
На цырымоніі сабраліся больш за 80 дэлегацый з усяго свету, у тым ліку прэзідэнты, прэм’ер-міністры, прадстаўнікі каралеўскіх сем’яў і міжнародных арганізацый, такіх як NATO, UNESCO, Еўрапейская рада і Еўракамісія.
Удзел прынялі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Італіі Серджыа Матарэла, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс, прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэлен, прэзідэнт Чэхіі Петр Павел, прэзідэнт Малдовы Мая Санду, прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс, а таксама прэзідэнт Славакіі Пітэр Пелегрыні.
Сярод каралеўскіх прадстаўнікоў у мерапрыемстве ўдзельнічалі кароль Вялікабрытаніі, кароль і каралева Іспаніі, кароль і каралева Бельгіі і іншыя.
Павел Латушка: «20 гадоў таму я меў гонар быць тут на цырымоніі да 60-годдзя вызвалення канцлагеру Аўшвіц. Тады прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі даслаў Лукашэнку запрашэнне на гэтую цырымонію. Але Лукашэнка не прыняў гэтае запрашэнне, бо ён спужаўся. Таго, што супраць яго прысутнасці ў гэтым важным, гістарычным месцы могуць выступіць як пазаўрадывая беларускія арганізацыі, так і яўрэйскія арганізацыі з розных краін свету. Ён не прыехаў – адправіў кіраўніка свайго парламента.
І вось прайшло 20 гадоў – на памятных мерапрыемствах беларускую дэлегацыю ўзначальвае Святлана Ціханоўская. І я таксама маю гонар прысутнічаць тут разам з ёй. Мінула 20 гадоў – і ўжо няма нават пытання, запрашаць ці не запрашаць сюды Лукашэнку. Ён не атрымае гэтага запрашэння ніколі, бо ён не мае права прадстаўляць Беларусь і беларускі народ, тым больш быць у гэтым гістарычным месцы, месцы сусветнай памяці ахвяр нацызму»
Comments