top of page

Лукашэнка асабіста ўхваліў прымусовае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей


Арыгінал артыкула: apnews.com


ТАЛІН, Эстонія (AP) — Беларускі апазіцыянер заявіў, што прадставіў Міжнароднаму крымінальнаму суду матэрыялы, якія нібыта сведчаць аб датычнасці прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі да гвалтоўнай перадачы ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Гэтыя абвінавачанні Мінск гнеўна абверг.

Лукашэнка - найбліжэйшы саюзнік Масквы, які дазволіў Крамлю выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для перакідкі войскаў і зброі ва Украіну, а таксама адобрыў расійскую ваенную прысутнасць, якая працягваецца ў Беларусі, і размяшчэнне там часткі расійскай тактычнай ядзернай зброі.

Аўтарытарны лідэр таксама даў згоду на рэалізацыю праекта "саюзнай дзяржавы", у рамках якога Масква і Мінск умацавалі свае эканамічныя, палітычныя і абаронныя сувязі, але пакуль не дасягнулі поўнага зліцця.

Павел Латушка, былы міністр культуры Беларусі, заявіў у аўторак, што матэрыялы, якія ён перадаў МУС, указваюць: больш за 2100 украінскіх дзяцей сама меней з 15 акупаваных Расіяй украінскіх гарадоў былі гвалтоўна вывезеныя ў Беларусь з ухвалы Лукашэнкі.

Латушка выказаў надзею, што матэрыялы стануць дастатковай падставай для таго, каб МУС мог выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі - як гэта было зроблена ў дачыненні да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

У сераду пракуратура суда не пацвердзіла нам атрыманне матэрыялаў, пра якія кажа Латушка. У пісьмовым адказе Associated Press гаворыцца: “У нас ёсць абавязацельства абараняць канфідэнцыйнасць атрыманай інфармацыі. У сувязі з гэтым мы звычайна не каментуем такія пытанні”.

М. Львоў-Бялова і У. Пуцін
М. Львоў-Бялова і У. Пуцін

У сакавіку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на Пуціна і ягонага ўпаўнаважанага па правах дзіцяці Марыю Львову-Бялову. Суддзі ў Гаазе заявілі, што знайшлі "разумныя падставы меркаваць", што абодва нясуць адказнасць за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконнай дэпартацыяй дзяцей і незаконным трансферам дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны ў Расію. Масква гнеўна адпрэчыла гэтае рашэнне.

“Украінскія дзеці, якія знаходзіліся пад апекай украінскай дзяржавы, уключаючы сірот, дзяцей-інвалідаў і тых, чые бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, былі незаконна вывезены на тэрыторыю Беларусі”, - пракаментаваў Латушка агенцтву Associated Press.

“Матэрыялы, перададзеныя пракурорам, даказваюць, што Лукашэнка асабіста падпісаў дакументы пад эгідай так званай саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якія паслужылі асновай для арганізацыі і фінансавання перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь”, - дадаў ён.

У анлайн-заяве, апублікаванай у аўторак, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (кіраўніком якога з'яўляецца Павел Латушка), якое выступае супраць Лукашэнкі, сцвярджае, што сабрала доказы таго, што ўкраінскія дзеці былі размешчаны ў пяці беларускіх летніх лагерах і санаторыях.

У тэлефонным інтэрв'ю Латушка заявіў, што дакументы паказваюць на тое, што ўкраінскія дзеці, якія змяшчаюцца ў беларускіх установах, падвяргаюцца ідэалагічнаму прамыванню мазгоў і "русіфікацыі" перад адпраўкай у Расію для ўсынаўлення. Гэтыя дзеянні, паводле яго слоў, могуць быць прыраўнаваны да ваенных злачынстваў.

Дзеці з Украіны ў Мінску
Дзеці з Украіны ў Мінску

Сярод матэрыялаў, апублікаваных Народным антыкрызісным упраўленнем, ёсць відэа, на якім артыст са сцэны жадае смерці прэзідэнту ЗША Джо Байдэну і прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму пад ухвальныя воклічы і апладысменты некалькіх дзесяткаў дзяцей, якія сабраліся ў зале. Затым той жа вядучы агучвае пажаданне Пуціну "квітнець і ўзяць пад кантроль усю Украіну".

Нам не ўдалося незалежна праверыць абставіны, пры якіх было знята відэа, а таксама абгрунтаваць іншыя сцвярджэнні Латушкі.

Лукашэнка ў аўторак абверг абвінавачанні Латушкі, назваўшы іх "вар'яцтвам". Ён сцвярджае, што Беларусь часова прытуліла дзяцей, каб дапамагчы ім акрыяць ад ваеннай траўмы.

Беларускі лідэр паведаміў, што звярнуўся да Пуціна, і яны дамовіліся фінансаваць знаходжанне дзяцей у Беларусі з дзяржаўнага бюджэту.

“Вось так мы пачалі прымаць іх сюды”, - сказаў Лукашэнка ў аўторак. “Мы дапамагаем палепшыць іх здароўе, і яны з'язджаюць. Насамрэч яны не хочуць з'язджаць”.

Лукашэнка назваў Латушку "нягоднікам" і абвінаваціў яго ў спробе сфабрыкаваць супраць яго справу ў Міжнародным крымінальным судзе.

Павел Латушка быў вымушаны пакінуць Беларусь пад ціскам беларускіх уладаў пасля пераабрання Лукашэнкі на выбарах 2020 года, якія апазіцыя і Захад асудзілі як сфальсіфікаваныя. Лукашэнка, які 29 гадоў жалезнай рукой кіраваў краінай з насельніцтвам 9,5 мільёнаў чалавек, належыў на палітычную і фінансавую падтрымку Расіі ў жорсткім падаўленні шматмесячных масавых пратэстаў апазіцыі.

Латушка, які жыве ў сваім выгнанні ў Польшчы, сказаў, што ён атрымлівае ўсё больш пагроз расправы па меры таго, як ён прасоўвае сваё расследаванне меркаваных прымусовых перамяшчэнняў дзяцей.

У інтэрв'ю AP ён заявіў, што нараўне з Лукашэнкам па меншай меры яшчэ чатыры чалавекі былі датычныя да перадачы ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, у тым ліку Дзмітрый Мезенцаў - высокапастаўлены чыноўнік у структуры расейска-беларускай “саюзнай дзяржавы”, Іван Галаваты - кіраўнік дзяржаўнага беларускага экспарцёра ўгнаенняў "Беларуськалій", Аляксей Талай - кіраўнік дабрачыннага фонду, які падтрымліваецца ўрадам, і Вольга Волкава - прарасійская актывістка з часткова акупаванай Данецкай вобласці Украіны.

Дакументы, апублікаваныя камандай Паўла Латушкі, таксама ўключаюць копію ліста, падпісанага Мезенцавым і адрасаванага кіраўніку расійскага нацыянальнага чыгуначнага аператара “Расійскія чыгункі” з просьбай сумесна арганізаваць “перавозку дзяцей” з прамысловага ўсходу Украіны "на рэабілітацыю ў брацкую Беларусь".

У лісце ад 23 сакавіка гаворыцца аб рашэнні Пуціна і Лукашэнкі аказаць "гуманітарную дапамогу" дзецям, а таксама аб планах па перамяшчэнні ў Беларусь сёлета амаль 2 000 сірот і дзяцей, якія жывуць "у цяжкіх умовах". У заяве гаворыцца, што 1050 непаўналетніх будуць перавезены ў красавіку і маі, а яшчэ 908 - у канцы года. У паведамленні таксама гаворыцца, што ў мінулым годзе неўстаноўленая колькасць непаўналетніх была вывезена ў Беларусь у рамках фінансаванай дзяржавай сумеснай ініцыятывы расійскіх і беларускіх чыгуначных аператараў.

Любая група або прыватная асоба можа накіраваць у МУС доказы меркаваных злачынстваў. Пракуроры ацэньваюць такія матэрыялы, каб "выявіць тыя, якія, як падаецца, падпадаюць пад юрысдыкцыю Суда і патрабуюць далейшых дзеянняў", - гаворыцца на сайце суда.

Беларускія ўлады заявілі, што краіна прыме больш за 1 000 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў з акупаваных Расіяй раёнаў Украіны для "аздараўлення". Яны паведамілі, што першыя 350 з іх прыбылі ў Беларусь у красавіку, але не сказалі, як доўга яны прабудуць у краіне.

У мінулым месяцы Генеральная пракуратура Украіны заявіла, што пачала расследаванне па факце прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.


Майк Кордэр садзейнічаў падрыхтоўцы гэтага рэпартажу з Гаагі, Нідэрланды.

Comments


bottom of page