top of page

#ПрагуляйЛукашэнка



Скажам не ўроку з забойцам і дыктатарам!


1 верасня, у Дзень ведаў, у школах і ВНУ па ўсёй Беларусі дзецям і студэнтам будуць паказваць урок з Лукашэнкам.


Як бацька, не магу сабе ўявіць, што павёў бы сваё дзіця на ўрок з забойцам. І таму хачу звярнуцца да беларускіх бацькоў, а таксама да студэнтаў.


Узгадайце, чаму нас «навучыў» рэжым за апошнія гады.


Урок першы: што каронавіруса не відаць, а значыць яго не існуе. А калі і існуе — то тыя, хто ад яго памірае, вінаватыя самі. Колькі беларусаў загінулі падчас першых хваляў пандэміі — нам яшчэ толькі трэба будзе даведацца. Але тое, што рахунак будзе ісці на дзясяткі тысяч, не выклікае сумненняў ужо зараз.


Урок другі: што беларусы не маюць права выбару. Што кандыдатаў у прэзідэнты можна загадзя кідаць у турмы. Што незалежных назіральнікаў можна збіваць і арыштоўваць проста на ўчастках для галасавання. Што пасля галасавання можна проста не вывешваць выніковыя пратаколы. Што можна ўвогуле не лічыць галасы беларусаў і заявіць, што Лукашэнка набраў больш за 80%. А сапраўднага пераможцу на выбарах можна гвалтам выціснуць з краіны — як і яшчэ сотні тысяч беларусаў.


Урок трэці: што беларусы наогул не маюць правоў. Што ўкраўшы ў народа выбары, можна аддаваць загады аб падаўленні мірных пратэстаў сілай зброі. Што нязгодных з гэтым беларусаў можна саджаць за краты дзясяткі тысяч. Што можна масава збіваць, катаваць і гвалтаваць людзей у турмах. Што іх можна калечыць і нават забіваць. Што ў чатырохмясцовай камеры можна трымаць некалькі дзясяткаў чалавек — без ежы, вады і матрацаў. Што можна заліваць ім у камеры хлор ці газ з пярцовых балончыкаў. Што чалавека можна арыштаваць за колер шкарпэтак, за белы ліст паперы ў акне ці за фатаграфію пастылы, а сёння — нават за размову на беларускай мове на вуліцы. Што можна ліквідаваць усе незалежныя СМІ, НДА, зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць. І не спыніцца на гэтым.


Урок чацвёрты: што ў беларусаў няма краіны. Што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі можна абмяняць на падтрымку Расіі і магчымасць утрымацца ва ўладзе. Што кантроль над тэрыторыяй Беларусі можна перадаць расейскім войскам — і падарыць ім плацдарм для ўварвання ва Украіну. Што можна ўцягнуць Беларусь вайну, насуперак волі беларускага народа. Што можна дапамагаць Расіі масава забіваць украінцаў, што можна адкрыта падтрымліваць вайну, запускаць з тэрыторыі Беларусі сотні ракет па Украіне, а заадно — пачаць пагражаць Еўропе ядзернай зброяй, ператварыўшы Беларусь у мішэнь для ўдараў у адказ. І што можна паставіць пад пагрозу само існаванне Беларусі ў прынцыпе, дапусціўшы яе акупацыю.


Вось як выглядае «навучальная праграма» рэжыму Лукашэнкі. Вось з чым мы пагодзімся, калі прывядзем сваіх дзяцей на ўрок да дыктатара і забойцы. Вось каму мы даверым іх выхаванне.


Ведаю, што гэтыя «урокі» не прайшлі для нас бясследна. Ведаю, што многіх яны «навучылі» асцярожнасці, страху, маўчанню. Але яшчэ я ведаю, што мы не маем права дазволіць гэтым «урокам» атруціць нашых дзяцей, іх розумы і іх будучыню.


І таму 1 верасня я заклікаю вас прагуляць Лукашэнку. Сказаць няма ўрока з забойцам і дыктатарам. Сказаць няма дню прапаганды, у які рэжым збіраецца ператварыць Дзень ведаў.


Абараніце сваіх дзяцей ад нянавісці і хлусні. Пачніце з малога. Прагуляйце Лукашэнку.

Comments

Couldn’t Load Comments
It looks like there was a technical problem. Try reconnecting or refreshing the page.
bottom of page