top of page

Падарунак Музею Вольнай Беларусі ад яркай удзельніцы беларускіх маршаў



Адна з самых яркіх і вядомых удзельніц беларускіх маршаў 2020 года — «бчб-нявеста» — Іна Зайцава завітала да каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з каштоўным падарункам.


У фонд Музея Вольнай Беларусі Іна перадала бела-чырвона-белае вясельнае плацце, у якім удзельнічала ў пратэстах, натхняючы беларусаў, і з-за якога за ёй спецыяльна сачылі беларускія сілавікі.


Як расказвае сама ўладальніца прадмета, гэтае плацце — другое па ліку, мэтанакіравана набытае для маршаў, каб зрабіць «свой голас грамчэй». Першае бчб-плацце ў якасці рэчавага доказу было канфіскавана падчас затрымання Іны ў Гродна, куды яна прыехала з Мінску падтрымаць бастуючых рабочых «Гродна Азот».


Нягледзячы на пратаколы, штрафы, затрыманні і арышты, смела прадэманстраваная рэжыму пазіцыя нашай гераіні і соцен тысяч іншых беларусак упісана ў агульную гісторыю беларускага пратэсту.


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне выказвае шчырую падзяку Іне Зайцавай, а таксама дзякуе ўсім, хто перадае прадметы музейнага значэння, іх лічбавыя копіі ў фонд Музея Вольнай Беларусі.


Нагадваем, што ў сувязі з атрыманнем намі музейнага памяшкання мы актывізуем дзейнасць па зборы прадметаў, звязаных з пратэстным рухам у Беларусі ў 2020 годзе і па сённяшні дзень, а таксама яго шматгадовай прадгісторыяй.


Ваша інфармацыя і кантакты, дасланыя праз чат-бот @NAUsupport, пры жаданні, застануцца ананімнымі.


Разам мы захаваем нашу гісторыю.

תגובות


bottom of page