top of page

Паўтары гадзіны хлусні — інтэрв'ю прапагандысткі са састарэлым вар'ятам


Павел Латушка разабраў хлусню ў інтэрв'ю Лукашэнку прарасійскай прапагандыстцы, якая знаходзіцца ў вышуку СБУ

Павел Латушка разабраў хлусню з інтэрв'ю Лукашэнкі прарасійскай прапагандыстцы, якая знаходзіцца ў вышуку СБУ

Хутчэй за ўсё, вы здагадваецеся, пра што я. А калі не — тым лепш. Тэлевізар у Беларусі ўжо даўно перастаў быць крыніцай карыснай інфармацыі, ператварыўшыся ў інструмент кругласутачнай прапаганды і распальвання нянавісці. Гэта абавязкова зменіцца. Вар'яцкі дыктатар і яго адыёзныя прапагандысты застануцца ў мінулым, пра якое мы ўсе будзем успамінаць са словамі — ніколі больш.

Але каб гэта здарылася хутчэй — мы павінны змагацца. У тым ліку, з патокамі хлусні, якой спрабуюць атруціць нас і нашых блізкіх. Менавіта такую плынь непрыкрытай, нахабнай хлусні ў чарговы раз паспрабаваў абрынуць на беларусаў Лукашэнка ў сваім паўтарагадзінным інтэрв’ю так званай «украінскай журналістцы»‎, а на справе — пра-расейскай прапагандыстцы, якая знаходзіцца ў вышуку СБУ.

Дык пра што ў чарговы раз цэлыя паўтары гадзіны хлусіў Лукашэнка?

Першая хлусня — заява дыктатара аб тым, што ён не ведаў і не абмяркоўваў з Пуціным падрыхтоўку вайны супраць Украіны.

Проста нагадаю, што сумесныя ваенныя вучэнні Беларусі і Расіі «Саюзная рашучасць 2022»‎ павінны былі скончыцца 20 лютага. І расійская групоўка войскаў павінна была пакінуць тэрыторыю Беларусі. Аднак яны не толькі не скончыліся, а былі працягнуты. А войскі, якія мусілі пакінуць нашу краіну разам з тэхнікай, як 16 лютага публічна абяцаў нябожчык міністр Макей, засталіся ў Беларусі. Дарэчы, аб тым, што яны ўсё ж застануцца, афіцыйна заяўляла ведамства Хрэніна ўжо 20 лютага.

Хоць сёння Лукашэнка хлусіць, што расійскія войскі нібыта пачалі тады выходзіць. Нібыта рыхтаваліся пайсці на Далёкі Усход.

Вось толькі 24 лютага ўся гэтая групоўка ўварвалася ва Украіну. У тым ліку —- з Беларусі. І не проста бесперашкодна, але з поўнай інфраструктурнай і тылавой падтрымкай рэжыму Лукашэнкі. Якую ён быў гатовы аказваць. З боку Лукашэнкі ўсё было гатова і для пропуску расіейскіх войскаў праз беларуска-ўкраінскую мяжу, і для яе тылавога забеспячэння.

Тым больш агідна слухаць развагі дыктатара пра тое, што вайну можна было спыніць.

Гэта сапраўды можна было зрабіць — калі б Лукашэнка не адкрыў для рускіх нашу мяжу. Мяжу суверэннай дзяржавы, абавязанай забяспечваць яе абарону.

Але Лукашэнка не проста не абараніў мяжу. Але яшчэ 23 лютага, гэта значыць да пачатку прамога ўварвання, па яго ж прызнанні, дазволіў нанесці ўдары па тэрыторыі Украіны. Нібыта — прэвентыўныя. Нібыта Украіна рыхтавалася да ажыццяўлення пускаў ракет «Кропка У» па тэрыторыі Беларусі.

І нібыта гэтыя комплексы і былі знішчаны «прэвентыўна» ракетнымі ўдарамі з нашай тэрыторыі. Узнікае пытанне — калі тая пагроза, пра якую пазней расказваў Лукашэнка, дэманструючы на карце 4 пазіцыі, была нейтралізаваная, то бок ніякія «Кропкі У» Беларусі не пагражалі, чаму ўварванне з нашай тэрыторыі ва Украіну ўсё роўна было дазволена?

Адказ просты — Лукашэнка хлуслівец. Ніякай пагрозы не было. Быў спланаваны напад, спланаваны ім і Расіяй сумесна, падрыхтаваны і ажыццяўлёны пад прыкрыццём так званых саюзных вучэнняў.

Не кажучы ўжо пра тое, што акту агрэсіі з боку Украіны таксама не было. І таму ўдары з тэрыторыі Беларусі 23 лютага не маглі мець абарончы характар. Што наўпрост сведчыць аб тым, што Лукашэнка першым здзейсніў акт ваеннай агрэсіі яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Затым здзейсніў яго зноў, падаўшы беларускую тэрыторыю для ўварвання, забяспечыўшы інфраструктуру і тыл гэтага ўварвання. А таксама — больш за 800 ракетных удараў па Украіне з тэрыторыі Беларусі.

Гэта называецца «Саша, ты прыкрый мяне, калі ласка?». Не, гэта называецца саўдзел у вайне. Усвядомлены, добраахвотны. Спланаваны.

Другая хлусьня Лукашэнкі — беларускія вайскоўцы не бралі ўдзел у вайне.

Але абслугоўванне расійскай ударнай групоўкі — гэта і ёсць удзел. Адкрыццё для яе мяжы Дзяржпагранкамітэтам — гэта ўдзел.

Не кажучы ўжо пра тое, што сам Лукашэнка наўпрост заявіў аб правядзенні спецаперацыі сіламі спецназа на тэрыторыі Украіны па нібыта вызваленні захопленых там дальнабойшчыкаў.

Гэта значыць, Лукашэнка адкрыта прызнаў, што беларускія вайскоўцы былі, былі на тэрыторыі Украіны. Ужо падчас вайны.

Трэцяя хлусня — Украіна першай развязала вайну супраць Беларусі.

Арыштавалі беларускія грузы, вагоны з мінеральнымі ўгнаеннямі. Аб'явілі блакаду. А калі гэта адбылося?

Ці не тады, калі менавіта з тэрыторыі Беларусі расійскія войскі, якіх прапусціў і ва ўсім падтрымліваў рэжым Лукашэнкі, УЖО ўварваліся ва Украіну і вялі баявыя дзеянні? Калі ўчынілі генацыд у Кіеўскай вобласці? Выразалі Бучу, Ірпень, Гастомель, Барадзянку? Калі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ляцелі ракеты, узляталі знішчальнікі і наносілі ўдары па Украіне.

І Украіна павінна была — што? Прапускаць беларускія грузы? Можа быць, не зачыняць з Беларуссю мяжу? Бо менавіта так павінна паводзіць сябе краіна, на якую ты, ты, Лукашэнка, напаў — так? І працягваеш. Ты працягваеш гэта рабіць, працягваеш падтрымліваць вайну, працягваеш вырабляць для Расіі зброю і боепрыпасы? Навучаць расійскіх вайскоўцаў на беларускіх палігонах. Размяшчаць расійскую ядзерную зброю і баевікоў Вагнера. І ўдзельнічаць у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый?

І разам з тым — хлусіць аб міры. Хлусіць аб любові да Украіны і ўкраінскага народа. Гэта самая агідная хлусня, якая прагучала ў інтэрв'ю дыктатара.

Як і хлусня пра тое, што пра Украіну перажывае Пуцін. Хлусня аб «кропкавых аперацыях». «Кропкавая аперацыя» па Марыупальскім драмтэатры з вялікім надпісам «ДЗЕЦІ»? «Кропкавая аперацыя» па вакзале ў Краматорску? «Кропкавая аперацыя» па гандлёвых цэнтрах у Кіеве, у Крамянчуку? «Кропкавыя аперацыі» па жылых кварталах? Можа быць учорашні ўдар балістычнай ракетай па Чарнігаўскім драмтэатры — гэта таксама «кропкавая аперацыя»?

Такія «кропкавыя аперацыі», у якіх гінуць дзясяткі мірных, цывільных людзей, праводзіць Расія ва Украіне практычна кожны дзень. І Лукашэнка апраўдвае і падтрымлівае гэта.

Адзіная праўда, якую за ўсе гэтыя паўтары гадзіны хлусні сказаў Лукашэнка, гучыць так: «Дапамагаць Расіі мы будзем заўсёды. Расіі так адкрыта дапамагае толькі Беларусь».

Але нават тут я павінен яго выправіць — не Беларусь. А ты і твой злачынны, хлуслівы і гнюсны рэжым. І ты ведаеш, што табе давядзецца за ўсё гэта адказваць. І за словы, і за дзеянні.

І таму ты пагражаеш. Пагражаеш ядзернай зброяй. Пагражаеш непрымальным ударам. Пагражаеш знікненнем Украіны як дзяржавы. Сусветнай вайной. І рыхтуешся да новых ваенных вучэнняў. «Найбуйнейшым мерапрыемстве ваеннага характару», як называе гэта тваё мінабароны. Мы цудоўна памятаем, чым скончылася папярэдняе. «Міратворац».

Мір ва Украіну сапраўды прыйдзе. Разам з перамогай. Расія і яе марыянетка Лукашэнка — прайграюць. Гэтак жа ганебна, як і ваююць. І затым немінуча наступіць адказнасць.

Украіна будзе свабоднай. Беларусь будзе свабоднай. Праўда пераможа хлусню. Святло пераможа цемру.

Імперыя зла і яе дыктатары застануцца ў мінулым, пра якое мы ўсе будзем памятаць, але памятаць са словамі — ніколі больш.


Komentáře


bottom of page