Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
На мінулым тыдні ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку завяршылася 22-ая Асамблея дзяржаў-удзельніц Рымскага Статута — адна з ключавых падзей на працягу года ў працы Міжнароднага крымінальнага суда.
Гэта мерапрыемства мае вырашальнае значэнне для грамадзянскай супольнасці і экспертаў, якія займаюцца барацьбой з беспакаранасцю за здзяйсненне найбольш сур'ёзных міжнародных злачынстваў, паколькі ў ходзе Асамблеі яны атрымліваюць магчымасць назіраць за ўзаемадзеяннем паміж дзяржавамі і Судом, а таксама даносіць сваю пазіцыю і прыцягваць увагу да найбольш сур'ёзных сітуацый здзяйснення такіх злачынстваў.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне зрабіла ўсё магчымае, каб сёлета да ўдзельнікаў Асамблеі МКС была даведзеная інфармацыя аб жахлівых злачынствах, якія штодня здзяйсняе Лукашэнка і вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва ягонага рэжыму. Вынікі дадзенай працы выявяцца ўжо ў хуткім часе.
Адначасова неабходна прызнаць, што для дасягнення максімальнага выніку патрабуецца значна больш намаганняў і аб'яднанне ўсіх сіл беларускай грамадзянскай супольнасці.
Сёння існуе праблема дэфіцыту ўвагі да сітуацыі ў Беларусі і міжнародных злачынстваў, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі нашай краіны. Увага ключавых гульцоў у галіне міжнароднага крымінальнага правасуддзя ў цяперашні час у значнай ступені сфакусавана на кантэкстах, якія адбываюцца па ўсім свеце, далёка за межамі Еўрапейскага кантынента. Гэта і палестына-ізраільская вайна, узброеныя канфлікты на афрыканскім кантыненце, сітуацыя ў М'янме і інш.
На жаль, нават у рамках вайны Расіі супраць Украіны дагэтуль многія прадстаўнікі міжнароднай супольнасці не ведаюць ці не ўсведамляюць ролю рэжыму Лукашэнкі як у развязванні гэтай вайны, так і ва ўчыненні далейшых злачынстваў. На гэтым фоне сітуацыя са злачынствамі, якія штодня здзяйсняюцца супраць беларускага грамадзянскага насельніцтва, мае тэндэнцыю выпадаць з поля зроку міжнароднай экспертнай супольнасці і палісімейкераў.
Што неабходна рабіць?
Бягучае развіццё падзей патрабуе ад усёй беларускай грамадзянскай супольнасці максімальнай мабілізацыі і аб'яднання намаганняў, накіраваных на прыцягненне ўвагі да зверстваў, якія адбываюцца ў нашай краіне: злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва ў Беларусі, ваенных злачынстваў у дачыненні да ўкраінскіх дзяцей. Рэалізацыяй гэтай задачы на штодзённай аснове займаецца НАУ. Таксама патрабуецца выпрацоўка больш сістэмнага падыходу ў зборы фактаў злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў Беларусі.
Дэмакратычнай Беларусі неабходна пастаянная прысутнасць у кааліцыі арганізацый, якія адстойваюць ідэалы міжнароднага крымінальнага правасуддзя і стымуляванне працы Міжнароднага крымінальнага суда, у прыватнасці па тэме адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы, якія ён працягвае здзяйсняць.
Важна памятаць, што адсутнасць Беларусі сярод удзельнікаў Рымскага Статута не азначае, што механізм Міжнароднага крымінальнага суда з'яўляецца недаступным для правасуддзя ў дачыненні да злачынстваў Лукашэнкі. У сваіх злачынствах беларускі дыктатар і прадстаўнікі ягонага рэжыму выйшлі далёка за межы Беларусі. Сёння наяўнасць юрысдыкцыі Суда ў дачыненні да шэрагу злачынстваў дадзеных асоб ужо не выклікае сумненняў.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прыкладзе ўсе намаганні, каб спрыяць вырашэнню гэтых задач. Беларускае грамадства можа і павінна быць прадстаўлена ў супольнасці дзяржаў і арганізацый, якія прасоўваюць правасуддзе праз Міжнародны крымінальны суд.
Comments