Рэжым Лукашэнкі плануе арганізаваць 4 кастрычніка сустрэчу замежных дыпламатаў з дэпартаванымі ўкраінскімі дзецьмі. Паводле звестак МЗС Украіны, сустрэчу з дзецьмі з Лісічанска і Севераданецка плануюць правесці ў так званых «месцах пражывання, навучання і аздараўлення». Падобныя «сустрэчы» — спроба легалізаваць незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, якая ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права з'яўляецца ваенным злачынствам.
Незаконнае перамяшчэнне дзяцей з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь — ваеннае злачынства, матэрыялы па якім сабраныя і перададзеныя камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў Міжнародны крымінальны суд. Міжнародная супольнасць, у тым ліку краіны Еўрапейскага саюза, асуджае незаконную дэпартацыю, а МКС ужо займаецца ацэнкай доказаў па дадзенай справе.
Сёння рэжым Лукашэнкі робіць крокі, каб зачысціць факты ўчыненых злачынстваў, разам з тым працягваючы паказушную гульню ў інфармацыйнай прасторы, у той час як дзеці, незаконна вывезеныя з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, падвяргаюцца індактрынацыі, мілітарызацыі і русіфікацыі.
У сувязі з правядзеннем прапагандысцкага «мерапрыемства» каманда НАУ звяртае ўвагу на наступнае:
Камандай НАУ ідэнтыфікаваны дзеці, якія сталі ахвярамі ваеннага злачынства рэжыму Лукашэнкі, а таксама ўстаноўлены асобы, вінаватыя ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
Дзеці з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны вывезены незаконна, а таму арганізацыя падобных «мерапрыемстваў» азначае спробы легалізацыі ваеннага злачынства.
Матэрыялы па ваенных злачынствах, звязаных з прымусовым перамяшчэннем дзяцей, ужо разглядаюцца Міжнародным крымінальным судом.
Міжнародная супольнасць і краіны ЕС рашуча асуджаюць дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а роля рэжыму Лукашэнкі ў ваенным злачынстве актыўна асвятляецца міжнароднымі і сусветнымі СМІ.
Таксама хацелася б задаць дыпламатам Лукашэнкі наступныя пытанні:
На якіх падставах сіроты прыязджаюць у Беларусь? Ці давалі ўкраінскія кампетэнтныя органы згоду на іх вываз у Беларусь?
Як медыцынскай рэабілітацыі дзяцей ад вайны дапамагаюць сустрэчы з беларускімі ваеннымі арганізацыямі?
Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення працягвае працу па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за здзяйсненне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці. Адказнасць рэжыму непазбежная.
Commentaires