Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Ва ўсякай бяды і трагедыі ёсць канкрэтныя прычыны. Шматлікія разбурэнні і пашкоджанні інфраструктуры населеных пунктаў 14 ліпеня, у тым ліку парушанае электразабеспячэнне большай часткі паўднёвага захаду Гомельскай вобласці, вядома ж, адбыліся па прычыне прыроднай стыхіі, якая абрынулася.
Аднак немагчымасць аператыўнага аднаўлення пашкоджанага электразабеспячэння, а адпаведна нармалізацыі жыццёва важных патрэбаў людзей, адбылася менавіта з прычыны дазволу асабіста ад Лукашэнкі на ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. На першы погляд здаецца, якая тут сувязь?
Адказ — самая прамая. На Мазыршчыне электразабеспячэнне да моманту ўварвання ва Украіну магло ажыццяўляцца як па лініі электраперадач з тэрыторыі Беларусі, так і па лініі электраперадач з тэрыторыі Украіны. Напрыклад, электрасетка Мазыра з Гомелем была закальцаваная праз тэрыторыю Украіны. Пасля расійскай агрэсіі Расіі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі лінію «Гомель — Чарнігаў» украінскія ўлады, па зразумелых прычынах, адключылі.
Таму закальцоўкі ў Гомельскай вобласці фактычна няма, а адпаведна няма і абавязковай у такіх выпадках альтэрнатывы. У сваю чаргу лінія электраперадач на тэрыторыі краіны была абясточаная з-за абрынутай апоры ЛЭП. Таму мясцовым жыхарам і арганізацыям давялося чакаць, пакуль яе адновяць.
Але энергетыкі сваімі сіламі гэта зрабіць не могуць — патрэбна спецыялізаваная арганізацыя.
Яе ў тэрміновым парадку выклікалі, аднак праз бюракратыю паўдня не дапускалі да працы, бо ні ў кога не хапіла смеласці заплюшчыць вочы на шматлікія інструкцыі і ўзгадненні, каб хутчэй даць допуск да працы і як мага хутчэй прыступіць да ліквідацыі наступстваў аварыі.
Кожны дзень прапаганда Лукашэнкі паўтарае беларусам, што без моцнай рукі, без жорсткай улады немагчыма мабілізаваць грамадства і дзяржаву для вырашэння важных, патрабуючых маментальнага адказу праблем. Але практыка паказвае адваротнае. Вось ужо некалькі дзён у выніку стыхіі, якая абрынулася ў мінулую нядзелю на Беларусь, некалькі буйных гарадоў Гомельскай вобласці знаходзіліся без святла, вады, паліва і прадуктаў харчавання.
У ваюючай Украіне, пад ударамі дронаў і ракет, электразабеспячэнне аднаўляецца на працягу сутак, а ў мірнай Беларусі пры дыктатуры Лукашэнкі святло не могуць даць людзям статысячнага Мазыра больш за два дні. І гэта пры тым, што кантроль за вырашэннем праблемы ўзяў на сябе сам дыктатар. Кантроль узяў, але дапамогу не аказаў. Людзі засталіся прадастаўлены самі сабе.
Comments