Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Рэжым Лукашэнкі пачаў працэс па стварэнні цэнтра кібербяспекі сумесна з расійскай кампаніяй, звязанай з расійскімі спецслужбамі.
Для нашай краіны ўзнікае новая пагроза ў выглядзе паступовай перадачы нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт пад кантроль суседняй дзяржавы.
Яшчэ 14 лютага мінулага года Лукашэнка падпісаў так званы ўказ №40 «Аб кібербяспецы», якім прадугледжана стварэнне Нацыянальнага цэнтра кібербяспекі і падобных цэнтраў па ўсёй Беларусі.
Загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку ад 11 лістапада 2023 года цэнтр кібербяспекі, створаны пры РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам», стаў першай атэставанай структурай такога роду ў краіне.
Літаральна за месяц да гэтага РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам», або скарочана НЦАТ, і расійская IT-кампанія Positive Technologies падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця кібербяспекі ў Беларусі.
У рамках гэтага супрацоўніцтва сумесныя намаганні павінны быць накіраваныя на «павелічэнне колькасці высокакваліфікаваных экспертаў па інфармацыйнай бяспецы і павышэнне дасведчанасці беларускіх кампаній аб абароне ад кіберпагрозамі».
Што гэта за кампанія Positive Technologies, з якой НЦАТ пачаў цеснае супрацоўніцтва?
Яшчэ ў 2021 годзе да поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну кампанія Positive Technologies трапіла пад амерыканскія санкцыі. За што? Усё проста — кампанія аказвала падтрымку расійскім дзяржарганізацыям і праводзіла форумы па практычнай бяспецы, дзе супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў маглі вербаваць хакераў. Пра гэта некалькі гадоў таму свету паведаміла амерыканская рэдакцыя Forbes. Таксама расійская IT-кампанія адзначылася ў гандлі тэхналогіямі, якія маглі быць выкарыстаны для ўзлому арганізацый і асоб па ўсім свеце.
Ужо пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны Positive Technologies трапіла пад дзеянне 11-га пакета санкцый Еўрасаюза, які быў апублікаваны 23 чэрвеня 2023 года. А ў лістападзе 2023 года Positive Technologies таксама апынулася ў санкцыйным спісе Украіны.
І вось цяпер гэтая кампанія прыйшла на беларускі рынак. І не проста прыйшла, а атрымала доступ у той самы НЦАТ — адзін з двух правайдэраў-манапалістаў у Беларусі, у якіх усе астатнія правайдэры купляюць трафік для выхаду ў Інтэрнэт за межы Беларусі. Гэта значыць доступ да арганізацыі, якая па сутнасці займаецца кіраваннем беларускім інтэрнэтам.
Нагадаем, што НЦАТ была створана спецслужбай — ААЦ. І з'яўляецца той структурай, якая непасрэдна займалася блакаваннем Інтэрнэту ў жніўні 2020 года. І вось цяпер да гэтага «рубільніка», да гэтай чырвонай кнопкі беларускага інтэрнэту, Лукашэнка дапускае Расію.
Мэты рэжыму Лукашэнкі ў рамках яго «кібербяспекі» зразумелыя — максімальна адсачыць і пракантраляваць кожны крок і кожнае дзеянне беларускіх грамадзян. І, вядома ж, арганізоўваць кібератакі, як гэта было зроблена ім зусім нядаўна ў дачыненні да рэсурсаў дэмакратычных сіл. Дарэчы, гэтая атака адбывалася паралельна з кібератакай Расіі ў дачыненні да Украіны.
Якія ж мэты Расіі ў дачыненні да беларускай кібербяспекі? Узяць яе пад кантроль. І гэты працэс ужо пачаўся-з лёгкай рукі «гаранта суверэнітэту» Лукашэнкі.
Якому, дарэчы, варта было б добра падумаць. Бо аднойчы «рубільнік» інтэрнэту ў Беларусі зноў можа выключыцца. Але кантроль над гэтым працэсам будзе ўжо не ў яго руках. А мэтай гэтага выключэння цалкам можа стаць сам Лукашэнка.
Opmerkingen