top of page

Сацыяльная дзяржава як галоўны міф рэжыму Лукашэнкі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Джакузі і саўны для дыктатара замест дапамогі тым, хто мае патрэбу. Менавіта такая характарыстыка напрошваецца пры ацэнцы існуючых падыходаў рэжыму да сацыяльнай палітыцы. Рэжымная прапаганда не спыняе спекуляваць на тэзісе аб тым, што Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, аднак ужо шмат гадоў гэта вызначэнне з'яўляецца толькі чарговым прапагандысцкім хітрыкам. Сёння мы раскажам, як Беларусь адыходзіць ад сацыяльнай арыентаванасці і хто атрымлівае выгаду ад гэтага.

Выдаткі на сацыяльныя патрэбы беларуская дзяржава фінансуе з бюджэту, праект якога прымаецца на кожны год. Функцыі па яго размеркаванні сёння належаць рэжыму дыктатара, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў краіне — і палітыка размеркавання бюджэту, які фарміруецца ў першую чаргу з нашых падаткаў — падаткаў беларусаў, найбольш красамоўна паказвае рэальныя прыярытэты Лукашэнкі — гэта першы тэзіс, пра які мы сёння раскажам.

Прадэманструем структуру бюджэту наглядна. Часткай сацыяльных выдаткаў Беларусі з'яўляюцца выдаткі на ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную палітыку — сукупна на гэтыя патрэбы ў 2024 годзе прадугледжана крыху больш за 7 млрд рублёў. Менавіта з гэтых сродкаў ажыццяўляецца фінансаванне расходаў, сярод іншага, на дапамогу неабароненым слаям насельніцтва. Параўнаем гэтую лічбу з некаторымі выдаткамі, якія не маюць прамога дачынення да сацыяльнай сферы. Напрыклад, на агульнадзяржаўную дзейнасць, нацыянальную абарону, судова-сілавую сістэму сукупна выдзелена больш за 30 млрд рублёў. Больш чым у чатыры разы болей, чым на ахову здароўя, адукацыю і сацыяльную палітыку.

Чаму ж існуе такі дысбаланс? Няўжо беларусы насамрэч жывуць настолькі добра, што галоўныя праблемы, якія застаецца вырашаць, будуюцца вакол функцыянавання дзяржаўнай сістэмы і сілавога апарата? Гэта пытанне рытарычнае, бо адказ на яго відавочны: мэты Лукашэнкі не ляжаць у галіне паляпшэння дабрабыту беларускага народа, а накіраваныя толькі на захаванне ўласнай улады, якую ён незаконна ўтрымлівае, у тым ліку сілавым шляхам — і менавіта на гэтыя мэты вылучаецца асноўная частка дзяржбюджэту.

І ў гэтым крыецца асноўная прычына таго, што тыя беларусы, якія з прычыны складанай жыццёвай сітуацыі маюць патрэбу ў дзяржпадтрымцы, гэтую дапамогу атрымліваюць у меншым аб'ёме. Прывядзем у прыклад хаця б памер пенсій дзецям з інваліднасцю 4-ай — самай цяжкай — ступені страты здароўя. На люты-красавік 2024 года такія выплаты складаюць крыху больш за 440 беларускіх рублёў (або каля 125 еўра ў эквіваленце). Параўнаем з заробкам міліцыянта Мінскага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ. Мінімальныя выплаты кандыдату на такую вакансію пачынаюцца ад 2 000 рублёў. То бок толькі мінімальны заробак міліцыянта ў Беларусі эквівалентны чатыром з паловай пенсіям для дзяцей з самай цяжкай групай інваліднасці. І гэты пры тым, што супрацоўнікі МУС маюць шэраг ільгот і прэферэнцый. Пры тым, што сілавы апарат у Беларусі разадзьмуты. Так мы сапраўды можам казаць аб сацыяльна арыентаванай дзяржаве?

Разам з тым рэжым працягвае заганяць недафінансаваную сацыяльную сферу ў глыбокую яму. Праяву гэтаму можна знайсці і ў масавай ліквідацыі арганізацый недзяржаўнага сектара пасля 2020 года — гэта другі тэзіс, на які мы сёння звернем увагу. Па-сапраўднаму беспрэцэдэнтная зачыстка недзяржаўнага сектара пасля 2020 года закранула тысячы арганізацый, сярод якіх — дабрачынныя і гуманітарныя. Многія з іх займаліся дапамогай найбольш уразлівым слаям насельніцтва, у тым ліку людзям з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі, малазабяспечаным грамадзянам, асобам без пэўнага месца жыхарства і іншым, якія жывуць у нястачы ў дапамозе. Зачысціўшы сектар, рэжым пазбавіў падтрымкі тысячы грамадзян, якія ўваходзяць у катэгорыю неабароненых слаёў насельніцтва. 

Маштаб шкоды, нанесенай рэжымам Лукашэнкі ўразлівым слаям насельніцтва, складана пераацаніць. Толькі адна з найбуйнейшых ліквідаваных арганізацый — дабрачынная платформа «Імёны» — за пяць гадоў працы сабрала на дабрачынныя мэты каля 3 мільёнаў долараў, атрымала больш за 200 тысяч плацяжоў ад людзей з усяго свету. За гэтыя сродкі платформа прафінансавала каля 40 праектаў, якія рэалізоўвалі 30 НКА Беларусі. Дапамогу атрымалі не менш за 50 тысяч чалавек. Яшчэ раз. Не менш за 50 тысяч чалавек, якім гэтая дапамога была неабходная.

Што ж рэжым прапанаваў грамадству наўзамен ліквідаваных гуманітарных арганізацый? Па сутнасці — нічога, але затое дабрачынную сферу рэжым вырашыў узяць пад свой кантроль, а сродкі на гуманітарныя патрэбы акумуляваць у адзіным фондзе. У 2022 годзе Мінюст зарэгістраваў так званы Фонд першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які атрымаў і аднайменную назву — «Фонд першага». Восенню мінулага года аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL правяло расследаванне яго дзейнасці. І асаблівую цікавасць прыцягнуў яго адрас — г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, 15 — бо менавіта там знаходзіцца рэзідэнцыя Лукашэнкі са спа-цэнтрам, басейнам, канферэнц-залай, рабочым кабінетам і спальняй. Ці не для патрэб Лукашэнкі быў створаны гэты фонд? І важна адзначыць, што рэзідэнцыя, на адрас якой зарэгістраваны фонд — толькі адна з як мінімум 18 рэзідэнцый Лукашэнкі ў Беларусі і за мяжой. І гэта толькі тыя, што вядомыя грамадскасці. Узнікае лагічнае пытанне: а ці можа адзін чалавек спаць адначасова на 18 ложках? Навошта яму столькі рэзідэнцый? Ён у чарговы раз можа сказаць, што гэта не яго, а дзяржавы. Але беларускі народ у 2020 годзе выразна патлумачыў, што не хоча гэта фінансаваць. Бо кожную рэзідэнцыю Лукашэнкі, нават калі ён там не начуе, трэба ахоўваць, утрымліваць, прыбіраць, добраўпарадкоўваць тэрыторыю. Вы ўяўляеце, якія каласальныя грошы ідуць проста так на вецер, унікуды, для таго, каб Лукашэнка меў (хутка, напэўна, ужо ў кожным раёне) сваю рэзідэнцыю для адпачынку. Гэта велізарная нагрузка на бюджэт, а значыць — на нас, на беларусаў, на беларускіх падаткаплацельшчыкаў, бо Лукашэнка не аплачвае гэта са сваёй кішэні — ён жа «бедны», «самы бедны» грамадзянін краіны, як ён сцвярджае. Гэта плацяць беларусы. Няхай задумаюцца менавіта тыя, хто яшчэ дагэтуль думае пра тое, што варта падтрымліваць такога чалавека. Няхай падумаюць: а ці варта і колькі каштуе гэта вам?

Пенсійная пастка Лукашэнкі. Яшчэ адзін крытэрый сацыяльнай адказнасці дзяржавы — памер пенсій. Мы, нашы бацькі, нашы бабулі і дзядулі, адпрацаваўшы працоўны стаж і папаўняючы падаткамі бюджэт краіны, маем права прэтэндаваць на выплаты з боку дзяржавы. Важна разумець, што працоўныя пенсіі — гэта не нейкая падачка Лукашэнкі, гэта не ягоная заслуга, як ён нам увесь час спрабуе расказаць, а законнае ўзнагароджанне, якое выплачвае большасць краін свету сваім грамадзянам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту.

Беларусы, якія падарожнічаюць па Еўропе, часта могуць заўважыць, што многія еўрапейскія турысты ў Парыжы, Рыме, Празе, Лондане і іншых гарадах — якраз пенсійнага ўзросту. У іх хапае сродкаў, каб падарожнічаць па свеце. Але беларускія пенсіянеры падарожнічаюць значна радзей. Дакладней, калі наогул падарожнічаюць. І адна з прычын — тое, якія пенсіі атрымліваюць беларускія пенсіянеры. Пенсійная сістэма Беларусі — размеркавальная, яе сутнасць складаецца ў тым, што эканамічна актыўнае насельніцтва дзяржавы выплачвае страхавыя ўнёскі, з якіх у наступным выплачваюцца пенсіі. Сярэдняя пенсія па ўзросце ў Беларусі ў 2023 годзе склала крыху больш за 700 рублёў або каля 200 еўра.


Разгледзім сітуацыю ў суседзяў. Літва і Латвія — як і Беларусь, краіны былога Савецкага Саюза. Распад Савецкага Саюза паставіў краіны ў падобнае эканамічнае становішча. Але што ж з пенсіямі ў гэтых краінах? Сярэдняя пенсія ў Літве складае 575 еўра або каля 2 тысяч беларускіх рублёў. Сярэдняя пенсія ў Латвіі — 527 еўра, або амаль 1900 беларускіх рублёў. Сярэдняя пенсія ў Польшчы каля 670 еўра, або амаль 2 400 беларускіх рублёў. І тут гаворка ідзе не пра максімальныя пенсіі, а пра асераднёную суму. І цяпер барабанны дроб: 700 рублёў у Беларусі, 2 тысячы ў Літве, 1 900 у Латвіі і 2 400 у Польшчы. Вы таксама адчуваеце, што гэтыя лічбы дэманструюць кошт рэжыму Лукашэнкі для беларусаў? А цяпер, калі працаздольнае насельніцтва пакідае Беларусь і сярэдні ўзрост у краіне расце (і ён самы высокі з усіх краін-дзяржаў удзельнікаў так званага СНД — ужо наблізіўся да 42 гадоў), мы ўяўляем з вамі, што чакае краіну ў тым ліку з пункту гледжання выплаты пенсій? З якіх сродкаў яны будуць выплачвацца, калі Лукашэнка ўтрымаецца яшчэ ва ўладзе?

Дзеля справядлівасці можна адзначыць, што і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Латвіі вышэйшыя выдаткі на камунальныя і спадарожныя паслугі — пра гэта ўвесь час кажа прапаганда, але нават з улікам гэтага сітуацыя ў краін-суседак выглядае нашмат лепш, чым у Беларусі. У чым жа прычына такіх разыходжанняў? А можа, кіраўніцтва гэтых краін не выпампоўвае грошы з бюджэту для пабудовы рэзідэнцый? Можа быць у тым, што дзяржаўная палітыка там будуецца для паляпшэння дабрабыту людзей і там улада падкантрольная людзям — яна не можа так красці, як крадзе рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Лукашэнка выкарыстоўвае ўладу для перманентнага стварэння пагроз у рэгіёне — можа быць у гэтым прычына? Таму што яму патрэбныя грошы на так званую абарону, а ў рэальнасці — на сілавы апарат.

Лукашэнка — хлус, якога яшчэ не сустракала гісторыя Беларусі. І яго прапаганда накіравана на тое, каб пераканаць людзей, што яны добра жывуць — але не зрабіць іх жыццё лепш. Аднак як бы не стараўся Лукашэнка аб'ектыўныя фактары паказваюць рэальнае становішча спраў. І тое, пра што мы сёння гаворым — толькі частка выбудаванага рэжымам міфа аб сацыяльнай дзяржаве. Аб астатніх аспектах гэтага штучнага міфа мы яшчэ абавязкова будзем распавядаць.


Comentários


bottom of page