top of page

Расія акупуе Беларусь метадам «мяккай сілы»


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Сёння Расія спрабуе акупаваць украінскія тэрыторыі вайсковым метадам. Але існуюць і неваенныя метады захопу тэрыторый і нават цэлых дзяржаў. У дачыненні да Беларусі Расія дзейнічае менавіта такімі метадамі.

Адным з афіцыйных інструментаў расійскай «мяккай сілы» стала т. зв. Рассупрацоўніцтва. Дадзеная структура з'яўляецца Федэральным агенцтвам па міжнародным гуманітарным узаемадзеянні і створана для рэалізацыі палітыкі Расіі праз укараненне ідэй «рускага свету» за мяжой, у тым ліку ў Беларусі. 

Гэта дзяржаўны орган, які з'яўляецца галоўным маторам па прасоўванні гібрыднага ўплыву Крамля. Яго прадстаўніцтвы размешчаны ў 134 краінах свету, а «пад дахам» «Рассупрацоўніцтва» працуюць кадравыя супрацоўнікі ФСБ і СЗР.

На працягу многіх гадоў «Рассупрацоўніцтва» дзейнічае як парасонавая арганізацыя для сеткі расійскіх агентаў уплыву, а таксама фінансуе розныя праекты публічнай дыпламатыі і прапаганды, кансалідуючы дзейнасць прарасійскіх гульцоў і распаўсюджваючы крамлёўскія наратывы.

Дзеянні «Рассупрацоўніцтва» ў многіх краінах свету ацэньваюць як небяспечныя, якія ствараюць пагрозу нацыянальным інтарэсам і нацыянальнай бяспецы.

2 красавіка 2024 года ў Гродне адкрыўся т. зв. Рускі дом. Ён стаў чацвёртым прадстаўніцтвам «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі. «Рускія дамы» таксама працуюць у Мінску, Брэсце і Гомелі. Нелегітымныя ўлады Беларусі даюць карт-бланш «рускім дамам», у процівагу якім ім няма чаго прапанаваць.

Пакуль прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі рэпрэсуюць і заганяюць у падполле, і любая актыўнасць пагражае ім турмой, прарасійскія дзеячы маюць невычэрпную па мясцовых мерках фінансавую падтрымку «Рассупрацоўніцтва».

Лукашэнка спаўна аддзячыў за сваё выратаванне ў 2020 годзе і працягвае дзякаваць «расійскаму свету», дазваляючы Расіі захопліваць Беларусь расійскай «мяккай сілай». Прадстаўнікі «рускага свету» пранікаюць ва ўсе сферы дзейнасці беларускага грамадства. І не толькі пранікаюць, але і захопліваюць лідзіруючыя пазіцыі, працуюць на ліквідацыю беларускай ідэнтычнасці, дыктуюць свае правілы і навязваюць рускамірскую ідэалогію.

Расія і яе «рускі свет» праз дзейнасць «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі спрабуюць прадстаўляць сябе для беларусаў «не ў якасці мэты, а ў якасці метаду», грунтуючыся пры гэтым на трох слупах: «супрацоўніцтве, бяспецы і суверэнітэце». 

Пад «супрацоўніцтвам» яны ператвараюць у жыццё банальны захоп пад сваё кіраўніцтва і ўплыў на ўсю Беларусь. Спекулюючы «бяспекай», яны ўцягнулі Беларусь у вайну супраць Украіны і стварылі рэальную пагрозу жыццю ўсяму насельніцтву нашай краіны. Спекулюючы «суверэнітэтам», яны пазбаўляюць Беларусь элементарнай дзяржаўнай самастойнасці. Гэта і ёсць неваеннае паступовае паглынанне Беларусі з дапамогай метаду «мяккай сілы».

І ўсяму гэтаму спрыяе Лукашэнка і яго набліжаныя. Усе гэтыя злачынныя дзеянні супраць беларускага народа і супраць Беларусі Лукашэнка рабіў і працягвае рабіць толькі дзеля захавання ўласнай улады.

 

Comments


bottom of page