top of page

Перапахаванне Багдановіча ў Беларусі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Максім Багдановіч мог быць перапахаваны ў Мінску. Падчас працы міністрам культуры гэта была тэма, якой мы рэальна спрабавалі займацца. 

Але спачатку пра тое, як Багдановіч паўплываў на мяне. Памятаю, калі я быў першакурснікам гістарычнага факультэта БДУ, праходзячы ў Мінску па праспекце Машэрава — сёння гэта праспект Пераможцаў — часта заходзіў у кнігарню. Яна месцілася акурат у будынку Міністэрства культуры, дзе пазней мне давялося працаваць міністрам. У гэтай кнігарні я часта набываў беларускамоўную літаратуру. Памятаю, як калісьці спыніўся на зборніку вершаў у трох тамах Максіма Багдановіча. 

Спадчына Багдановіча — паэта, які пражыў толькі 25 гадоў і за гэты час паспеў стаць сапраўдным класікам — асаблівая з’ява ў беларускай літаратуры.

Максім Багдановіч памёр у Ялце — гэта Украіна. З ідэяй перапахавання Максіма Багдановіча да мяне звярнуўся адзін з маіх папярэднікаў на пасадзе міністра — паважаны чалавек у культурных колах. Мы пачалі абмяркоўваць і сышліся на меркаванні пра тое, што перапахаванне Максіма Багдановіча магло б быць аднаўленнем гістарычнай справядлівасці, моцнай і нацыянальна ўздымнай падзеяй для беларускага грамадства.

Шмат было аргументаў і за, і супраць — думаю, прадстаўнікі абодвух меркаванняў знойдуцца і сёння — але ж гэта быў шанец для беларускай культуры — пахаваць Багдановіча на яго Радзіме, пра якую ён столькі пісаў. Памятаю, што гэтую тэму я падымаў на перамовах з украінскімі міністрамі. Гэта быў складаны працэс, які, на жаль, тады рэалізаваць не ўдалося.

Адстойванне нацыянальнай культуры ў сістэме Лукашэнкі заўсёды было выклікам. Цяжка сабе ўявіць, але нават класікаў, якія ўваходзяць ва ўмоўную «зорную пяцёрку» беларускай літаратуры, да якой асабіста я адношу Купалу, Коласа, Багдановіча, Караткевіча і Быкава — нават з імі было складана прабіцца на ўрадавыя мерапрыемствы. Нават іх даводзілася адстойваць, прыкладаць намаганні, каб іх творы маглі прагучаць на ўрадавых мерапрыемствах. І такая барацьба здаралася неаднойчы. Тое, што немагчыма было ўявіць сабе міністрам культуры ў часы БССР, было рэальнасцю для міністра культуры незалежнай Беларусі.


Comentarios


bottom of page