Выстава пра ролю жанчын у барацьбе за дэмакратычную Беларусь
Тэзiсы намесніка Кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Паўла Латушкi на адкрыццё выставы «Несціхаючыя галасы»
Музей Вольнай Беларусі 6 верасня 2024 года
Вітаю вас, шаноўнае спадарства, на пляцоўцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — у Музеі Вольнай Беларусі.
Сёння мы адкрываем выставу прысвечаную надзвычайнай ролі, якую жанчыны адыгралі і працягваюць адыгрываць ў сучаснай палітычнай гісторыі Беларусі, у яе імкненні да дэмакратыі, да незалежнасці, да свабоды.
Грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе называюць Рэвалюцыяй годнасці, і ў гэтых падзеях беларускія жанчыны прадэманстравалі ўсяму свету сваю моц і адвагу, сваю нязломнасць і … сваю прыгажосць. Яны ўпэўнілі нас у тым, што дабро абавязкова пераможа зло, нават перад тварам рэпрэсій.
Тысячы жанчын, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, сутыкнуліся з пераследам, многія з іх былі вымушаныя эміграваць, іншыя знаходзяцца ў зняволенні. Але яны працягваюць мець велізарны ўплыў на нашу агульную барацьбу за свабоду. І я сапраўды ганаруся тым, што працую побач з iмi.
Сёння не магу не нагадаць пра драматычны лёс Марыі Калеснікавай, Паліны Шарэнды-Панасюк, Марфы Рабковай, Насты Лойка, Кацярыны Андрэевай і
сотняў іншых жанчын, якія знаходзяцца за кратамі ў жахлівых, нечалавечых умовах. Карыстаючыся нагодай, зноў звяртаюся да дыпламатаў, да прадстаўнікоў Урада Польшчы — нам трэба зрабіць усё магчымае для вызвалення беларускіх палітвязынак.
Мне перадалі просьбу (ініцыятыва «Палітвязынка») асабліва сказаць сёння аб Марыі Калеснікавай, адной з лідарак дэмакратычнага руху, якую проста забіваюць у беларускай турме, ствараючы невыносныя ўмовы існавання. Яна гераiня для ўсіх нас i яе свабода — наша агульная задача.
Таксама я хачу агучыць вытрымкі са звароту, які некалькі дзён таму напісаў ў сацсетках Андрэй Шарэнда — муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк:
«Паліна памірае ў турме. Стан яе здароўя рэзка пагоршыўся. Сёння прыйшлі дзве цяжкія навіны. Па- першае — стала вядома аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, якія аддаюць у спіне. Патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя. Мы дагэтуль не ведаем нічога аб стане здароўя Паліны. Нам вядомы толькі яе дыягназ — хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, якая патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю лекараў. Ва ўмовах, якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд» ….
«Паліну трэба ратаваць! Яе жыццё сапраўды ў небяспецы».
Палітвязні — наша годнасць і нашае сумленне, якое не дае нам апускаць рухі каб змагацца за іх хутчэйшае вызваленне, а таксама за вызваленне Беларусі.
Я хачу выказаць падзяку усім, хто спрычыніўся да стварэння гэтай выставы — (нажаль,у мэтах бяспекі мяне прасілі не называюць імёны куратаркі выставы і яе дызайнера), Музею Вольнай Беларусі, яго валанцёрам. Вялікі дзякуй цудоўнай вядучай — Народнай артыстке Беларусі, акторке Купалаўскага тэатру Зое Белахвосцік.
Мы ўдзячны ўсім аўтаркам фотадакументаў і ўладальніцам экспанатаў, якія былі перададзены ў фонд музея.
Выстава з'яўляецца часткай больш грунтоўнага праекта Музея Вольнай Беларусі «Несціхаючыя галасы. Пашырэнне правоў і магчымасцей жанчын у беларускай дэмакратыі», мэта якога — збор, дакументаванне і захаванне калектыўнай памяці беларусаў.
Comentários