top of page

Павел Латушка: «Памяць пра мінулае нагадвае пра неабходнасць барацьбы супраць тыраніі ў сучаснасціі»

  • May 11
  • 2 min read

Updated: May 19


«”Ніколі зноў” – гэта не проста словы, гэта абавязак кожнага з нас. Гэта заклік да дзеянняў, каб не дапусціць ніякіх форм гвалту і рэпрэсій, каб абараніць тых, хто сёння змагаецца за сваю свабоду, у тым ліку і ў маёй краіне – Беларусі, і каб забяспечыць, каб тыранія і несправядлівасць больш ніколі не вярнуліся ў наш свет. Таталітарызм у сучасным свеце павінен быць асуджаны на паразу», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас мерапрыемства да 80-й гадавіны вызвалення Маўтхаўзена.


11 мая 2025 года Павел Латушка на чале дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Народнай амбасады і беларусаў Аўстрыі, прыняў удзел у памятных мерапрыемствах, прысвечаных 80-й гадавіне вызвалення канцэнтрацыйнага лагера Маўтхаўзен, якая прайшла ў аднайменным мемарыяльным комплексе.

У афіцыйнай цырымоніі прымаюць удзел прэзідэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дер Белен, кароль Іспаніі Філіп VI, канцлер Аўстрыі Хрысціан Стокер, члены ўрада і парламента Аўстрыі, члены Еўрапарламента, а таксама дэлегацыі з розных краін. На цырымоніі таксама прысутнічалі віцэ-маршалак Сената Польшчы Мацей Жыўна, першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Уладзіслаў Барташэўскі, з якімі Павел Латушка правёў кароткія размовы. У жалобных мерапрыемствах прымаюць удзел больш за 60 дэлегацый з розных дзяржаў.

Канцэнтрацыйны лагер Маўтхаўзен быў адным з найбуйнейшых нацысцкіх лагераў смерці, сімвалам нялюдскасці і таталітарнага гвалту. Вызваленне лагера ў маі 1945 года азнаменавала канец пакут тысяч вязняў розных нацыянальнасцей, у тым ліку ўраджэнцаў Беларусі.

Прадстаўнікі рэжымаў Расіі і Беларусі не запрошаныя да ўдзелу ў памятнай цырымоніі, бо з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны больш не зяўляюцца «жаданымі гасцямі» на мерапрыемствах, прысвечаных вызваленню Аўстрыі ў маі 1945 года.

Павел Латушка разам з беларусамі, якія пражываюць у Аўстрыі, прымаў удзел у аналагічным мерапрыемстве ў 2022 годзе.

Падчас цырымоніі Павел Латушка правёў размову з міністрам эканомікі Аўстрыі Вольфганам Хатмансдорферам, а таксама асобна са старшынёй камісіі па міжнародных справах парламента Аўстрыі Пэтрай Байер. Як члены дэлегацый у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Пэтра Байер і Павел Латушка абмеркавалі супрацоўніцтва ў межах ПАРЕ і пытанне стварэння групы сяброўства з дэмакратычнай Беларуссю ў парламенце Аўстрыі. Пэтра Байер пацвердзіла гатоўнасць ініцыяваць стварэнне такой групы ў аўстрыйскім парламенце.

«Удзел у цырымоніі, прысвечанай гадавіне вызвалення Маўтхаўзена, з'яўляецца важным сімвалам прыхільнасці ідэалам правоў чалавека і недапушчэння адраджэння таталітарных рэжымаў. Памяць пра мінулае нагадвае пра неабходнасць актыўнай барацьбы супраць любых форм тыраніі і гвалту ў сучаснасці»,  адзначыў Павел Латушка.


Kommentare


bottom of page