top of page

Лукашэнка знішчае тэатр

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання.

Павел Латушка пра тое, як Лукашэнка абанкруціў Міністэрства культуры

Нядаўна, у пачатку сакавіка, у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы быў прызначаны новы мастацкі кіраўнік — Дзмітрый Акімаў. Гэта грамадзянін Расіі, раней ён працаваў галоўным рэжысёрам у шэразе расійскіх правінцыйных тэатраў. Гэтае прызначэнне падобнае на вымушаную меру: за ўсе гэтыя гады сістэма не здолела знайсці ўнутры краіны ніводнага аўтарытэтнага беларускага рэжысёра, які б пагадзіўся ўзначаліць галоўную тэатральную сцэну краіны. 

Міністэрству культуры Лукашэнкі давялося імпартаваць мастацкае кіраўніцтва з расійскай правінцыі. Прызначэнне на гэтую пасаду чалавека, які не валодае беларускай мовай і адарваны ад нацыянальнай ідэнтычнасці — гэта акт безумоўнай капітуляцыі і сапраўднае злачынства перад культурай.

Прыезджы мастацкі кіраўнік ужо паспеў акрэсліць сваю місію. Ён заявіў, што хоча зразумець, якім павінен быць тэатр у тым ліку па «грамадска-палітычных паказчыках». Не шукаць мастацкія сэнсы. Не развіваць нацыянальную драматургію і беларускую мову. А выконваць грамадска-палітычныя паказчыкі. Купалаўскі дэ-факта пераведзены ў статус ЖЭСа ад культуры, завода па вытворчасці ідэалагічнай нормы і лаяльнасці.

Можа, гэта разавая кадравая памылка? Не — гэта сістэмны калапс у сферы культуры, паслядоўная палітыка па знішчэнні тэатра. Пасля падзей 2020 года прайшло не менш за дзясятак кастынгаў, але сабраць паўнавартасную трупу так і не ўдалося. У тэатр, дзе калісьці служылі тэатральныя дынастыі, сёння набіраюць выпадковых людзей, недасведчаных студэнтаў, актораў з Расіі, якія нават не валодаюць беларускай мовай.


Comments


bottom of page