскіх санкцый, уведзеных 25 лютага, гэта ўлічылі і забаранілі пастаўкі ў Беларусь і Расію бытавой электронікі — паводле пераліку ў 276 таварных пазіцый, указаных у дакуменце Міністэрства гандлю і Бюро прамысловасці і бяспекі ЗША.


Такім чынам, Вашынгтон прымае меры да павышэння эфектыўнасці санкцыйнага ціску на Беларусь і Расію і спрабуе лепш узгадніць іх з абмежаваннямі, якія ўводзяць саюзнікі і партнёры ЗША. Амерыканскія ведамствы па-ранейшаму лічаць: пашырэнне ціску павялічыць эфектыўнасць ужо наяўных шматбаковых санкцый супраць РФ — праз «закрыццё доступу да новых тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваеннай сферы, і да крыніц даходаў, якія падтрымліваюць абаронную прамысловасць Расіі».


На Беларусь санкцыі таксама распаўсюдзіліся, паколькі ў ЗША справядліва лічаць яе саўдзельнікам у канфлікце з Украінай на баку Расіі — як у ваенных адносінах, так і ў эканамічных.


Іншымі словамі, Лукашэнку дастаткова было проста не працягваць мілітарызаваць эканоміку краіны, каб дагадзіць Пуціну — і новых санкцыяў на бытавую электроніку і іншыя тавары не было б. Аднак кіраўніка рэжыму не клапоцяць інтарэсы беларускага народа, ён працягвае абслугоўваць ваенныя патрэбы Крамля і тым самым падтрымліваць здзяйсняныя ім ваенныя злачынствы. У адказ Мінск атрымлівае новыя санкцыі і чарговае папярэджанне: спыніць саўдзел у вайсковай агрэсіі супраць Украіны.


Новыя маштабныя абмежаванні, у тым ліку на бытавую электроніку, прадугледжваюць экспартны кантроль, які будзе звужаць магчымасці паралельнага імпарту. Яго прыкладам можна назваць сытуацыю, калі беларускія кампаніі ўвозілі для перапастаўкі ў Расею тое, што было складана паставіць туды з-за байкоту кампаніі-пастаўшчыка. І гэта было адным з асноўных інструментаў Масквы для абыходу санкцый.


Цяпер выкарыстанне схем паралельнага імпарту для абыходу абмежаванняў багата крымінальным пераследам удзельнікаў здзелкі ў краінах-ініцыятарах. І гэта вельмі канкрэтнае папярэджанне ўсім удзельнікам такіх незаконных дзеянняў.


コメント


bottom of page