top of page

Мясцовае самакіраванне — падмурак дэмакратыі


Тэкст выступлення намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі падчас адкрыцця варкшопа па канцэпцыі мясцовага самакіравання для Новай Беларусі  «Кіраванне рэформай дэцэнтралізацыі, этапы пераходу і ацэнка рызык»

28.11.2024

Беларусь мае глыбокую гісторыю развіцця мясцовага самакіравання: пачынаючы ад Полацкага і Тураўскага княстваў з іх выбарамі мясцовых кіраўнікоў, Вялікага Княства Літоўскага з Магдэбургскім правам у гарадах і шляхецкім самакіраваннем на ўзроўні ваяводстваў і паветаў і заканчваючы ўжо першай паловай 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў 1991 годзе Вярхоўным саветам быў прыняты закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь». 

Але з прыходам да ўлады Лукашэнкі пачалося знішчэнне дэмакратыі. Адзін з першых удараў быў нанесены менавіта па мясцовым самакіраванні, калі Лукашэнка ў канцы 1994 года фактычна дабіўся стварэння прэзідэнцкай вертыкалі ўлады, што дапамагло яму потым у супрацьстаянні з іншымі галінамі ўлады: пазней былі знішчаны Парламент, Канстытуцыйны суд і незалежныя СМІ. Пачаткам узыходжання дыктатуры якраз стала яго барацьба з мясцовым самакіраваннем.

Але здарыўся 2020 год. Гэта быў год, калі ў палітычных адносінах абудзіліся рэгіёны, калі беларусы праявілі свае здольнасці да самаарганізацыі — найважнейшай падставы для функцыянавання эфектыўнай сістэмы самакіравання. Узаемадапамога ў часы пандэміі, дваровыя чаты і зборы сталі прыкметамі нараджэння самакіравання знізу. І гэта каштоўна з пункту гледжання будучага развіцця краіны.

Мясцовае самакіраванне адыгрывае ключавую ролю ў развіцці дэмакратычных інстытутаў любой краіны, і Новая Беларусь тут не будзе выключэннем. Яно забяспечвае грамадзянам рэальны ўдзел у кіраванні сваім жыццём і вырашэнні актуальных праблем на месцах. Прычым не толькі традыцыйных пытанняў развіцця адукацыі, медыцыны, сацыяльнай сферы ці культуры, але нават бяспекі, калі на мясцовым узроўні існуюць уласныя органы правапарадку.

Мясцовае самакіраванне садзейнічае павышэнню ўзроўню даверу да ўлады, паколькі рашэнні, якія прымаюцца на мясцовым узроўні, часта з'яўляюцца больш блізкімі і зразумелымі для грамадзян. Людзі могуць наўпрост уплываць на прыняцце рашэнняў, што спрыяе большай павазе да дэмакратычных прынцыпаў і нормаў.

Прычым не толькі ўплываць, але і прымаць рашэнні самастойна. Напрыклад, у Аўстраліі ёсць вёска, якая ўвогуле не мае мэра ці іншых чыноўнікаў у традыцыйным разуменні. Замест гэтага мясцовае насельніцтва актыўна ўдзельнічае ва ўпраўленні праз рэгулярныя сходы, дзе прымаюцца рашэнні аб бюджэце, сацыяльным развіцці і іншых пытаннях. Я думаю, беларусы пасля 2020 года даказалі, што таксама здольныя на высокі ўзровень самаарганізацыі.

Такім чынам, адной з ключавых рэформаў, якую трэба правесці новым дэмакратычным уладам Беларусі, будзе рэформа мясцовага самакіравання. Менавіта сыходзячы з гістарычнага досведу, можна сцвярджаць, што мясцовае самакіраванне і дэцэнтралізацыя ўлады, якія эфектыўна працуюць, з'яўляюцца адной з ключавых перашкодаў для ўсталявання ў краіне дыктатуры.

Важна адзначыць, што пасля сыходу Лукашэнкі, рэфармаванне мясцовых органаў павінна стаць важнай часткай транзітнага перыяду, а менавіта павінна адбыцца павелічэнне ролі мясцовых органаў улады і забеспячэнне на месцах сумленных выбараў, што дасць магчымасць пазбегнуць вяртання дыктатарскай вертыкалі, а таксама дазволіць хутка стварыць мясцовыя эліты.

Самыя развітыя дзяржавы, з самым высокім узроўнем дэмакратыі паводле сусветных рэйтынгаў, маюць высокі ўзровень дэцэнтралізацыі, а таксама развіцця мясцовага самакіравання. Большасць ключавых пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця там вырашаюцца менавіта на мясцовым узроўні.

Для будучага дэмакратычнага развіцця Беларусі вельмі важна развіваць і ўмацоўваць мясцовыя органы ўлады, забяспечваючы іх незалежнасць і здольнасць эфектыўна кіраваць грамадскімі рэсурсамі. Гэта таксама дапаможа павысіць узровень палітычнай культуры, далучаючы людзей да актыўнага і свядомага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Асаблівую ролю ў працэсе стварэння мясцовага самакіравання ў будучыні змогуць адыграць дэмакратычныя сілы Беларусі, якія, нягледзячы на ​​жорсткія рэпрэсіі, працягваюць змагацца за правы грамадзян і пабудову дэмакратыі. Дэмакратычныя сілы і грамадзянскія актывісты — неад'емная частка будучага развіцця краіны. 

У межах рэформы мясцовага самакіравання неабходна будзе ажыццявіць і адміністратыўна-тэрытарыяльную рэформу, у прыватнасці скараціўшы колькасць узроўняў адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак, грунтуючыся ў тым ліку на нашай гістарычнай традыцыі з падзелам на паветы. Увогуле каб дабіцца станоўчага эфекту, рэформу мясцовага самакіравання неабходна праводзіць у комплексе з іншымі рэформамі.

Тут варта адзначыць узаемасувязь развіцця мясцовага самакіравання і рынкавых эканамічных рэформаў. Без эфектыўных і незалежных мясцовых уладаў цяжка рэалізаваць паспяховыя эканамічныя рэформы, накіраваныя на развіццё рынкавай эканомікі, малога і сярэдняга бізнесу. Мясцовыя ўлады могуць больш эфектыўна кіраваць мясцовымі рэсурсамі, вырашаць праблемы на ўзроўні супольнасцяў, падтрымліваць ініцыятывы па паляпшэнню якасці жыцця і стымуляваць эканамічнае развіццё.

Такім чынам, без моцных і самастойных мясцовых уладаў немагчыма пабудаваць сапраўдную дэмакратыю і прававую, эканамічна развітую дзяржаву.

 

Комментарии


bottom of page