top of page

Лукашэнка ў фокусе Мінюста Польшчы


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

17 траўня Павел Латушка сустрэўся з міністрам юстыцыі і Генеральным пракурорам Польшчы Адамам Боднарам. Галоўнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне магчымай падтрымкі Польшчай ініцыятывы НАУ па прыцягненні Лукашэнкі і яго памагатых да крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць чалавечнасці праз Міжнародны крымінальны суд.

Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб драматычным становішчы насельніцтва Беларусі, абсалютная большасць якога выступіла супраць дыктатара Лукашэнкі. Грунтоўна даведзена інфармацыя аб велізарнай колькасці ахвяр катаванняў, згвалтаванняў, гвалтоўных знікненняў, пазбаўлення волі, забойстваў, а таксама дэпартацыі. 

Даведачна: Міністр і Генеральны пракурор Польшчы А. Боднар мае багаты досвед працы ў якасці віцэ-прэзідэнта праўлення Хельсінскага фонду па правах чалавека, а таксама ў якасці амбудсмена Польшчы. Займаючы гэтыя пасады, ён увесь час знаходзіўся ў парадку дня праваабарончай сітуацыі ў Беларусі. Сёння А. Боднар з'яўляецца адным з найбольш аўтарытэтных юрыстаў Польшчы.

Міністр юстыцыі Польшчы адзначыў, што тэма злачынстваў супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў Беларусі, безумоўна знаходзіцца ў фокусе ўвагі і яму вядомыя маштабы рэпрэсій. А. Боднар адзначыў, што асабіста знаёмы з Анджэем Пачобутам і Алесем Бяляцкім, якія сёння з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі сярод тысяч палітвязняў у Беларусі. 

Міністр таксама ініцыятыўна праінфармаваў аб праведзенай рэформе польскага заканадаўства, якая створыць магчымасць больш шырокага прымянення прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы і, адпаведна, прыцягнення вінаватых за найбольш сур'ёзныя міжнародныя злачынствы нацыянальнымі судамі Польшчы незалежна ад месца здзяйснення такіх злачынстваў. Дадзены падыход можа быць ужыты да асоб, якія здзяйсняюць злачынныя дзеянні і ў Беларусі.

А. Боднар выказаў гатоўнасць Генеральнай пракуратуры Польшчы садзейнічаць расследаванню спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі, ахвярамі ў якіх з'яўляюцца грамадзяне Беларусі.

А. Боднар паведаміў, што яго міністэрства прааналізуе магчымасць рэалізацыі ініцыятывы, прадстаўленай НАУ, па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе для яе магчымай далейшай рэалізацыі. Мінюсту Польшчы перададзеныя падрыхтаваныя НАУ матэрыялы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі.

 

Commentaires


bottom of page