top of page

Канферэнцыя па Беларусі можа адбыцца ў Сенаце Польшчы


8 кастрычніка адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і спікеркі Каардынацыйнай Рады Анжалікі Мельнікавай з маршалкам Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай.

На сустрэчы таксама прысутнічалі старшыня Камітэта па міжнародных справах Сената Гжэгаж Схетына, каардынатар па пытаннях Палоніі і палякаў за мяжой Роберт Тышкевіч.

Павел Латушка ўзняў пытанне падтрымкі Польшчай звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы.

«Вельмі важна, каб Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны падтрымалі намаганні Літвы, скарыстаўшыся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Няхай справядлівасць возьме верх над беспакаранасцю. Гэтага жадае большасць беларусаў. Гэта тое, што нас яднае. Жаданне справядлівасці»,  падкрэсліў Павел Латушка.

Павел Латушка праінфармаваў польскі бок аб працягу рэпрэсій у Беларусі, паведаміўшы, што толькі 8 кастрычніка Следчы камітэт рэжыму распачаў крымінальныя справы супраць 45 чалавек, у тым ліку чальцоў Каардынацыйнай Рады, якія былі абвінавачаныя ў датычнасці да спробы захопу ўлады.

Маршалак Сената Малгажата Кідава-Блоньска падкрэсліла важнасць актыўнай працы ў парламенце Польшчы групы за незалежную і дэмакратычную Беларусь.

Старшыня камісіі па замежных справах Сената Гжэгаж Схетына зазначыў, што старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе стане добрай магчымасцю для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычных сіл і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

«Мы гарачыя прыхільнікі вашай дзейнасці. Мы будзем дэманстраваць, што варта падтрымліваць барацьбу за вашу суб'ектнасць. Мы будзем нагадваць, што ў Еўропе ёсць краіна, глыбока недэмакратычная, дзе людзі сядзяць у турмах за свае погляды», — заявіў на сустрэчы Гжэгаж Схетына.

Каардынатар па пытаннях Палоніі і палякаў за мяжой Роберт Тышкевіч акцэнтаваў асаблівую ўвагу на старшынстве Польшчы ў ЕС у кантэксце дэманстрацыі не разавага падыходу да падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, а сістэмнага, які ахоплівае палітычныя, культурныя, эканамічныя пытанні і г.д., а таксама на важнасці паказаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі.

Асобна абмеркаваны перспектывы ўдзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства».

Павел Латушка і Анжаліка Мельнікава вылучылі ініцыятыву па правядзенні слуханняў і дыскусій, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі ў сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека, а таксама па супрацоўніцтве паміж камітэтамі і працоўнымі групамі Каардынацыйнай Рады і Сената Польшчы.

Польскі бок выказаў зацікаўленасць у правядзенні ў парламенце Польшчы канферэнцыі, прысвечанай беларускай тэматыцы.

«Польшча з'яўляецца лідарам сярод нашых партнёраў, якія падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь, а таксама вядучай краінай у ЕС па выпрацоўцы палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Польшча нязменна праяўляе салідарнасць з беларускім грамадствам у нашым імкненні да незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі»,  падкрэсліў Павел Латушка.

 

Komentáře


bottom of page