top of page

Нацыянальная культура і мова – наша зброя, і мы павінны скарыстацца ёю ў поўнай меры


Крыніца: НАУ-медыя

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык расказала пра тое, што азначае прысвячэнне 2023-га года — беларускай мове і нацыянальнаму адраджэнню, а таксама назвала напрамкі дзейнасці, якую плануецца ажыццяўляць у рамках аб'яўленага Года:


«У гэтым годзе Аб'яднаны Пераходны Кабінет будзе спрыяць таму, каб пашырылася штодзённае выкарыстанне беларускай мовы, каб стала больш беларускіх праектаў, накіраваных на гэта.


Што канкрэтна плануецца рабіць? Падрабязны план яшчэ дапрацоўваецца, але ўжо зараз магу сказаць, што мы будзем рабіць так, каб дарослым і дзецям было прасцей вывучаць беларускую мову. Будзем садзейнічаць стварэнню сеткі беларускіх школ. Будзем заахвочваць беларускія медыйныя пляцоўкі, уключаючы блогераў і знакамітасцяў — больш выкарыстоўваць беларускую мову для яго папулярызацыі.


Калі ў самым пачатку працы ў Кабінеце я пачала збіраць інфармацыю пра розныя беларускія культурныя і адукацыйныя праекты, ініцыятывы, я ўбачыла, што існуе проста мноства выдатных, “лямпавых” праектаў, якія папулярызуюць нашу мову, культуру, гісторыю. Але пра гэтыя праекты мала хто ведае. І вось мы пастараемся падтрымаць іх, зрабіць так, каб інфармацыя пра іх была акумулявана, размешчана на адной пляцоўцы ў прывабным выглядзе.


Таксама будзем спрыяць беларускаму кнігавыданню. Мы — скарынаўская, кніжная нацыя. У нас заўжды быў высокі ўзровень адукаванасці. Але сёння рэжым спрабуе знішчыць і забараніць беларускую кнігу. Таму мы, па прыкладзе наватара Скарыны, зробім стаўку на новыя тэхналогіі: паспрыяем стварэнню цэлай бібліятэкі беларускіх аўдыё- і электронных кніг. Каб кнігі даходзілі да беларусаў, мы будзем удзельнічаць у наладжванні сістэмы іх распаўсюду.


Увогуле, нашая мэта — каб беларусы ўмацавалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, што асабліва важна для тых, хто з’ехаў за мяжу. І для ўсіх без выключэння беларусаў гэта важна ва ўмовах наступу “рускага міру”. Наша нацыянальная культура і мова — гэта сапраўдная зброя ў такі час. І мы мусім ёй скарыстацца напоўніцу, зважаючы на тое, што гэты год можа быць вырашальным».

Komentarze


bottom of page