top of page

Смяротнае пакаранне за замах на ўчыненне тэрарыстычных актаў — законапраект для запалохвання


Крыніца: hurriyetdailynews.com

Юрысты НАУ пра новы законапраект рэжыму, скіраваны на запалохванне беларусаў


«Дэпутаты» заявілі аб тым, што законапраект накіраваны на «стрымліванне дэструктыўных элементаў» і «рашучую барацьбу дзяржавы з тэрарыстычнай дзейнасцю». Улічваючы тое, наколькі шырока ўлады трактуюць паняцце «тэрарызм» у апошні час, юрысты НАУ Міхаіл Кірылюк і Арцём Праскаловіч упэўненыя, што новаўвядзенне накіраванае на тое, каб падвесці як мага большую колькасць палітычных спраў пад артыкул, які прадугледжвае смяротнае пакаранне.


У інтэрв'ю BBC Міхаіл Кірылюк кажа аб тым, што галоўная мэта законапраекта — запалохванне грамадзян. У спісах КДБ, якія маюць дачыненне да тэрарызму ўсім вядомыя прозвішчы: Латушка, Ціханоўская і інш. Артыкул «тэрарызм» выкарыстоўваецца для пераследу палітычных праціўнікаў рэжыму. Гэты закон прымаецца не для рэгуляцыі грамадскіх праваадносін, а для юрыдычнага афармлення гвалтоўнага ўтрымання ўлады.


У матэрыяле Зеркала Міхаіл Кірылюк сцвярджае, што ў сусветнай практыцы існуе прынцып, што за замах на ўчыненне злачынства адказнасць меншая, чым за злачынства, даведзенае да канца. Калі мы паглядзім апошнія крымінальныя справы ў Беларусі па артыкуле «Акт тэрарызму», то знойдзем там палітыкаў і актывістаў, якіх улада лічыць найбольш небяспечнымі для сябе, а не рэальных тэрарыстаў. Але паколькі, нягледзячы на ​​ілжывыя абвінавачванні ў тэрарыстычных актах, беларускія спецслужбы да гэтага часу не змаглі прадэманстраваць ніводнага даведзенага да канца тэракту, яны вырашылі пайсці па шляху змены заканадаўства. На наш погляд, найбольш верагоднай прычынай такіх законапраектаў з’яўляецца тое, што адлюстраваць «замах» на падроблены тэракт для беларускіх спецслужбаў прасцей, чым арганізаваць рэальны.


Падобнае меркаванне ў каментары Белсату выказаў і Арцём Праскаловіч: сама па сабе магчымасць смяротнага пакарання за нерэалізаваныя дзеянні з’яўляецца юрыдычным нонсэнсам. У дадзеным выпадку няма ніякай логікі ці прытрымлівання законаў нарматворчасці, што і нядзіўна для краіны беззаконня.


Беларусь займае апошняе месца ў глабальным індэксе тэрарызму, з 2012 года тэрактаў у нашай краіне няма. Адзіная прычына беспрэцэдэнтных зменаў у КК — пратэстная і антываенная актыўнасць беларусаў.

コメント


bottom of page