Сёння, 19 верасня 2023 года, у швейцарскім горадзе Санкт-Гален пачаўся крымінальны працэс у мясцовым судзе ў дачыненні да Юрыя Гараўскага, былога ўдзельніка беларускага спецпадраздзялення САХР. На судзе прысутнічае юрыдычная каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан.
Ю. Гараўскі ўваходзіў у адмысловую групу, празваную ў народзе «эскадрон смерці», якая займалася ліквідацыяй палітычных апанентаў Лукашэнкі. Удзельніку дадзенай «групы смерці» будуць прад'яўляцца абвінавачванні ў здзяйсненні злачынстваў «гвалтоўных знікненняў».
У прыватнасці, Ю. Гараўскі абвінавачваецца ў гвалтоўным выкраданні з мая па верасень 1999 года былога Міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм'ера Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.
Гэта першы выпадак, калі грамадзянін Беларусі паўстае перад судом па ўніверсальнай юрысдыкцыі за злачынствы, звязаныя з гвалтоўным знікненнем. Гэта таксама першае прымяненне ў самой Швейцарыі спецыяльнага становішча, які ўстанаўлівае крымінальную адказнасць за гэтае злачынства.
Гэта стала магчымым дзякуючы выразнай пазіцыі Швейцарыі аб адпаведнасці сваім міжнародным абавязацельствам і гатоўнасці выкарыстоўваць існыя механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі, замацаваныя ў Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў ад 2006 года.
Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў суд над Ю. Гараўскім:
«Народнае антыкрызіснае ўпраўленне сумесна са сваімі партнёрамі ў цяперашні час вядзе працу па стымуляванні і ініцыяванні аналагічных працэсаў у Літве і Польшчы за злачынствы супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі супраць мірнага насельніцтва Беларусі з мая 2020 года.
У прыватнасці, тэма крымінальнага пераследу на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі была адной з асноўных падчас учорашніх сустрэч у Міністэрстве юстыцыі і Міністэрстве замежных спраў Літвы. Сённяшні працэс у Швейцарыі паказвае, што якім бы доўгім не было правасуддзе — яно надыходзіць. Імёны і прозвішчы забітых на загад Лукашэнкі будуць пераследаваць беларускага дыктатара.
Магчыма, гэты працэс паслужыць матывацыяй астатнім краінам забяспечыць правасуддзе для тысяч ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці, якія ўжо тры гады здзяйсняюцца ў Беларусі».
Comments