Пераследы за мову, катаванні, здзекі і жоўтыя біркі для беларускамоўных палітвязняў, знішчэнне беларускамоўных выдавецтваў, кнігарняў, школ і інш. арганізацый, паслядоўная дыскрымінацыя беларускай мовы і актыўная русіфікацыя ўсіх сфер дзяржаўнага і грамадскага жыцця, адукацыі і культуры, дэманізацыя нацыянальных сімвалаў і жорсткі пераслед за іх выкарыстанне…
Усе гэтыя і многія іншыя праявы мэтанакіраванай антыбеларускай, антынацыянальнай палітыкі і ідэалогіі ў нашай краіне, за рэалізацыю якой адказвае пра-расійскі марыянеткавы рэжым Лукашэнкі – абсалютна не выпадковыя. Гэта стратэгія. Стратэгія разбурэння нацыянальнай ідэнтычнасці, самасвядомасці і самавызначэння беларусаў, разбурэння суверэнітэту і дзяржаўнасці Беларусі ў прынцыпе – іх растварэнні ў так званым "рускім свеце".
24 лютага 2023 года, завяршыўшы працэс гібрыднай акупацыі Беларусі рукамі падкантрольнага ёй марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі, Расія паўторна ўварвалася ва Украіну. І калі для кагосьці ў свеце гэта было невідавочным раней, то сёння ўжо проста немагчыма адмаўляць: агрэсіўная стратэгія Расіі грунтуецца на канкрэтнай ідэалогіі – ідэалогіі рашызму.
У відэа мы разабралі прыкметы і практыкі рашызму ў дачыненні да Беларусі і паспрабавалі знайсці адказы на прынцыповыя пытанні, якіх мы, беларусы, даволі доўга пазбягалі раней:
Ці гатовы мы пагадзіцца, каб рашызм у нашай краіне перамог і стаў ідэалогіяй Беларусі?
Ці дазволім знішчыць сваю ідэнтычнасць і ператварыць нас у "рускіх са знакам якасці", а незалежную Беларусь – у "Беларуссію", у частку "рускага свету"?
Ці жадаем адчуць на сабе наступствы развязанай рашыстамі вайны і стаць ядзернай мішэнню на карце Еўропы?
Ці хочам падзяляць ганьбу і адказнасць за ваенныя злачынствы, якія здзяйсняюцца Расіяй і яе марыянеткавым рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны?
Рашызм не пераможа ва Украіне. Расія не пераможа ў гэтай вайне. Але што будзе з намі, па які бок гісторыі і цывілізацыі мы апынемся, ці захаваем сябе як нацыю, ці захаваем сваю краіну – усё гэта залежыць толькі ад нас саміх.
Comments