top of page

Начальнік Акрэсціна абвешчаны ў міжнародны вышук


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне паведамляе звесткі сілавікоў рэжыму Лукашэнкі, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынстваў на тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе, «звязаных з пазбаўленнем волі чалавека, учыненых з асаблівай жорсткасцю». Дадзеныя асобы абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Іх прозвішчы і пасады на момант здзяйснення злачынстваў:

  • Яўген Шапецька — маёр, начальнік цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна);

  • Глеб Дрыль — маёр, намеснік начальніка ізалятара часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна);

  • Дзмітрый Страбкоў — палкоўнік унутранай службы, начальнік папраўчай установы «Турма №8 г. Жодзіна»;

  • Яўген Савіч — прапаршчык міліцыі, АМАП ГУУС Мінгарвыканкама;

  • Юлія Сакалова — старшы лейтэнант міліцыі, АГІМ ГУУС Мінгарвыканкама;

  • Карына Валуйская — прапаршчык міліцыі, патрульна-паставая служба міліцыі Фрунзенскага РУУС г. Мінска.

Інфармацыя пра падазраваных апублікаваная дзяржаўным тэлеканалам Польшчы TVP на падставе звестак пракуратуры Польшчы.

У дачыненні да вышэйзгаданых асоб выдадзены еўрапейскі ордэр на арышт.

Дадзеныя асобы падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 арт. 189 Крымінальнага кодэкса Польшчы — здзяйсненне злачынства, звязанага з пазбаўленнем волі чалавека, здзейсненага з асаблівай жорсткасцю.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне з 2020 года аказвала садзейнічанне ў зборы і перадачы матэрыялаў аб здзяйсненні як вышэйзгаданых, так і іншых злачынстваў, учыненых на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі. Каманда НАУ супрацоўнічае з трыма адвакацкімі бюро ў Польшчы і адным у Літве, а таксама праваабаронцамі ў Швейцарыі, Германіі і іншых краінах.

«Нават калі вы не ведаеце канкрэтнага выканаўцу здзейсненага ў дачыненні да вас злачынства, адказнасць нясуць яго камандзіры і кіраўнікі. Абвешчаны ў вышук начальнік ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна) Шапецька — прамое таму пацверджанне. У сувязі з гэтым каманда НАУ просіць беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў, звяртацца да нас праз кантакты на сайце НАУ або чат-бот НАУ ў Telegram. З прыцягненнем мясцовых адвакатаў мы дапаможам скласці заявы ў органы пракуратуры незалежна ад краіны вашага пражывання.

Чым больш афіцыйных заяў мы пададзім, тым вышэйшая імавернасць распачынання новых крымінальных спраў. Фіксацыя ўжытага ў дачыненні да вас гвалту ў рамках матэрыялаў крымінальнай справы з'яўляецца дадатковай гарантыяй ажыццяўлення правасуддзя і аднаўлення парушаных правоў» — пракаментаваў факт абвяшчэння сілавікоў Лукашэнкі ў міжнародны вышук намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Абвяшчэнне ў вышук сілавікоў Лукашэнкі стала вынікам сумеснай працы НАУ, польскага адваката Томаша Вілінскага, прадстаўнікоў Кібер-Партызан, BYPOL і іншых няўрадавых арганізацый.

Мы працягваем працаваць, і ўсе тыя, хто вінаваты ў масавым гвалце, учыненым на тэрыторыі Беларусі, павінны разумець, што яны будуць пераследвацца ўсё сваё жыццё.

תגובות


bottom of page