top of page

Пастка ад Лукашэнкі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Я думаю ўсе памятаюць як Лукашэнка дзесяцігоддзямі карміў нас казкамі пра сярэдні заробак «па пяцьсот». Былі гады, калі беларусы нарэшце дасягалі гэтай запаветнай, усталяванай Лукашэнкам, планкі — хоць, здавалася б, чаму 500? Чаму такая мяжа мараў? Хоць чаго здзіўляцца, калі прапагандысты сур'ёзна абмяркоўваюць, як пераканаць беларусаў, што мяшок бульбы лепшы, чым Мальдывы…

Але нават калі гэтыя няшчасныя, а хутчэй злашчасныя пяцьсот даляраў станавіліся явай — здаралася чарговая дэвальвацыя і ўсё пачыналася па-новай.

Перыяд 2010-2020 гадоў наогул апынуўся страчаным дзесяцігоддзем для эканомікі Беларусі. Зрэшты і пасля 20-га лепш не стала. Стала яшчэ горш. Сярэдні тэмп росту эканомікі за 2009-2013 гады склаў 3,2%, за 2014-2019 гады — усяго 0,4%, а за 2020-2023 гады і зусім — 0,2%. 

Шмат у чым гэта звязана з такой з'явай як «пастка сярэдняга даходу». Гэта сітуацыя ў эканамічным развіцці, пры якой дзяржава, якая дасягае пэўнага даходу, захрасае на гэтым узроўні і не можа зрабіць крок у кірунку, каб нарэшце стаць паўнавартаснай развітой краінай.

дэвальвацыя ў Беларусі
Крыніца: euroradio.fm

Пастка сярэдняга даходу ўзнікае, калі рост эканомікі краіны запавольваецца і, у канчатковым выніку, спыняецца пасля дасягнення пэўнага ўзроўню. 

Краіны, што трапілі ў пастку, не ў стане канкураваць як з развітымі эканомікамі з высокімі тэхналогіямі і інавацыямі, так і з эканомікамі з нізкімі даходамі, нізкім узроўнем заработнай платы і таннай вытворчасцю прамысловых тавараў.

Сярод прычын траплення ў «пастку сярэдняга даходу» эканамісты называюць нізкую эфектыўнасць інвестыцый, знясіленне інавацый, падаражанне нізкакваліфікаваных працоўных рэсурсаў пры дэфіцыце высокакваліфікаваных, недахоп фінансавых рэсурсаў і сучаснай інфраструктуры, няроўнасць даходаў.

І, на жаль, усе гэтыя прычыны характэрныя для беларускай эканомікі. Нягледзячы на спробы нарошчвання інвестыцый, назіраецца іх нізкая эфектыўнасць. Мільярды даляраў закопваюцца на так званыя мадэрнізацыі, прарыўныя ў двукоссях інвестыцыйныя і інавацыйныя праграмы і мегапраекты, накшталт Астравецкай АЭС або Светлагорскага ЦКК. Але ўсё гэта не прыносіць ніякага пазітыўнага выніку ў выглядзе эканамічнага росту ў краіне.

Эфектыўнасць інвестыцый разлічваецца як адносіны прыросту ВУП да аб'ёму валавога назапашвання асноўнага капіталу да папярэдняга перыяду. 

Альбо па-простаму: калі мы ўкладваем рубель, то разлічваем атрымаць два, а ў маштабах краіны — эканамічны рост. Але калі ў выніку мы атрымліваем у лепшым выпадку 50 капеек або адсутнасць росту, то гэта паказвае неэфектыўнасць укладзеных сродкаў.

Дык вось доўгі час доля назапашвання асноўнага капіталу ў ВУП у сярэднім расла, а тэмпы росту ВУП — амаль не. Ці нават зніжалася, што дэманструе зніжэнне эфектыўнасці інвестыцый.

Што тычыцца інавацый, то за апошнія 13 гадоў адзначаецца рост долі тавараў з невысокай дабаўленай вартасцю, такіх як сельскагаспадарчыя або харчовыя прадукты, і памяншэнне ўдзельнай вагі тэхнічна складаных тавараў: машын, абсталявання, транспартных сродкаў у беларускім экспарце ў Расію. У прынцыпе падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых кірунках.

Нават звесткі Белстата паказваюць, што доля новых тавараў у беларускім экспарце адносна невялікая: у структуры адгружанай інавацыйнай прадукцыі за 2010-2020 гады яна не перавышала 2%, а ў 2021 годзе склала толькі 0,6%. У глабальным інавацыйным індэксе за 2023 год Беларусь заняла далёкае 80 месца, у той час, калі яшчэ ў 2015 годзе знаходзілася на 53 пазіцыі. 

Што тычыцца дэфіцыту высокакваліфікаваных кадраў, то тут мы ўсё можам убачыць, нават не звяртаючыся да статыстыкі і рознага роду індэксаў. Мы бачым як гэтыя самыя кадры пасля 2020 года масава з'язджаюць за мяжу. Прычым нелегітымныя ўлады самі іх выганяюць за палітычную нядобранадзейнасць, асуджаючы эканоміку на новыя цяжкасці. Паводле афіцыйных звестак, колькасць незанятых вакансій у Беларусі на 1 снежня 2023 года перавышала 137 тысяч, а з пачатку мінулага года эканоміка краіны страціла больш за 58 тысяч працуючых.

чарговыя абяцанні Лукашэнкі
Крыніца: golosameriki.com

З праблемамі ўсё зразумела. Але што можа вырваць Беларусь з «пасткі сярэдняга даходу» і ці ёсць у сусветнай практыцы прыклады яе пераадолення? 

Так, і гэта нашыя найбліжэйшыя суседзі — Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і шэраг іншых дзяржаў Цэнтральнай Еўропы. Багатая прыроднымі рэсурсамі Расія таксама набліжалася да запаветнай мэты, але анэксія Крыма і акупацыя Данбаса, а цяпер ужо і поўнамаштабная агрэсія супраць Украіны перакрэслілі такую перспектыву для Расіі.

Так, што ж дапамагло той жа Польшчы ці Літве вырвацца з «пасткі сярэдняга даходу» і чаму гэта немагчыма пры дыктатуры Лукашэнкі?

Па-першае, структурныя эканамічныя рэформы, якія спрыяюць развіццю высокапрадукцыйных галін і, адпаведна, спрыяюць павелічэнню прадукцыйнасці працы, прыцягваюць у краіну замежныя інвестыцыі — гэта значыць эфектыўныя фінансавыя рэсурсы, якія ствараюць новую вытворчую інфраструктуру. 

Але Лукашэнка ніякія рэформы не дапускаў і не дапусціць, калі ўсім будзе кіраваць нябачная рука рынку, а не яго пасінелыя пальцы. Свабодныя рынкавыя стасункі пагражаюць цяперашняму становішчу Лукашэнкі: пры іх адбудзецца пераразмеркаванне нацыянальных багаццяў Беларусі паміж усімі грамадзянамі — як гэта і павінна быць — а не толькі сярод блізкага кола дыктатара. 

Па-другое, стымуляванне інавацый, каб павысіць эфектыўнасць інвестыцый, працоўных і фінансавых рэсурсаў, павялічыць колькасць высокакваліфікаваных працоўных месцаў. Але узурпатар пярэчыць інавацыям, таму што інавацыі могуць ствараць толькі свабодныя людзі, эканамічна незалежныя ад рэжыму. А гэта галоўная небяспека для яго неабмежаванай улады.

Па-трэцяе, і гэта галоўнае — дэмакратызацыя краіны як адзіная магчымая ўмова фарміравання свабоднага творчага асяроддзя для стымулявання інавацый, умацавання інстытутаў, якія забяспечваюць канкурэнцыю, вяршэнства права і абарону права ўласнасці.

Але ў сучаснай Беларусі, на жаль, нічога з вышэйпералічанага не адбываецца. Наадварот, нелегітымны рэжым, які незаконна і супраць волі большасці беларусаў, утрымлівае ўладу ў краіне і павярнуў усе гэтыя працэсы назад. Замест дэмакратыі і развіцця рэжым вядзе краіну да таталітарызму, асуджаючы мільёны беларусаў на беднасць і пастаянную барацьбу за выжыванне. 

Такім чынам, Лукашэнка, падобна злыдню з дзіцячых казак, не толькі скраў у нас галасы, на нашых вачах ён крадзе ў нас і нашых дзяцей будучыню, крадзе надзею на лепшае жыццё. Дыктатура выракае беларусаў знаходзіцца ў вечнай пагоні за запаветнымі пяцьюстамі далярамі, пазбаўляючы надзеі вырвацца з гэтага замкнёнага кола. Толькі адмова ад дыктатуры дасць Беларусі шанец на развіццё. А не канчатковай дэградацыі да мяшка бульбы, пра які беларусы павінны марыць замест Мальдываў.


Comments


bottom of page