top of page

Рыса беднасці ў Беларусі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Беларусы перасталі атрымліваць афіцыйныя дадзеныя Белстата па многіх пазіцыях. І калі нейкія звесткі становяцца даступнымі, то цвёрда ўпэўненыя, што гэта падман і гэта трэба для нейкіх мэтаў рэжыму Лукашэнкі. Так адбылося ў чарговы раз.

Белстат апублікаваў, што ў 2023 годзе колькасць малазабяспечаных беларусаў скарачалася і што за рысай беднасці ў Беларусі знаходзіцца 3,5% насельніцтва, гэта значыць 320 тысяч беларусаў. І гэта чарговая маніпуляцыя і хлусня рэжыму Лукашэнкі. 


Як і для чаго Белстат маніпулюе? Спачатку прааналізуем як

Белстат маніпулюе звесткамі пра беднасць беларусаў
Крыніца: belmarket.by

Рысу беднасці ў Беларусі назвалі «узроўнем малазабяспечанасці насельніцтва» і вызначаюць раз у квартал долю жыхароў краіны, якія маюць сярэднедушавы даход ніжэй пражытачнага мінімуму. А бюджэт пражытачнага мінімуму вызначаюць як кошт мінімальнага набору прадуктаў харчавання, тавараў, паслуг і абавязковых плацяжоў і ўнёскаў, якія павінны задаволіць мінімальныя жыццёвыя патрэбы чалавека. З 1 лістапада сярэдні бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі складае 367,79 рубля (прыкладна 116 даляраў). Гэта вельмі малая сума для мінімальнага выжывання.

І вось тут і крыецца галоўная маніпуляцыя рэжыму — яны самі прыдумалі схему вызначэння «ўзроўню малазабяспечанасці насельніцтва», праігнараваўшы агульнапрыняты сусветны ўніверсальны механізм вызначэння беднасці, якім аперуе ў сваіх справаздачах Сусветны банк. Паводле метадалогіі Сусветнага банка, для вызначэння ўзроўню беднасці ў краінах выкарыстоўваецца паказчык валавога нацыянальнага даходу на душу насельніцтва. І па гэтым паказчыку ўсе краіны падзеленыя на тры групы:

  1. Краіны з «нізкім» узроўнем валавога нацыянальнага даходу на душу насельніцтва — да 1135 даляраў у год. І для жыхароў такіх краін, а гэта Паўночная Карэя, Емен, Эфіопія і інш., вызначаны парогам крайняй беднасці даход у месяц на душу насельніцтва ніжэй, чым 64,5 даляра.

  2. Краіны з узроўнем валавога нацыянальнага даходу на душу насельніцтва «ніжэй сярэдняга» — ад 1136 да 4465 даляраў ЗША на душу насельніцтва. Для жыхароў такіх краін, а гэта Індыя, Егіпет, В'етнам, Туніс і інш. вызначаны парогам крайняй беднасці даход у месяц на душу насельніцтва ніжэй, чым 109,5 даляра.

  3. Краіны з узроўнем валавога нацыянальнага даходу на душу насельніцтва «вышэй за сярэдні» — ад 4466 да 13 845 даляраў на душу насельніцтва і краіны з «высокім» узроўнем валавога нацыянальнага даходу на душу насельніцтва — больш 13846 даляраў на душу насельніцтва. І для жыхароў такіх краін вызначаны парогам крайняй беднасці даход у месяц на душу насельніцтва ніжэйшы, чым 205,5 даляраў або 649 беларускіх рублёў.

Дык вось Беларусь з 2006 года адносіцца да краін з узроўнем нацыянальнага даходу на душу насельніцтва «вышэй сярэдняга» і, адпаведна, парогам крайняй беднасці для жыхара такой краіны як Беларусь будзе даход ніжэй за 205,5 даляра ў месяц ці ніжэй за 649 беларускіх рублёў. І калі ў сям'і з 3 чалавек штомесячны даход складае менш, чым 1947 рублёў (616 даляраў), то такая сям'я ў Беларусі знаходзіцца за рысай беднасці. Таму што чым вышэйшы ўзровень валавога ўнутранага прадукту ў краіне, дарэчы вырабленага грамадзянамі Беларусі, тым даражэйшымі ў ёй будуць тавары і паслугі.

Такім чынам Белстат прызнаў, што толькі 320 тысяч беларусаў або 3,5% маюць даход ніжэй за 367 рублёў у месяц і знаходзяцца за рысай беднасці. І што за 2023 год такіх людзей стала на 40 тысяч менш. 

Для чаго Белстат істотна памяншае колькасць беларусаў, якія жывуць ніжэй за рысу беднасці?

беларусы за мяжой беднасці
Крыніца: vsemirnyjbank.org

Па-першае, каб паказаць, што працэнт жыхароў краіны, якія знаходзяцца за рысай беднасці ніжэй, чым у краінах, якія ўваходзяць у гэтую ж групу краін з узроўнем валавога нацыянальнага даходу на душу насельніцтва «вышэй за сярэдні».

Так у Італіі ўзровень беднасці ў краіне склаў 9,7%, у Балгарыі — 22,9%, у Аўстрыі — 14%, у Венгрыі — 12%, у Бельгіі — 13% і нават у партнёра па ваеннай агрэсіі супраць Украіны і партнёра па фарміраванні Саюзнай дзяржавы Расіі — 10,5%. Кожная краіна імкнуцца паменшыць адсотак беднасці насельніцтва рэальна. А Лукашэнка вырашыў як заўсёды — падманам і на паперы. 

А па-другое, так зручней вяшчаць пра тое, як добра жывецца беларусам у пабудаваным рэжымам Лукашэнкі канцлагеры. Падманваць беларусаў, што ўсе задаволеныя ўзроўнем жыцця і засталося толькі маліцца на дыктатара і працаваць моўчкі і практычна бясплатна на стварэнне таго самага валавога нацыянальнага даходу, які будзе раскрадаць Лукашэнка са сваёй сям'ёй. Яны баяцца паказаць сапраўдны маштаб беднасці насельніцтва Беларусі. Яны баяцца той велізарнай колькасці даведзеных да крайняй беднасці людзей і баяцца іх рэакцыі. А колькасць беларусаў, якія апынуліся практычна ў галечы, сапраўды велізарная. Нават па мінімальных падліках па метадалогіі Сусветнага банка, доля жыхароў Беларусі, якія знаходзяцца за рысай беднасці, складае 2,5 мільёна чалавек ці 27%. І гэта кожны чацвёрты беларус, у якога, паводле тых жа звестак Белстата, узровень сярэднедушавых рэсурсаў у месяц ніжэй за 649 рублёў.

Так, беларусы ўмеюць эканоміць, умеюць выжываць, умеюць здавольвацца малым пад лозунгам «абы не было вайны». Але ўсё гэта да пары да часу.

Comentarios


bottom of page