top of page

Лукашэнка вырашыў знішчыць будучую эліту Беларусі


Што азначае намер дыктатара павялічыць абавязковую адпрацоўку для студэнтаў-бюджэтнікаў да 7 гадоў і ўвесці адпрацоўку для студэнтаў-платнікаў?

Днямі «заслужаны настаўнік» Беларусі па прозвішчы Лукашэнка збіраў вялікую нараду па пытаннях адукацыі. Адным з пытанняў стала тэма абавязковага размеркавання студэнтаў, у тым ліку – і платнай формы навучання.

Дыктатар, нібыта вельмі заклапочаны пытаннем адтоку кадраў з Беларусі, заявіў пра тое, што цяперашнія тэрміны размеркавання – мізэрныя і іх неабходна падымаць да 5, а то і 7 гадоў, і размяркоўваць неабходна не толькі бюджэтнікаў, але і платнікаў.

Падпяваў яму і т. зв. міністр адукацыі Іванец, які сказаў, што гэтае пытанне знаходзіцца ў распрацоўцы і на кантролі і што адпаведныя змены ўжо рыхтуюцца для ўнясення ў Кодэкс аб адукацыі. Акрамя таго, і дыктатар, і міністр, заявілі, што ў Беларусі нібыта наогул няма платнай адукацыі і студэнты платнай формы навучання навучаюцца «за капейкі» ў параўнанні з Захадам.

Вельмі сумняюся, што хоць хтосьці з бацькоў, чые дзеці сёння вучацца ў беларускіх ВНУ, падзяляюць гэтае меркаванне. Бо мы ж выдатна ведаем, што сярэдні заробак у Беларусі нават блізка не супастаўны з сярэднім заробкам у Еўропе, напрыклад, у нашых найбліжэйшых суседзяў – Польшчы і Літвы: а гэта паўтары тысячы еўраў у Польшчы і дзве тысячы еўраў у Літве, адпаведна.

Але менавіта гэтым дыктатар і яго міністр абгрунтоўваюць ідэю ўвесці абавязковае размеркаванне для платнікаў.

Для бюджэтнікаў жа цяперашнюю абавязковую адпрацоўку ў 2 гады плануюць павялічыць аж да 7 (!) гадоў. Тлумачачы гэта тым, што малады спецыяліст, які адпрацаваў 2 гады абавязковага размеркавання, звальняецца. У прыклад дыктатар прывёў настаўнікаў і лекараў.

Ну, давайце паглядзім, колькі сёння ў сярэднім зарабляюць маладыя беларускія настаўнікі ў сярэдняй школе? У сярэднім 450-650 рублёў пасля выліку падаткаў на 1 стаўцы. Ёсць яшчэ нейкія пытанні да маладых спецыялістаў?

Але замест таго, каб займацца стварэннем для іх нармальных, чалавечых умоў, справядлівай, годнай аплаты працы і магчымасцяў для развіцця дыктатар прапануе – правільна, зрабіць іх прыгоннымі на 5-7 гадоў.

І мы ж разумеем, што гэта напэўна не закране дзяцей чыноўнікаў, дэпутатаў, якія атрымаюць адмацаванні і ніякага абавязковага размеркавання ім не пагражае. А тых з іх, каго і размяркуюць – размяркуюць, натуральна, «па блаце».

Мне складана нават уявіць, наколькі дэматывуюць падобныя планы рэжыму будучых студэнтаў і іх бацькоў. Ды і не толькі будучых, для многіх студэнтаў навучальны год толькі пачаўся, а хтосьці толькі паступіў на першы курс. Але ж ад рэжыму можна чакаць чаго заўгодна і планаваныя ім змены ў Кодэкс аб адукацыі цалкам могуць закрануць і тых студэнтаў, хто ўжо праходзіць навучанне.

Ну і колькі студэнтаў цяпер захоча паступаць у беларускія ВНУ? Колькі студэнтаў ад граху далей вырашыць забраць дакументы ўжо цяпер?

А куды ім ісці ў такім выпадку? Куды паступаць? Дзе вучыцца?

Адказ, на жаль, можна спрагназаваць ўжо цяпер. Менавіта на жаль, а правільней нават сказаць – да жаху, бо ў гэтым і заключаецца самая страшная для нашай Беларусі і яе інтэлектуальнага капіталу навіна.

Так, нейкая частка таленавітай моладзі, якая ведае мовы і чые бацькі змогуць гэта дазволіць, паступіць у еўрапейскія ВНУ.

А астатнія? Баюся, што адказ – Расія. Якая і так гадамі выцягвала з Беларусі інтэлектуальны капітал. А цяпер па сутнасці, дзякуючы Лукашэнку, атрымала магчымасць паставіць гэта на паток. Паставіць на паток знішчэнне нашай эліты, нашай таленавітай моладзі.

Менавіта знішчэнне, бо што чакае беларускіх студэнтаў у расійскіх ВНУ? Русіфікацыя, атручэнне рускай прапагандай, перавыхаванне і сціранне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Паўтару: рашэнне Лукашэнкі аб размеркаванні мае не толькі кароткатэрміновыя наступствы, але ў сярэднетэрміновай перспектыве вядзе да катастрофы для нашай краіны. Сваім рашэннем Лукашэнка не спыняе «уцечку мазгоў» з Беларусі, а фактычна запускае працэс знішчэння вышэйшай адукацыі і будучай інтэлектуальнай эліты нацыі.

І ўсё роўна, свядома ён гэта робіць ці не, але гэта – чарговы прыклад таго, як неадэкватны дыктатар цягне нашу краіну ў «рускі свет» і пазбаўляе Беларусь будучыні.

Што рабіць?

Гэта вялікі выклік для ўсіх нас. І адзіным надзейным рашэннем з'яўляецца ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Упэўнены, большасць маладых людзей і іх бацькоў, якія жадаюць сваім дзецям і сваёй краіне годнай будучыні – цалкам з гэтым згодныя.

Але таксама гэта і новая сур'ёзная задача для дэмакратычных сіл і нашых партнёраў. Незалежна ад таго, праіснуе гэты рэжым яшчэ год ці больш, лепш менш, вядома, але – цяпер як ніколі раней нам неабходныя нацыянальныя ўніверсітэты ў Еўропе .

Мы павінны і будзем змагацца за моладзь, змагацца за нашую нацыянальную эліту. Таму што нацыянальная адукацыя, нацыянальны ўніверсітэт – адна з найважнейшых умоў захавання беларусаў як нацыі і Беларусі як незалежнай дзяржавы.

А тым, хто сёння працуе ўнутры рэжыму Лукашэнкі, але разумее, што ён вядзе Беларусь да нацыянальнай катастрофы, таму ж так званаму міністру адукацыі Іванцу, які актыўна падыгрываў дыктатару на той нарадзе, я скажу тое, што казаў ужо неаднаразова:

Беларусы заўсёды змогуць дамовіцца з беларусамі. Рэжым Лукашэнкі неабходна спыніць. Бо толькі так можна спыніць нацыянальную катастрофу і ўратаваць ад яе нашу краіну. Уключайце мазгі.

Comments


bottom of page