Механізмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя павінны працаваць на прыцягненне да адказнасці вінаватых за транснацыянальныя рэпрэсіі ў Беларусі
- Admin of the NAM

- Jun 25
- 2 min read

Сёння на паседжанні прававога камітэта ПАРЕ намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка ініцыяваў ўнясенне папраўкі ў рэзалюцыю ПАРЕ «Барацьба з транснацыянальнымі рэпрэсіямі».
Рэзалюцыя ПАРЕ утрымлівае запіс аб тым, што «Асамблея заклікае ўсе дзяржавы-члены і дзяржавы-назіральніцы, а таксама дзяржавы, чые парламенты маюць статус назіральніка або партнёра па дэмакратыі пры Асамблеі, прыцягваць да адказнасці вінаватых у транснацыянальных рэпрэсіях па ўсёй строгасці закона.
Да гэтага запісу была дададзеная папраўка, што пераслед павінен ажыццяўляцца і праз адпаведныя міжнародныя механізмы крымінальнага правасуддзя.
Каментуючы прыняцце гэтай папраўкі, Павел Латушка адзначыў:
«Транснацыянальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі ажыццяўляюцца ў маштабе і з ужываннем такіх практык, якія адпавядаюць паняццю „злачынства супраць чалавечнасці“ і маюць беспрэцэдэнтны для Еўропы характар.
Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца тое, што 12 сакавіка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда абвясціў пра пачатак расследавання „беларускай сітуацыі“, якая тычыцца дэпартацыі і пераследу шляхам дэпартацыі, асобныя акты якіх з’яўляюцца транснацыянальнымі рэпрэсіямі. Гэтыя дзеянні заключаюцца ў спыненні выдачы пашпартоў за мяжой, непасрэдных пагрозах жыццю і здароўю пераследаваных, пагрозах у адрас іх блізкіх сваякоў, арышце і канфіскацыі маёмасці.
Прымяненне „судовага харасменту“ [judicial harassment] шляхам масавых палітычна матываваных крымінальных спраў за праяву палітычнай волі па-за межамі Беларусі, завочных судоў, пазбаўлення права на эфектыўную абарону падчас такіх працэсаў — гэта таксама элемент транснацыянальных рэпрэсій», — падкрэсліў Павел Латушка.
Усё гэта — акты злачынства супраць чалавечнасці як злачынства пераследу праз дэпартацыю, якія робяць немагчымым вяртанне ў Беларусь дзясяткам тысяч беларусаў.
Як адзначыў прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады, уяўляецца мэтазгодным падкрэсліць патэнцыял міжнародных механізмаў крымінальнага правасуддзя ў супрацьдзеянні транснацыянальным рэпрэсіям.
Раней падчас зімовай сесіі ПАРЕ Павел Латушка выступаў на спецыяльным мерапрыемстве ў ПАРЕ з інфармацыяй пра маштаб транснацыянальных злачынстваў, якія ажыццяўляюцца рэжымам Лукашэнкі супраць беларусаў. Перададзеныя дакладчыку матэрыялы былі ўлічаны падчас падрыхтоўкі рэзалюцыі.



Comments