Сёння Парламент Эстоніі і Сейм Латвіі першымі ў свеце прынялі вельмі важныя палітычныя і прававыя рашэнні і афіцыйна прызналі ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне генацыдам.
Гэта вялікі крок наперад на шляху прыцягнення ваенных агрэсараў да адказнасці на міжнародным узроўні.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вітае дадзенае рашэнне эстонскіх і латвійскіх парламентарыяў.
Пры гэтым вельмі важна, што ў рашэнні латвійскага Сейма ўжо ўзнята пытанне аб суадказнасці рэжыму Лукашэнкі за ваенную агрэсію і злачынствы супраць Украіны.
— Сейм выказвае ўпэўненасць што УСЕ, хто здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, будуць прыцягнуты да адказнасці.
— Парламент Латвіі рашучым чынам асуджае ваенную агрэсію і шырокамаштабнае ўварванне ва Украіну з боку Расійскай Федэрацыі, ажыццёўленую пры падтрымцы і ўдзеле беларускага рэжыму.
— І заклікае еўраатлантычную супольнасць і яе партнёраў тэрмінова ўвесці ўсёабдымныя санкцыі супраць Расійскай Федэрацыі, а таксама прыняць эквівалентныя рашэнні і ўвесці раўназначныя санкцыі супраць Беларусі як саўдзельніка расійскай ваеннай агрэсіі.
Раней, 19 красавіка, наша каманда правяла кансультацыі з намеснікамі міністраў замежных спраў Эстоніі і Літвы, а таксама паслом Латвіі, падчас якіх партнёры пазначылі, што разглядаюць дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны як саўдзел у агрэсіі і выступаюць за максімальную сінхранізацыю санкцый у адносінах да рэжыму Лукашэнкі і Расіі.
Мы працягнем прыкладаць усе намаганні і выкарыстоўваем усе свае міжнародныя кантакты для таго, каб рэжым Лукашэнкі быў афіцыйна прызнаны ваенным агрэсарам і саўдзельнікам генацыду ва Украіне — нароўні з Расіяй. Гэтае пытанне будзе ўзнята падчас усіх бліжэйшых сустрэч каманды НАУ.
Comentários