«Пяць артэфактаў — і толькі адна ноч». Варта наведаць асабіста
- May 17
- 2 min read
Updated: May 27

Падчас наведвання сёння выставы ў Музеі Вольнай Беларусі «Пяць артэфактаў — і толькі адна ноч» Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, узгадаў, што, будучы міністрам культуры Беларусі ў 2009-2012 гадах, кожны год атрымліваў лісты ад тагачаснага міністра культуры Францыі Фрэдэрыка Мітэрана, які з'яўляўся сваяком сусветна вядомага палітыка, былога прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана, з прапановай беларускім музеям падтрымліваць еўрапейскую акцыю «Ноч Музеяў».

«Перакананы, што музеям як у Беларусі, так і беларускім музеям за мяжой важна далучацца да падобных праектаў. Мы знаходзімся ў замежжы, але мы прадстаўляем нацыянальную беларускую культуру, яе багацце, яе глыбіню, яе гістарычную спадчыну. Дарэчы, тады з міністрам культуры Францыі мы дамовіліся аб тым, каб падпісаць у 2010 годзе міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Францыяй аб супрацоўніцтве ў галінах культуры, адукацыі, навукі і СМІ, якое ў 2023 годзе дэнансаваў рэжым Лукашэнкі.
Але культура — яна вечная, беларуская культура — гэта частка еўрапейскай культурнай спадчыны і еўрапейскай будучыні. Сённяшняя "Ноч Музеяў" у Музеі Вольнай Беларусі — сведчанне захоўвання і развіцця нашай культуры ў эміграцыі. Завітайце ў Музей Вольнай Беларусі сёння, каб пабачыць унікальныя гістарычныя экспанаты, набытыя Музеем і нашымі партнёрамі», — адзначыў Павел Латушка.
Толькі сёння, 17 мая, у Музеі Вольнай Беларусі на вул. Фоксаль, 11 у Варшаве з 12:00 да 00:00 у межах удзелу ў міжнароднай акцыі «Ноч Музеяў» вы зможаце пабачыць арыгіналы ўнікальных гістарычных артэфактаў:
Статут ВКЛ, выдадзены ў 1693 годзе. Гэты экзэмпляр Статута быў выкуплены ініцыятывай MALDZIS з мэтай вяртання яго ў Беларусь;
кнігу «Пэрэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла, надрукаваную ў 1614 годзе. Кніга была набытая Беларускай Радай культуры ў выніку дзейнасці Клуба беларускіх мецэнатаў;
дзве Радзівілаўскія мапы ВКЛ XVII стагоддзя. Адзін з экзэмпляраў мапы быў набыты ініцыятывай MALDZIS, другі — Радай культуры;
сакрэтны ліст берасцейскага ваяводы Яна Антонія Гараіна, напісаны ў часы першага падзелу Рэчы Паспалітай і набыты Музеем Вольнай Беларусі.
Акрамя выставы «Пяць артэфактаў — і толькі адна ноч» у межах міжнароднай акцыі «Ноч Музеяў» на пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі будзе працаваць дзіцячая пляцоўка — «Кабінет картографа», а на канцэртнай пляцоўцы вечарам 17 мая а 21 гадзіне пройдзе выступ выканаўцаў з розных краін, у тым ліку беларускіх выканаўцаў — CHORNABROVA і Lera Dele (Koob Dele).
Σχόλια