Каманда НАУ прыняла ўдзел у дыскусіі, якая прайшла па ініцыятыве Міжнароднага Камітэта супраць катаванняў на платформе Беларускага Моладзевага Хаба ў Варшаве. Дыскусія з дакументатарам і пацярпелым прайшла ў рамках Тыдня супраць катаванняў.
Распавесці сваю гісторыю пацярпеламу бывае вельмі цяжка — чалавек паўторна перажывае траўматычны вопыт. Цi варта перасільваць сябе і гаварыць аб перажытым вопыце публічна?
Вядома, гэта залежыць толькі ад жадання, унутранага стану і асабістых абставінаў самога пацярпелага. Аднак прыцягваць увагу да праблемы безумоўна неабходна.
Анжаліка Мельнікава, каардынатар праектаў НАУ: «Збор доказаў і дакументаванне — гэта вельмі важная праца, якую скрупулёзна і з вялікай адказнасцю вядуць праваабаронцы. Гэта тое, што стане доказнай базай для будучых справядлівых судовых разглядаў. Аднак мы перакананыя, што дэмакратычнае грамадства і праваабарончыя арганізацыі павінны сёння не проста казаць аб праблеме, а біць трывогу — як гэта было ў 2020, бо катаванні і здзекі з палітвязняў не спыняюцца ў Беларусі і па гэты дзень. Шчыра кажучы, пакуль ні адна заява пацярпелага не была даведзена да разгляду такім чынам, каб гэта прынесла адчувальны вынік, і злачынец панёс пакаранне. Будзем сумленныя, прыцягнуць у поўнай меры да крымінальнай адказнасці тых, хто ўжываў катаванні або аддаваў злачынныя загады, пакуль уладу ўтрымлівае рэжым — немагчыма. Аднак мы можам і абавязаныя паспрабаваць праверыць на практыцы, як працуе механізм універсальнай юрысдыкцыі ў краінах, якія падпісалі ў свой час канвенцыю супраць катаванняў. Праца ў гэтым кірунку дасць нам шанец як мінімум абвясціць злачынцаў, якія замаралі рукі ў крыві беларусаў, у міжнародны вышук, і прымусіць адчуваць непазбежнасць пакарання».
У рамках Тыдня супраць катаванняў нашай камандай быў арганізаваны круглы стол, на якім сумесна з польскімі адвакатамі ў працоўным парадку абмяркоўваліся канкрэтныя крокі па фарсіраванні разгляду заяў беларусаў у Польшчы. Акрамя таго, юрысты каманды НАУ выступілі ў якасці экспертаў у спецыяльным стрыме «Маланка медыя». На гэтым тыдні мы таксама працавалі наўпрост з пацярпелымі, юрыстамі і следчымі, якія знаходзяцца ў Літве, Швейцарыі, Нарвегіі і Вялікабрытаніі.
Праект НАУ «механізмы універсальнай юрысдыкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі» — гэта рэальны шанец прымяніць на практыцы прынцыпы міжнароднага права і дамагчыся вынікаў ужо сёння.
Нагадваем, што мы шукаем пацярпелых, якія хочуць скарыстацца магчымасцю прыцягнуць злачынцаў да адказнасці, выкарыстоўваючы механізмы універсальнай юрысдыкцыі.
Час дзейнічаць!
コメント