top of page

Рэжым лезе ў кішэні беларусаў


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

На т. зв. грамадскае абмеркаванне вынесены праект указа Лукашэнкі, якім прадугледжана зніжэнне памеру максімальнага плацяжу наяўнымі за любыя тавары і паслугі.

Праектам указа Лукашэнкі прадугледжваецца паэтапнае, на працягу двух бліжэйшых гадоў, памяншэнне гранічнага памеру плацяжу наяўнымі, прыманага юрасобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ад фізічных асоб, з 500 да 100 базавых велічынь пры продажы ім тавараў, работ або паслуг.

Дадзены ўказ прымаецца на фоне таго, што з 1 сакавіка гэтага года сілавікі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку т. зв. супрацоўнікі пракуратуры, дзяржбяспекі, унутраных спраў, Следчага камітэта і Аператыўна-аналітычнага цэнтра атрымалі кругласутачны супердоступ да ўсіх безнаяўных плацяжоў беларусаў. Сілавікі ўжо сталі выклікаць беларусаў на «гутаркі», а рахункі проста блакаваць.

Людзі ў пагонах на «гутарках» задаюць стандартны спіс пытанняў: прозвішча, імя, адрас, месца працы, ці былі аперацыі з крыптавалютамі, якія плацяжы або пераводы каму і куды мелі месца. Як правіла, пытанні потым перадаюцца ў т. зв Следчы камітэт. Ну а далей, як мы ведаем, можа быць стандартная гісторыя: крымінальная справа, ізалятар і патрабаванне ад тых жа сілавікоў па водкупу ад гэтай справы.

А з 1 красавіка наймальнікі павінны падаваць у падатковую рэжыму Лукашэнкі звесткі аб даходах сваіх работнікаў. Гаворка ідзе пра чарговую «базу» беларусаў ад рэжыму, гэтым разам датычнай ужо іх даходаў. Яна прадугледжвае, што наймальнікі павінны будуць прадастаўляць падаткавікам інфармацыю практычна аб усіх даходах работнікаў. Гаворка ў т. л. аб ільготах і сумах падаходнага падатку з фізічных асоб.

Новаўвядзенні таксама абавязалі банкі прадастаўляць падатковай дадзеныя аб кліентах-фізасобах, у якіх агульная сума па прыходных аперацыях за каляндарны год перавысіла 150 тысяч рублёў. Дадзеныя змены прадугледжаны абноўленым Падатковым кодэксам.

Такім чынам, рэжым Лукашэнкі хоча цалкам кантраляваць грашовыя аперацыі беларусаў з мэтай адсочвання даходаў, прадпрымальніцкай актыўнасці, а таксама дарагіх набыткаў для магчымай у наступным канфіскацыі «лішніх» сродкаў на карысць верных слуг дыктатара.

У сувязі з гэтым у чарговы раз прапануем старацца пазбягаць разлікаў безнаяўным спосабам і падумаць аб адмове ад захоўвання сваіх назапашванняў у беларускіх банках. Варта памятаць, што ў выпадку ўвядзення ў Беларусі надзвычайнага або ваеннага становішча ўсе вашы рахункі і назапашванні могуць быць раптоўна замарожаныя.

 

Comments


bottom of page